Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін уручыць у Маскве ордэн Аляксандра Неўскага «Президенту Республики Белоруссия» Аляксандру Лукашэнку. Менавіта такая фармулёўка — «Президенту Республики Белоруссия» — прапісаная ва ўказе прэзыдэнта Расеі № 577 ад 30 жніўня 2014 году.

Як гаворыцца ва ўказе Пуціна, Лукашэнка ўзнагароджаны ордэнам «за вялікі асабісты ўклад у разьвіцьцё традыцыйных сяброўскіх сувязяў паміж Расеяй і Беларусьсю, паглыбленьне двухбаковага ўзаемадзеяньня ў палітычнай, абароннай, эканамічнай і сацыяльнай сфэрах».

Памочнік расейскага прэзыдэнта Юры Ўшакоў адзначыў, што непасрэдна перад пасяджэньнем Вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі адбудзецца асобная сустрэча Лукашэнкі і Пуціна.

«Гэта будзе сустрэча тэт-а-тэт, — сказаў Ушакоў журналістам. — Пасьля яе завяршэньня плянуецца ўзнагароджваньне беларускага прэзыдэнта ордэнам Аляксандра Неўскага».

У расейскай герархіі ўзнагародаў ордэн Аляксандра Неўскага займае сёмае месца.

Найвышэйшыя ўзнагароды краіны — два званьні: «Герой Расейскай Фэдэрацыі» ды «Герой Працы Расейскай Фэдэрацыі».

У наступнай катэгорыі — «Ордэны» — на першым месцы значыцца ордэн Сьвятога апостала Андрэя Першазваннага.

Затым ідуць ордэны:

Сьвятога Георгія,
«За заслугі перад Айчынай»,
Сьвятой шматпакутніцы Кацярыны,
Аляксандра Неўскага,
іншыя.

У тлумачэньні пра ордэн Аляксандра Неўскага прапісана:

«Агульнаграмадзянская ўзнагарода грамадзянам Расейскай Фэдэрацыі, якія займаюць пасады на дзяржаўнай службе, за асобыя асабістыя заслугі перад Айчынай у справе дзяржаўнага будаўніцтва, шматгадовую добрасумленную службу і высокія вынікі, дасягнутыя імі пры выкананьні службовых абавязкаў, у справе ўмацаваньня міжнароднага аўтарытэту Расеі, абароназдольнасьці краіны, разьвіцьця эканомікі, навукі, адукацыі, культуры, мастацтва, аховы здароўя і іншыя заслугі, а таксама ўзнагароджваюцца грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі за высокія асабістыя дасягненьні ў розных галінах эканомікі, навукова-дасьледчай, сацыяльна-культурнай, адукацыйнай ды іншай грамадзка-карыснай дзейнасьці, а таксама ўручаецца відным замежным палітычным і грамадзкім дзеячам, прадстаўнікам дзелавой супольнасьці замежных дзяржаў за заслугі ў разьвіцьці шматбаковага супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй і садзейнічаньні ў яе сацыяльна-эканамічным разьвіцьці».

Акрамя Лукашэнкі, ордэнам Аляксандра Неўскага ўзнагароджаны яшчэ адзін грамадзянін Беларусі — мітрапаліт Менскі і Слуцкі, а цяпер ганаровы патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. Мітрапаліт Філарэт уганараваны ордэнам «за вялікі ўклад у разьвіцьцё сяброўскіх адносін паміж народамі і ўмацаваньне духоўных традыцыяў».

На пачатку 2015 году такім жа ордэнам Пуцін узнагародзіў таксама свайго памочніка Ўладзіслава Суркова і лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзімера Жырыноўскага.

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Мечыслаў Грыб згадвае, што ў часы Леаніда Ільіча Брэжнева на 60-годзьдзе кіраўнікоў савецкіх рэспублік звычайна ўзнагароджвалі залатой зоркай Героя Сацыялістычнай Працы. А сваіх сатэлітаў з сацыялістычнага лягеру кшталту Жыўкава, Хонэкера, Кадара ды іншых генсек КПСС адзначаў ордэнам Леніна. Тыя ж узамен прысвойвалі «дарагому Леаніду Ільічу» найвышэйшыя ўзнагароды сваіх краін:

«Тады мы ўсе былі адзінай краінай — СССР. А цяпер мы незалежныя і самастойныя краіны.

Я думаю, што ў нашага кіраўніка яшчэ ёсьць усе шанцы павысіць свой статус і дасягнуць найвышэйшай узнагароды Расеі. Хай імкнецца, хай стараецца. А то калі цяпер дадуць самую высокую, то „на пасьля“ нічога не застанецца. Пасьля яе даваць меншую ўжо нязручна, праўда? А так яшчэ сем рангаў. Хай расьце».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG