Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі ня вераць словам уладаў і чакаюць зьменаў


Праца значнай часткі гандлёвых цэнтраў і рынкаў у Беларусі паралізаваная, прадпрымальнікі падаюць нулявыя падатковыя дэклярацыі і не аплачваюць далейшую арэнду памяшканьняў.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў за некалькі гадзін да свайго затрыманьня.

Працу спынілі «іпэшнікі», якія сплачваюць адзіны падатак і якіх наўпрост закранае прэзыдэнцкі ўказ № 222.

Нагадаем, ад 1 сакавіка набыў моц прэзыдэнцкі ўказ № 222. Згодна зь ім гандляры мусяць мець адмысловыя сэртыфікаты на кожную адзінку тавару, які імі прадаецца. У іншым выпадку кантрольныя органы пагражаюць вялізнымі штрафамі і канфіскацыяй маёмасьці.

Сэртыфікаты на большасьць тавараў — адзеньне, абутак, галянтарэю, бялізну — прадпрымальнікі ў Расеі атрымаць ня могуць, таму вымушаны адмаўляцца ад працы, тлумачыць Макаеў.

У суботу намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Круты выступіў з заявай, у якой паабяцаў, што санкцыі ў адносінах да прадпрымальнікаў, якія ня маюць дакумэнтаў на тавары лёгкай прамысловасьці, прымяняцца ня будуць. Круты заклікаў прадпрымальнікаў працягваць працаваць.

Але прадпрымальнікі ня вераць заявам намесьніка міністра і чакаюць афіцыйнага дакумэнту. Макаеў адзначае, што гэта наагул дзіўная сытуацыя, калі ўлады заклікаюць парушаць закон, які яшчэ ніхто не адмяняў.

Тым больш — яшчэ невядома, які будзе новы, абяцаны ўладамі ўказ. Як тлумачыць Макаеў, раней сярэдняя стаўка падатку ў прадпрымальнікаў складала 520 тысяч беларускіх рублёў з каэфіцыентам 2 за імпартныя тавары і яшчэ 2 — за падатак на дададзеную вартасьць. З сакавіка стаўка паднялася да 600 тысяч рублёў, а каэфіцыент паводле новага ўказу можа быць павышаны да 6. У выніку гэта будзе непад’ёмная сума нават для нябедных прадпрымальнікаў.

Алесь Макаеў

Алесь Макаеў

Паводле Макаева, сярод прадпрымальнікаў сёньня пануюць вельмі пэсымістычныя настроі:

«Настрой жахлівы, бо гандлю няма. Людзі вымушаны падаць нулявыя дэклярацыі, бо не жадаюць быць парушальнікамі ў сёньняшні момант. Хтосьці зьехаў, хтосьці чакае, што ўсё памяняецца — дадуць закон, дадуць нейкую паперу».

У суботу, на сходах прадпрымальнікаў гучалі нават заклікі выходзіць 1 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу, але да гэтага справа так і не дайшла.

Між тым на сходах прадпрымальнікаў была агучана ідэя зьвярнуцца ў суд Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Калі стваралі Мытны саюз, казалі, што любая заканатворчасьць не павінна прывесьці да пагаршэньня стану суб’ектаў гаспадараньня.

«Калі стваралі Мытны саюз, казалі, што любая заканатворчасьць не павінна прывесьці да пагаршэньня стану суб’ектаў гаспадараньня. А тут нормы гэтага закону фактычна забараняюць працу, ня тое што пагаршаюць. Калектыўны пазоў прадпрымальнікаў у суд дасьць магчымасьць спыніць дзеяньне ўказу № 222, пакуль у судзе справа будзе разглядацца. Прадпрымальнікі гэтую ідэю падтрымалі», — распавядае Макаеў.

Прадпрымальнікі таксама патрабуюць эфіру на беларускім тэлебачаньні, дзе яны б маглі ўступіць у адкрытую дыскусію з чыноўнікамі, якія распрацоўвалі ўказ № 222.

Паводле слоў Макаева, сёньняшняя сытуацыя вельмі кепская і для ўладаў, бо людзі ня плацяць падаткі, не аплочваюць арэнду памяшканьняў. Улады таксама хвалюе магчымасьць пратэстаў.

«Як толькі пачулі заклікі на Плошчу, адразу праз гадзіну на беларускіх тэлеканалах зьявілася заява Крутога, што яны сабралі працоўную групу, якая быццам перадасьць у панядзелак паперу ва ўрад, каб легалізаваць рэшткі тавараў і прадпрымальнікі маглі далей працаваць».

XS
SM
MD
LG