Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка прысвоіў Саўчанцы званьне Героя Ўкраіны


Надзея Саўчанка ў Маскоўскім судзе 10 лютага

Надзея Саўчанка ў Маскоўскім судзе 10 лютага

Прэзыдэнт Пятро Парашэнка прысвоіў народнаму дэпутату Ўкраіны, чальцу дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Надзеі Саўчанцы званьне «Герой Украіны». Пра гэта паведамляе прэсавая служба кіраўніка Ўкраіны.

«Надзея ёсьць сымбалем нязломнасьці ўкраінскага духу і гераізму, сымбалем таго, як трэба абараняць і любіць Украіну. Сымбалем нашай перамогі », — заявіў Парашэнка.

«Мы зробім усё магчымае для таго, каб вызваліць вас з палону. Я вельмі спадзяюся, што буду мець магчымасьць уручыць вам «Залатую Зорку Героя Украіны,» — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны ў звароце да Саўчанкі.

Парашэнка дадаў, што Надзея Саўчанка «зьяўляецца сымбалем таго, як шмат залежыць ад аднаго чалавека».

2 сакавіка — 80-ы дзень галадоўкі Надзеі Саўчанкі ў знак пратэсту супраць яе зьняволеньня на тэрыторыі Расеі. Украінскі амбудсмэн сёньня зьвярнулася да кіраўніцтва сьледчага камітэту Расеі з заклікам зьмяніць меру стрыманьня Саўчанцы, якую зь ліпеня мінулага году ўтрымліваюць за кратамі.

У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў у Данбасе. У канцы чэрвеня сэпаратысты захапілі яго ў палон, перавезьлі празь мяжу і перадалі расейскім сілавікам. Пасьля гэтага Саўчанку ўзялі пад варту ў Расеі. Па дадзеных абароны, яна не магла быць датычная да гібелі журналістаў, паколькі трапіла ў палон да іх сьмерці. Саўчанка усе абвінавачваньні адхіляе.

У канцы студзеня сьледчыя паведамілі Саўчанцы аб адкрыцьці супраць яе новай крымінальнай справы — аб незаконным перасячэньні мяжы.

XS
SM
MD
LG