Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдвард Лукас: Забойства Нямцова можа запусьціць махавік сьмерці ў Расеі


На пахаваньні Барыса Нямцова ў Маскве 3 сакавіка 2015 году.

На пахаваньні Барыса Нямцова ў Маскве 3 сакавіка 2015 году.

Я баюся таго, што забойства Барыса Нямцова можа прадвяшчаць: або вяртаньне ў жахлівае мінулае, або падзеньне у яшчэ больш трывожную будучыню — піша вядомы брытанскі журналіст Эдвард Лукас.

Прапануем вам ўрыўкі зь ягонага артыкулу:

Гісторыя Расеі залітая крывёю і сьлязьмі, і гэта было б не ўпершыню, калі б асобнае забойства запусьціла магутны махавік сьмерці.

Найбольш відавочным прыкладам зьяўляюцца сталінскія рэпрэсіі 1930-х гадоў, у якіх загінула безьліч людзей. НКВД, як правіла, выцягвала свае ахвяры з ложкаў на досьвітку. (...)

Падставай для гэтых чыстак стала адно паказальнае забойства. Ахвярай быў гуляка Сяргей Кіраў, кіраўнік Камуністычнай партыі ў Ленінградзе.

Ён тады бачыўся як штораз большая пагроза для жорсткага і недаверлівага Іосіфа Сталіна — гэтак жа, як у 2015 годзе Барыс Нямцоў, моцны крытык кіраўніцтва Расеі, разглядаўся як небясьпечны голас супраць рэжыму Пуціна.

Будучы цьвердалобым камуністам, Кіраў усё ж лічыў, што кіраўніцтва краіны зайшло занадта далёка ў перасьледзе савецкага сялянства. І ён супраціўляўся маніякальнаму, паранаідальнаму ўзмацненьне дысцыпліны ў Камуністычнай партыі Сталіным.

Гэта каштавала яму жыцьця. У таямнічых абставінах 1 сьнежня 1934 году — пры дзіўнай нядбайнасьці яго целаахоўнікаў, у доме ў прэстыжным партыйным квартале — Кіраў быў застрэлены. (...)

Цяпер іншае забойства выклікае страх сярод звычайных грамадзян.

Барыс Нямцоў — бліскучы, абаяльны, прыгожы, сумленны і сьмелы — ня быў Кіравым. Ён быў не камуністычным апаратчыкам з акрываўленымі рукамі, але фізыкам, які пайшоў у палітыку з патрыятызму.

Ён хацеў пераадолець жудасна памылковы выбар, які Расея зрабіла ў 1917 годзе пры камуністах, і рэалізаваць яе эўрапейскую будучыню свабоды і законнасьці.

Гэта крыжовы паход каштаваў яму жыцьця, і ўжо цяпер у афіцыйнай рэакцыі на забойства спадара Нямцова чуваць злавеснае рэха мінулага.

Многія забойствы і зьбіваньні крытыкаў Крамля ў апошнія гады застаюцца нераскрытымі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін узяў расьсьледаваньне сьмерці свайго апанэнта пад асабісты кантроль. Гэта адначасова і абраза, і фарс. Многія забойствы і зьбіваньні крытыкаў Крамля ў апошнія гады застаюцца нераскрытымі сярод афіцыйнага фанфаронства, неразьбярыхі і некампэтэнтнасьці. Нічога не паказвае, што ўлады паставяцца да гэтай справы па-іншаму.

Сапраўды страшным рэхам справа Кірава адгукаецца цяпер у сродках масавай інфармацыі. Расея ўжо апынулася ў прапагандысцкім пекле, у якім расейская апазыцыя, разам зь сіяністамі, фашыстамі, пэдафіламі і ЦРУ, аказалася удзельніцай д’ябальскай змовы супраць сьвятой матухны-Расеі. (...)

Страшна падумаць, што забойства Нямцова мог арганізаваць рэжым Пуціна, каб стварыць падставу для чыстак. Але яшчэ горшы іншы варыянт: забойства ўчынілі цёмныя сілы з-па-за Крамля.

Цяжка ўявіць сабе што-небудзь больш гідкае, чым карумпаванае атачэньне Пуціна. Але ў клімаце, які яны стварылі, вырастаюць яшчэ больш гнюсныя элемэнты.

Яны ўключаюць у сябе жахлівыя легіёны дэспатычнага Рамзана Кадырава, эксцэнтрычнага правадыра Чачні. Прайграўшы вайну за аддзяленьне ад Масквы, ваяўнічыя чачэнцы зьвязалі свой лёс з Пуціным — і ў выніку атрымалі вялікі і злавесны ўплыў на расейскую палітыку.

Падобнымі па духу зьяўляюцца сэпаратысцкія баевікі ва ўсходняй Украіне. Бандыцкія ваенізаваныя фармаваньні, часта з сувязямі з арганізаванай злачыннасьцю, яны нагадваюць пакаленьні часоў канфлікту ў Паўночнай Ірляндыі. Як Ірляндзкая рэспубліканская армія і Асацыяцыя абароны Ольстэру, так і яны маюць схільнасьць да гвалту, спалучаную зь бескампраміснымі і экстрэмісцкімі палітычнымі поглядамі.

У выпадку расейскіх прыхільнікаў цьвёрдай лініі мы маем атрутны кактэйль з сталінскай настальгіі, яўнага фашызму, ультра-артадаксальнай рэлігійнасьці і лютай нянавісьці да Захаду.

У выпадку расейскіх прыхільнікаў цьвёрдай лініі мы маем атрутны кактэйль з сталінскай настальгіі, яўнага фашызму, ультра-артадаксальнай рэлігійнасьці і лютай нянавісьці да Захаду. Некаторыя зь іх таксама ўваходзяць у байкерскія банды з такімі назвамі, як Начныя ваўкі. Гэтым людзям Пуцін не ўяўляецца злавесным тыранам. Яны лічаць яго занадта мяккім.

Яны ня будуць мець найменшых згрызотаў сумленьня пасьля забойства некага накшталт Нямцова — магчыма, для іх гэта будзе спосаб прасыгналіць Крамлю, што калі рэжым не захоча паступаць цьвёрда са здраднікамі, то захочуць іншыя.

Я хацеў бы памыляцца, але ў Расеі, магчыма, пачынаецца эпоха, у параўнаньні зь якою напружанасьць у яе дачыненьнях з Захадам на працягу апошніх 15 гадоў можа падацца ўсяго дробнай замінкай.

XS
SM
MD
LG