Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная прэса: Забойства Нямцова не раскрыюць


Сусьветная прэса працягвае абмяркоўваць і камэнтаваць забойства Барыса Нямцова ў Маскве 27 лютага. Прапануем кароткую падборку водгукаў зь некаторых амэрыканскіх і эўрапейскіх газэтаў.

The New York Times

«Можам быць упэўненыя, што расьсьледаваньне [справы Нямцова] абсалютна ні да чога не давядзе. У найлепшым выпадку перад судзьдзёю паставяць нейкага дурня, меркаванага выканаўцу, ахвярнага казла за некага нашмат больш уплывовага. Больш верагодна, што справа забуксуе на гады пад абяцаньні, што ўсе цяжка працуюць над раскрыцьцём забойства, а ў выніку наагул ніхто ня будзе прыцягнуты да адказнасьці» — напісала Джулія Ёфэ ў The New York Times.

На думку Ёфэ, сёньня ў Расеі «шалёны нацыяналізм паглынуў амаль усю краіну, і ўжо невядома, ці Пуцін можа яго кантраляваць».

«У падобнай атмасфэры магчыма ўсё. Гэта атмасфэра Ваймарскай рэспублікі. Ніякіх межаў болей няма» — аўтарка цытуе словы палітоляга Глеба Паўлоўскага.

The Wall Street Journal

«Уладзімір Пуцін насамрэч пачаў і закончыў расьсьледаваньне ў момант, калі цела Барыса Нямцова яшчэ не астыла — ён назваў гэтае забойства правакацыяй» — напісаў у The Wall Street Journal Гары Каспараў.

Заяўляючы, што Пуцін стварыў у Расеі «культуру сьмерці і страху», Каспараў адзначыў:

«Мы ня можам дакладна прадбачыць, які жах чакае нас цяпер, мы толькі ведаем, што будуць новыя жахі, пакуль прэзыдэнт Пуцін застаецца пры ўладзе. Яго кіраваньне закончыцца толькі ў тым выпадку, калі расейскі народ і эліта ўсьвядомяць: пакуль ён пры ўладзе, у іх няма будучыні».

The Economist

«Хто нясе адказнасьць за забойства спадара Нямцова — гэта толькі частка пытаньня. Ня менш важным зьяўляецца і тое, як Крэмль выкарыстае яго сьмерць. Як напісаў гісторык культуры Міхаіл Ямпольскі на сваёй старонцы ў фэйсбуку, „нельга выключаць магчымасьці таго, што расстрэл Нямцова можа стаць для Расеі чымсьці накшталт забойства Кірава“. Гаворка ідзе пра Сяргея Кірава, харызматычнага лідэра бальшавікоў, якога забілі ў 1934 годзе ў Смольным. Сталін выкарыстаў забойства Кірава ў якасьці падставы для пачатку масавых рэпрэсій» — піша брытанскі The Economist. І дадае:

«У сучаснай Расеі няма такой ідэалягічнай або рэпрэсіўнай машыны, якая магла б параўнацца з машынай 1930-х гадоў. Спадар Нямцоў не ўяўляў сабой сур’ёзнай пагрозы рэжыму. Аднак сёньня ў Расеі ёсьць мноства нягоднікаў, пра якіх Дастаеўскі пісаў у сваіх „Бесах“, прароцкім рамане аб маральнай дэградацыі і палітычным тэрарызьме. „Але адно або два пакаленьні распусты цяпер неабходныя — тлумачыць галоўны правакатар у рамане Пётр Верхавенскі, — распусты нечуванай, подленькай, калі чалавек абарочваецца ў агідную, баязьлівую, жорсткую, эгаістычную брыду... вось чаго нам трэба! А тут яшчэ сьвежанькай крыві падпусьціць, каб прызвычаіўся“».

Süddeutsche Zeitung

«Забойства Нямцова можа стаць паваротным пунктам. Толькі невядома, у які бок. Расейская апазыцыя можа насамрэч замоўкнуць, баючыся, што наступствам для яе будзе не перасьлед, а сьмерць. Забойства таксама можа адплюшчыць вочы на тое, што плюралізм, канкурэнцыя меркаваньняў зьяўляецца каштоўнасьцю. Для Расеі, штораз больш ізаляванай і ў бядотным эканамічным становішчы, палітычная канкурэнцыя патрэбная як ніколі раней» — піша Süddeutsche Zeitung ў матэрыяле пад загалоўкам «У кіпцюрах страху».

Frankfurter Allgemeine Zeitung

«Шок пасьля забойства лідэра расейскай апазыцыі Нямцова надзвычай глыбокі. Апазыцыі трэба нанова паставіць свае шыхты і адначасова падумаць пра ўласную бясьпеку. Многія лічаць, што гэтая справа ня будзе раскрытая — як і папярэднія забойствы іншых апанэнтаў Крамля» — падсумоўвае атмасфэру сярод расейскай апазыцыі Frankfurter Allgemeine Zeitung.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG