Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Федарэнка атрымаў прэмію «Гліняны Вялес»: Прыемна, што на маё пакаленьне зьвяртаюць увагу


Андрэй Федарэнка

Андрэй Федарэнка

Пісьменьнік Андрэй Федарэнка атрымаў прэмію «Гліняны Вялес» за кнігу «Ціша». Андрэй Федарэнка сказаў, што даведаўся пра гэта ад карэспандэнта Свабоды. Яго першая рэакцыя:

«Ну, мне бардзо міло».

Ён кажа, што гэта ня першая ў яго прэмія.

«У мяне былі прэміі імя Івана Мележа, яшчэ СССР-аўская за найлепшае апавяданьне сярод маладых пісьменьнікаў. Трэцяе месца на Гедройцю. Было некалькі драматургічных прэміяў. Але гэта было так даўно, што стала няпраўдай».

Карэспандэнт: «І вось вас знайшла прэмія „Гліняны Вялес“».

Федарэнка: «Мне прыемна, што на маё пакаленьне зьвяртаюць увагу. Я выдаў кнігу „Ціша“, не было ніводнай прэзэнтацыі. І я ніколі не прапаноўваю свае кнігі на прэміі. Але на прэміі я стараюся не зьвяртаць увагі. Вядома, ёсьць нейкі стымул для творчасьці. Але калі на гэта пачаць зьвяртаць увагу, гэтаму канца ня будзе. Мы бачым, што па прэміі Гедройця робіцца. А робіцца самапіяраньне, замест таго каб пісаць у цішы кабінэта, а ў каго няма, дык на кухні. Гэта проста марская вада, якой няможна будзе напіцца. Яно прыемна, і ня больш. А тады зноў — дастаў чарнавікі, адкрыў ноўтбук — і ўперад, як нічога і не было. Калі ў каго ёсьць што сказаць іншым. А калі няма, то трэба і памаўчаць».

У шорт-ліст «Глінянага Вялеса» ўвайшлі таксама кнігі Тацяны Барысік «Жанчына і леапард», Аляксандра І. Бацкеля «Маёнтак Рыбы», Віктара Марціновіча «Мова», Тацяны Нядбай «Сырэны сьпяваюць джаз», Аляксея Палачанскага «Цьвік», Сержука Сыса «Павук».

У ранейшыя гады «Глінянага Вялеса» атрымлівалі Эдуард Акулін, Сяргей Рублеўскі, Аляксандар Лукашук, Уладзімер Някляеў, Альгерд Бахарэвіч, Валянцін Акудовіч і іншыя.

Літаратурная прэмія «Гліняны Вялес» заснаваная Таварыствам вольных літаратараў у 1993 годзе. Уручаецца штогод, але стаць ляўрэатам можна толькі аднойчы.

XS
SM
MD
LG