Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 3 сакавіка: У Маскве пахаваньне Нямцова і сустрэча Лукашэнкі ды Пуціна; у Менску аўкцыён у падтрымку кнігарні «логвінаЎ»


"Чырвоны касьцёл". Менск праз аб'ектыў GoPro. аўтар: Дзяніс Пучко

"Чырвоны касьцёл". Менск праз аб'ектыў GoPro. аўтар: Дзяніс Пучко

Падзеі і даты новага дня.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

Сусьветны дзень пісьменьніка.

У Маскве пройдзе пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі» з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна

На Траякураўскіх могілках у Маскве адбудзецца пахаваньне Барыса Нямцова.

2 сакавіка людзі працягвалі прыносіць кветкі да месца забойства Барыса Нямцова ў Маскве.

2 сакавіка людзі працягвалі прыносіць кветкі да месца забойства Барыса Нямцова ў Маскве.

У Менску пройдуць дыпляматычныя кансультацыі паміж намесьніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной і намесьнікам міністра замежных спраў Італіі Бэнэдэта Дэла Вэдова.

У кнігарні «логвінаЎ» (пр. Незалежнасьці, 37а) пройдзе мастацкі онлайн-аўкцыён у падтрымку кнігарні "Логвінаў" з удзелам пісьменьніка Віктара Марціновіча.

У гісторыі:

1067 – адбылася бітва на рацэ Нямізе паміж войскам Усяслава Чарадзея і злучанымі дружынамі князёў Кіеўскай Pyci. Дзякуючы той бітве ў летапісах упершыню згадваецца Менеск (Менск).

1837 - ЗША прызналі незалежнасьць рэспублікі Тэхас.

1845 - Флорыда ўвайшла ў склад ЗША

1861 – у Расейскай імпэрыі скасаваны прыгон: Аляксандар II выдаў маніфэст аб вызваленьні сялянаў.

1878 - Паміж Расейскай і Асманскай імпэрыямі быў падпісаны Сан-Стэфанскі мір.

1918 – падпісаны Берасьцейскі мір паміж Расеяй і Нямеччынай. Беларускія дзеячы пратэставалі супраць фактычнага падзелу тэрыторыі Беларусі. Паводле ўмоваў міру Расея адмаўлялася ад часткі тэрыторыі Беларусі па лініі Дзьвінск – Сьвянцяны – Ліда – Пружаны – Берасьце.

1933 – у Патсдаме канцлер Нямеччыны Адольф Гітлер абвясьціў пра ўтварэньне «Трэцяга райху».

1991 – на рэфэрэндуме ў Латвіі 74% жыхарства прагаласавалі за незалежнасьць ад СССР, у Эстоніі – 83%.

У гэты дзень нарадзіліся:

1843 – Аляксандар Грэм Бэл, амэрыканскі навуковец, вынаходнiк тэлефона.

1899 – Юры Алеша, савецкі пісьменьнік, які паходзіў са зьбяднелай беларускай шляхты.

1935 - Жэлю Жэлеў, першы прэзыдэнт посткамуністычнай Баўгарыі

1942 – Уладзімер Кавалёнак, беларускі касманаўт.

1953 - Валер Масьлюк, беларускі рэжысёр

У гэты дзень памерлі:

1767 – Ян Глаўбіц, клясык беларускай архітэктуры.

1900 – Валенці Швыкоўскі, маршалак пружанскі, удзельнік паўстаньня 1863 году, мэцэнат.

1944 – Францішак Аляхновіч, беларускі пісьменьнік.

1953 – Мікола Равенскі, беларускі кампазытар.

Цытата:

Калі адны дзьверы зачыняюцца, адчыняюцца іншыя. А мы часта з такой прагнай увагай глядзім на дзьверы, якія зачыняюцца, што зусім не заўважаем тыя, якія адчыняюцца.

Аляксандар Грэм Бэл

XS
SM
MD
LG