Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Кіргізстану: «Беларусь з 2011 году адмаўляцца выдаваць Бакіевых»


Намесьнік генэральнага пракурора Кіргізстану Людміла Ўсманава паведаміла пра судовыя працэсы ў дачыненьні да Жаныша Бакіева — былога кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы, малодшага брата былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

Жанышу Бакіеву прысуджана пажыцьцёвае зьняволеньне за арганізацыю выкраданьняў і забойстваў М. Садыркулава, М. Сьлепчанкі, К. Сулайманава, Асмонава і зьдзекі зь цела Пастухова.

Ён таксама асуджаны на 25 гадоў пазбаўленьня волі за арганізацыю разбойнага нападу на Жалал-Абадзкае абласное ўпраўленьне Нацыянальнага банку і крадзеж вялікай сумы грошай.

Жаныш Бакіеў
Жаныш Бакіеў

Яшчэ Жаныш Бакіеў асуджаны на 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці за перавышэньне службовых паўнамоцтваў і саўдзел у арганізацыі замаху на забойства грамадзяніна Вялікай Брытаніі Шона Дэйлі.

І, нарэшце, за перавышэньне службовага становішча і арганізацыю масавага расстрэлу людзей на плошчы Ала-Тоа 7 красавіка 2010 году Ж. Бакіеў быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Генэральная пракуратура Кіргізстану ў 2011 годзе пачала перапіску з Генпракуратурай Беларусі пра затрыманьне, арышт і экстрадыцыю Жаныша Бакіева ў Кіргіскую Рэспубліку.

6 кастрычніка 2011 году зь беларускай Генпракуратуры прыйшоў адказ, што ў яе няма зьвестак пра месцазнаходжаньне Жаныша Бакіева ў Рэспубліцы Беларусь. Да таго ж крымінальны перасьлед Жаныша Бакіева зьвязаны зь ягонымі палітычнымі перакананьнямі, што выключае яго выдачу для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці.

У той жа час Жаныш Бакіеў вольна шпацыраваў па цэнтры Менску, яго фатаздымкі зьявіліся ў інтэрнэце.

Пасьля гэтага было яшчэ некалькі зваротаў пракуратуры Кіргізстану з патрабаваньнямі выдаць Жаныша Бакіева, але беларускі бок адмаўляў.

Былі неаднаразовыя спробы з кіргіскага боку дамагчыся экстрадыцыі Жаныша Бакіева па дыпляматычных ды іншых каналах, накіроўваліся ноты, патрабаваньні, але таксама безвынікова, паведаміла намесьнік генпракурора Кіргізстану Людміла Ўсманава.

У красавіку 2013 году адбылася рабочая паездка прадстаўнікоў Генэральнай пракуратуры, Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі, Міністэрства ўнутраных спраў Кіргізстану ў Рэспубліку Беларусь. Быў уручаны паўторны запыт аб выдачы Жаныша Бакіева. У верасні 2013 году ў Бішкеку ў рамках Каардынацыйнай рады генпракурораў краін СНД адбылася сустрэча генпракурора Кіргізстану з генпракурорам Беларусі Аляксандрам Канюком. У верасьні 2014 году на такім жа паседжаньні ў Душанбэ генпракурору Канюку быў уручаны напамін. Аднак ніякай рэакцыі беларускага боку дагэтуль няма, — паведамляе сайт ca-news.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG