Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Вуліца Беларуская тоне ў брудзе


На вуліцы Беларускай
На вуліцы Беларускай

Рэпартаж з магілёўскай ускраіны, дзе маленькая вуліца Беларуская схавалася ў перапляценьні нашмат большых за яе вуліц Омскай, Томскай і Маскоўскай.

Вуліцы зь беларускімі назвамі ў беларускіх гарадах — найчасьцей на ўскраінах. Гарадзкія цэнтры захоўваюць памяць пра савецкае мінулае. Магілёў — не выключэньне. У аддаленых старых раёнах гораду знойдуцца непрыкметныя вулкі Янкі Купалы ці Максіма Багдановіча. Схаваная ад вачэй і вуліца Беларуская. Яна нібыта адлюстраваньне стану беларускасьці ў гэтым беларускім горадзе.

На вуліцы Беларускай
На вуліцы Беларускай

Вуліца Беларуская знаходзіцца ў мікрараёне, які магілёўцы здавён называюць Чапаеўкай. Паселішча з выгляду не падобнае да гарадзкога. Забудаванае яно спрэс прыватнымі дамамі, пераважна драўлянымі. На вуліцы Беларускай 38 дамоў. Яе працягласьць — блізу пяцісот мэтраў. Месцамі вясновая слота зрабіла дарогу між хатамі дужа гразкай: прайсьці, не запэцкаўшы ног, — за шчасьце. Ходніка няма, а праезная частка ніколі ня ведала ні бруку, ні асфальту. Нядзельнай раніцай на вуліцы ні душы.

На вуліцы Беларускай
На вуліцы Беларускай

На пытаньне, як жывецца на вуліцы з патрыятычнай назвай, адказаў мужчына сталага веку:

«Ніякая яна не патрыятычная. Нармальная назва — Беларуская. Ня Кірава, ня Леніна, а Беларуская. У нас павінен быць праспэкт Быкава. А не як тут — Омская, Томская. У Магілёве нават ня ведаюць, дзе гэта вуліца Беларуская. Яна маленькая. Вы ж самі бачыце. Але гонар, што на ёй жыву, у мяне ёсьць».

Сучасная цагляная сучаснасьць зь драўлянай мінуўшчынай вуліцы Беларускай
Сучасная цагляная сучаснасьць зь драўлянай мінуўшчынай вуліцы Беларускай

Крыху паразважаўшы, суразмоўца дадаў, што адчувае і сорам, што вуліца з такой назвай — на гарадзкім ускрайку:

«У нас жа вуліцы названыя імёнамі асобаў, якія ніякага дачыненьня да Беларусі ня маюць, у цэнтры. А вось народныя, нацыянальныя... Вы ж самі разумееце...»

Два варыянты напісаньня назвы вуліцы на шыльдах: «Белорусская» і Беларусская».
Два варыянты напісаньня назвы вуліцы на шыльдах: «Белорусская» і Беларусская».

Суразмоўца заўважыў, што гады чатыры таму на гэтай вуліцы наагул не было як ступіць у вясновую пару:

«Тут, як старыя казалі, усё будавалася на балоце. Вы паглядзіце, дамы ніжэй за дарогу. Але дарога нармальная. Трыццаць-сорак гадоў таму тут у паводку людзі да дамоў на лодках падплывалі. І цяпер, калі залева, то можна назіраць такую сытуацыю».

Суразмоўца кажа, што жыве тут з канца пяцідзясятых. За прамінулы час адно пакаленьне жыхароў зьмянялася другім. Хаты перабудоўваліся, але вуліца мянялася мала.

Два варыянты напісаньня назвы вуліцы на шыльдах: «Белорусская» і Беларусская».
Два варыянты напісаньня назвы вуліцы на шыльдах: «Белорусская» і Беларусская».

Іншы суразмоўца на пытаньне, ці ганарыцца ён, што жыве на вуліцы Беларускай, адказвае: «А як жа!»

«Праз усё жыцьцё адчуваецца, што Беларуская вуліца ёсьць Беларускай вуліцай. А чаго яна на ўскрайку? Нават дарога ў нас добрая. Гэта цяпер гразка стала, а так добра тут. Проста трэба прывыкнуць жыць тут. У цэнтры тлум, а тут усё расьцьвіце хутка, і стане добра. Крамы тут наўкола».

Маладая жанчына выйшла на прагулянку зь дзіцем:

Жывецца тут, як і ўсюды. Толькі што вось называецца вуліца Беларуская. Кожны ж дзень пра вуліцу ня думаеш.

«Жывецца тут, як і ўсюды. Толькі што вось называецца вуліца Беларуская. Кожны ж дзень пра вуліцу ня думаеш. Многія дзівяцца, што вуліца гэтак называецца. Пытаюцца — а дзе такая вуліца? Многа ў нас прыватнага сэктару, дык многія ня ведаюць».

Тое, што Беларуская вуліца такая гразкая, суразмоўцу абурае:

«Вось гэта, вядома ж, дужа кепска. Усё тут патапіла, дык цяпер не прайсьці. Зь дзецьмі ня выйсьці пагуляць. Раз на год трактар пусьцяць, але толку ад яго... Ён параўнуе дарогу, а потым дождж — і ўсё залівае».

Паўгода таму мясцовыя жыхары ўзьняліся супраць недагледжанасьці тутэйшых вуліц. На іх выклік зьехаліся чыноўнікі і дэпутаты. Шмат абяцалі, але з таго мала што зрабілі. Пагутарыўшы з журналістам, мясцовыя людзі прасілі яго нагадаць уладзе пра тыя абяцаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG