Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэры ў Беларусі, Ізраілі, Польшчы і Літве дапамагаюць украінцам ВІДЭА

  • Тэлеканал Белсат

Пакуль палітыкі вядуць дыпляматычныя гульні, дзейнічаюць шараговыя грамадзяне. Ня толькі ўкраінцы, але і тыя, каго вайна на Данбасе не датычыцца наўпрост. У розных кутках сьвету зьявіліся валянтэрскія арганізацыі, што дасылаюць ва Ўкраіну грошы, абсталяваньне ды мэдыкамэнты, даглядаюць параненых жаўнераў, што ляжаць у замежных шпіталях. Навошта замежнікі гэта робяць?

Прыцэліўся, стрэліў, пабег. Гэта не палігон на Данбасе, гэта курсы вайсковых інструктараў у Літве. На грошы, сабраныя ў прыватных асобаў, арганізацыя «Blue/Yellow» наняла выкладнікаў, каб трэніраваць украінцаў бою паводле натаўскіх стандартаў, каб тыя пазней перадалі веды ў сваіх вайсковых падразьдзяленьнях. «Blue/Yellow» — гэта суполка літоўцаў, якія прынялі блізка да сэрца расейскія танкі на Данбасе. Група паўгоду як актыўна дапамагае Ўкраіне.

Самыя розныя людзі, адмыслоўцы ў розных галінах, дапамагаюць не ўкраінскаму Генштабу, а непасрэдна ўкраінскім жаўнерам. Купляюць і перадаюць на фронт маскхалаты, берцы, каскі і бронекамізэлькі, ды нават ваенную оптыку.

«Літоўцы цудоўна разумеюць, што такое Расея, і што патэнцыйна значыць гэтая сытуацыя для Літвы, для балтыйскіх краінаў», — гаворыць Ёнас Оман з суполкі «Blue/Yellow».

Беларусы таксама разумеюць, але дзейнічаюць больш асьцярожна. Валянтэры ў Гомлі і Менску зьбіраюць грошы, на якія потым купляюць ва Ўкраіне мэдыкамэнты. І хоць у нас і не адбываецца мітынгаў у падтрымку Ўкраіны, дзякуючы і беларусам таксама палявыя мэдыкі ратуюць жыцьці параненым.

«Даюць вельмі розныя сумы, ад 10 тысячаў да 5 мільёнаў рублёў адразу. І вельмі розныя людзі, пачынаючы ад дзяўчын у дэкрэтным адпачынку, сканчваючы бізнэсоўцамі на вельмі крутых аўто», — распавёў «Белсату» беларускі валянтэр Андрэй Стрыжак.

Да кампаніі далучыўся таксама Ізраіль. Усё пачалося з групы ў Фэйсбуку, дзе ізраільцяне арганізоўвалі пад украінскай і расейскай амбасадай мітынгі ў падтрымку Майдану. Пасьля расстрэлу Майдану «Ізраільскія сябры Ўкраіны» арганізавалі прыём і лекаваньне параненых з Кіева — у Рэхавот, Тэль Авіў, Іерусалім. Паступова замест майданаўцаў у шпіталі сталі прыяжджаць цяжкапараненыя байцы АТО. А з Ізраілю ва Ўкраіну рэгулярна лятае каштоўны груз.

З Майдану пачалася гісторыя двух варшаўскіх арганізацыяў. «Украінскі Сьвет» — згуртаваньне дыяспары ўкраінцаў, і польскі фонд «Адкрыты дыялёг» разам дапамагаюць уцекачам у Польшчу. Юрыдычныя кансультацыі, псыхалягічная дапамога, пошук працы, збор вопраткі для сем’яў, якія з пустымі рукамі ўцякалі з Данбасу. «Рэчы для дзіцяці, якія людзі прыносяць. Часта ўкраінцы, часта палякі, часта беларусы, каторыя жывуць тут», — распавядае Натальля Панчанка з «Украінскага сьвету».

А для байцоў АТО тут купляюць лекі, бронекамізэлькі, кеўларавыя каскі ды нават аўтамабілі-ўседарожнікі, з якіх у Кіеве потым зробяць паўнавартасныя ган-тракі. Напрыклад, грошы на вось гэтыя 7 касак сабралі варшаўскія беларусы. Усё сабранае перадаюць наўпрост на фронт, у рукі байцоў, каб абмінуць прасякнутыя карупцыяй і крадзяжом тылавыя склады.

Украінская дзяржава аказалася абсалютна не гатовая да вайны. У выніку першымі адпор агрэсару далі добраахвотніцкія батальёны, якіх зьбіралі на фронт не прапаршчыкі-тылавікі, а валянтэры, на грошы простых украінцаў, пры дапамозе грамадзянаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны ды нават Ізраілю.

Яшчэ адна прычына, чаму многія замежнікі дапамагаюць валянтэрам дапамагаць украінскаму войску — яны кажуць: лепш мы сёньня купім каскі ўкраінцам, чым заўтра будзем вымушаныя апранаць іх самі, калі да нас прыйдуць «зялёныя чалавечкі» з Расеі.

Яраслаў Сьцешык, «Белсат»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG