Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП лічыць, што ўлада імкнецца расправіцца з малым бізнэсам


Аб’яднаная грамадзянская партыя разглядае ўказы № 222 і № 48 Аляксандра Лукашэнкі як «імкненьне дзейнай улады канчаткова расправіцца з малым бізнэсам».

Пра гэта гаворыцца ў заяве Палітрады АГП.

Партыя папярэджвае пра «катастрафічныя наступствы прынятых рашэньняў для бізнэсу і ўсяго беларускага народу» і заяўляе, што «асобам, адказным за падрыхтоўку і прыняцьце адпаведных дакумэнтаў, рана ці позна давядзецца несьці адказнасьць за наўмысныя дзеяньні, накіраваныя супраць інтарэсаў беларускага народа».

У АГП лічаць, што ўказ № 222 «ставіць пад пагрозу зьнішчэньня цэлы пласт беларускага грамадзтва, людзей, якія самі стварылі сабе працоўныя месцы, якія патрабуюць ад дзяржавы адзінага: не перашкаджаць ім працаваць і зарабляць сабе і сваім сем’ям на жыцьцё, плаціць падаткі і адлічэньні на пэнсійныя і сацыяльныя патрэбы».

Сытуацыя пагаршаецца ўказам № 48 аб кантролі за выкананьнем патрабаваньняў тэхнічных рэглямэнтаў.

Асабліва непрадуманымі выглядаюць гэтыя рашэньні ва ўмовах вострага эканамічнага крызісу, які суправаджаецца скарачэньнем працоўных месцаў і рэальнай заработнай платы

«Асабліва непрадуманымі выглядаюць гэтыя рашэньні ва ўмовах вострага эканамічнага крызісу, які суправаджаецца скарачэньнем працоўных месцаў і рэальнай заработнай платы. Пры гэтым, калі патрабаваньні сэртыфікацыі тавараў у адпаведнасьці з тэхнічнымі рэглямэнтамі ЭўрАзЭС можна, хоць і зь вялікай нацяжкай, апраўдаць клопатам пра здароўе грамадзян, то абавязковую наяўнасьць суправаджальных дакумэнтаў на тавар для прадпрымальнікаў, якія выплачваюць падаткі, у тым ліку і ПДВ, у фіксаваных сумах, нельга апраўдаць нічым», — гаворыцца ў заяве АГП.

Нагадаем, ад 1 сакавіка набыў моц прэзыдэнцкі ўказ № 222. Згодна зь ім гандляры мусяць мець адмысловыя сэртыфікаты на кожную адзінку тавару, які імі прадаецца. У іншым выпадку кантрольныя органы пагражаюць вялізнымі штрафамі і канфіскацыяй маёмасьці.

Прадпрымальнікі кажуць, што атрымаць суправаджальныя дакумэнты ў патрэбных аб’ёмах практычна нерэальна: большая палова тавару набываецца на аптовых рынках у Расеі, дзе ніякія сэртыфікаты не прадугледжаныя. У выніку прадпрымальнікі вымушаны спыніць працу. Яны падаюць нулявыя падатковыя дэклярацыі і не аплачваюць далейшую арэнду памяшканьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG