Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія «кансэрванты» на шляху да зьменаў


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Дзьве падзеі адбыліся зь невялікай адлегласьцю ў часе. У Гомелі забаранілі выставу за слова «шляхта». А ў цэнтры Кіева адкрылася выстава трафэйнай расейскай вайсковай тэхнікі з Данбасу.

У Гомелі дырэктарка музэю адцэнзуравала шляхту як ідэалягічна падазроны, як ёй падалося, элемэнт даўнейшай гісторыі Беларусі. А ў Кіеве адбылося тое, што ўжо стварае новую – чацьвертую за апошнія сто гадоў – гісторыю Ўкраіны.

На старце мы былі ў аднолькавай з украінцамі сытуацыі за стагодзьдзе: царская Расея, СССР, постсавецкія гады... Для Ўкраіны вось ужо чацьверты этап – вайна за незалежнасьць са зьнешнім ворагам, і перафарматаваньне грамадзтва ўнутры краіны.

У нас няма наўпроставай пераемнасьці з цывілізацыяй, якая была да бальшавікоў. Шляхта зьнікла ў эміграцыі ці ў Сыбіры. Нацысты зьнішчылі габрэйскія асяродкі гарадоў, а хто выжыў пасьля, збольшага эміграваў. Камуністы зьнішчылі беларускую культурную эліту 1920-30 гадоў, а таксама эліту сялянства, якую мы сёньня назвалі б фэрмэрамі.

Вядома, дзесьці ў кагосьці праз расповеды дзядоў ёсьць зьвесткі пра тую цывілізацыю, але на ўзроўні краіны – няма. Няма пераемнасьці. Такой, як у Заходняй Эўропе, напрыклад.

Мы не пераадольваем разрыў, гэта немагчыма. Мы вучым гісторыю, і шукаем у ёй арыенціры для нашага сёньняшняга штодзённага жыцьця. Шукаць, знаходзіць, будаваць – гэта шлях. Такі сабе шлях самурая, ёга душы. Штохвіліннае практыкаваньне. А разам – маральны выбар.

Можна спакойна назіраць, як шляхецкія сядзібы сотнямі трушчацца ад часу, выконваючы функцыі кароўніка, закінутага Дому культуры ці аварыйнага жылога дому.

А можна спрабаваць іх выратаваць, прыцягнуўшы да праблемы ўвагу выставай, як у Гомелі.

А можна арыенціры не шукаць, карыстацца тым, што ёсьць. Дзесьці штосьці ўзгадаць са школьных заняткаў у далёкіх 1960-х, што распавядалі пра шляхту як «ворагаў простага народу», і забараніць.

У Беларусі ідзе павольная прыцірка людзей, якія шукаць, і якія не шукаюць. Бо дыялёг можа адбывацца хоць бы для пачатку між тымі, хто штосьці ведае.

Ня факт, што пошукі прыводзяць да адной думкі. Але тыя, хто шукае арыенціры для маральнага выбару ва ўсё гісторыі Беларусі, маюць перавагу – багацьце інструмэнтарыя.

Каб выбіраць з арыенціраў, трэба ведаць поўны сьпіс.

Таму вялікая частка працы беларусабудаўнікоў – асьветніцкая.

Калі ў канцы 1980-х цяжка было ўявіць, што неўзабаве нацыянальная сымболіка залунае над незалежнай краінай, то ўсяго чатыры-пяць гадоў таму цяжка было ўявіць, што на дзяржаўным ТВ у ток-шоў афіцыйныя ідэолягі будуць разьбіраць, што такое нацыяналізм, і што ня трэба гэтае слова ўжываць толькі ў адмоўным кантэксьце.

Наша непасрэдная пераемнасьць – нашы дзяды і бабулі. Якія шмат не распавядалі, бо жыцьцё пад Сталіным навучыла трымаць рот на замку.

Адзінае жывое пераемнае і нязьменнае – гэта беларуская мова.

Пасьля дзясяткаў гадоў зьнішчэньня элітаў і татальнай русіфікацыі сёньня нават не валоданьне беларускай мовай, а стаўленьне да яе ёсьць маркерам цывілізацыйнага выбару чалавека.

Для кагосьці, апроч беларускай мовы, важныя рыцары, магнаты, тэатры, друкарні, перамогі над зьнешнімі ворагамі, дасягненьні ў навуцы.

Для кагосьці: спрычыненасьць да вялікай імпэрыі: першай (царскай), другой (савецкай), трэцяй (сучаснай), дзе таксама былі свае дасягненьні, але не зьвязаныя непасрэдна з тваімі продкамі.

У Беларусі няма аніякага працягу СССР, інакш бы першай справай забаранілі капіталістычныя адносіны.

У Беларусі цяпер пэрыяд закруткі – кансэрвацыі. Як, бывае, у слоік накладуць усялякага рознага, закатаюць, і чакаюць.

Я ня ведаю, як доўга пратрывае ў Кіеве выстава трафэйнай расейскай тэхнікі. На добры лад, украінцам трэба будзе ствараць музэй Вайны за Незалежнасьць. І ў Дзень Перамогі несьці кветкі да тысяч помнікаў загінулых абаронцаў Айчыны.

У Расеі робяць выгляд, што тэхніка ў Кіеве ня іхная. Але агрэсія ва Ўкраіну зьмяняе Расею штодня: палітычна, эканамічна, сацыяльна.

Беларусь таксама зьмяняецца. Дакладней, беларусы. Хто шукае адказы, хто – не адхіляецца ад лініі кансэрвацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG