Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка забойства Барыса Нямцова зьнікла


Консул Украіны ў Маскве Генадзь Брэскаленка паведаміў аб тым, што месца знаходжаньня грамадзянкі Ўкраіны Ганны Дурыцкай, якая суправаджала расейскага апазыцыянера Барыса Нямцова пад час забойства, пакуль невядома.

Па словах консула, які прыбыў у Сьледчы камітэт Расеі, сустрэцца з 23-гадовай дзяўчынай яму не ўдалося.

Дыплямат заявіў, што Дурыцкая ў статусе сьведкі мае права пакінуць межы Расеі, паколькі не зьяўляецца яе грамадзянкай.

«Паколькі Дурыцкая знаходзіцца ў статусе сьведкі, яна можа бесьперашкодна паехаць дадому ва Ўкраіну», — заявіў Генадзь Брэскаленка.

У той жа час народны дэпутат ад партыі «Народны фронт» Астап Семярак у камэнтары Радыё Свабода пацьвердзіў, што пытаньне пра месцазнаходжаньне Ганны Дурыцкай знаходзіцца на кантролі ўкраінскага консула ў Маскве. Паводле слоў дэпутата, да яго зьвярнуліся сваякі дзяўчыны, якія сьцьвярджаюць, што ня ведаюць, дзе яна цяпер знаходзіцца.

Яна кажа, што яе павезьлі на нейкую кватэру. Там ёсьць ахова. Пакінуць гэтае памяшканьне ёй не дазваляюць.

«Яна кажа, што яе павезьлі на нейкую кватэру. Там ёсьць ахова. Пакінуць гэтае памяшканьне ёй не дазваляюць», — распавёў Астап Семярак са спасылкай на словы сваякоў дзяўчыны.

Дэпутат таксама адзначыў, што Ганна пэрыядычна выходзіць на сувязь, але ня ведае, дзе яе трымаюць. Сьледчы камітэт Расеі пакуль інфармацыю не камэнтуе.

Барыса Нямцова забілі позна ўвечары 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосьце ў Маскве недалёка ад Крамля. Паліцыя расьсьледуе факт па артыкуле аб забойстве.

XS
SM
MD
LG