Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: Не зьдзіўлюся, калі пасьля Нямцова сьпіс будзе пашырацца


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч часьцяком сустракаўся з Барысам Нямцовым на розных этапах ягонай кар’еры — спачатку калі працаваў ва ўрадзе і быў губэрнатарам Ніжагародзкай вобласьці, а потым — як актыўна заняўся палітычнай дзейнасьцю:

«Я шмат разоў сустракаўся з Барысам Нямцовым: і калі ён быў віцэ-прэм’ерам, і калі ён быў вельмі блізкім чалавека да Ельцына, і пасьля таго. Апошні раз мы бачыліся ў Вільні дзесьці год таму. Я яго, магу шчыра сказаць, добра ведаю. Гэта сумленны, прыстойны, годны чалавек. Таму ў гэтай сувязі трэба падкрэсьліць адно: адбываецца тое, што і мусіць адбывацца ў фашысцкай дзяржаве. Расея пачала надаваць надзвычай слабую ўвагу бясьпецы ўласных грамадзянаў, а займаецца замежнымі правакацыямі, замежнымі заваёвамі, і ўсе яе сілы, якія павінны гарантаваць бясьпеку грамадзянаў, мабілізаваныя на гэта.

Згадваю, хто ў Расеі загінуў зь ліку маіх знаёмых, добра вядомых людзей: Галіна Старавойтава — зь яе пачалося, Ягор Гайдар — фактычна быў атручаны і рана памёр, пасьля Сяргей Юшанкоў, а цяпер і Барыс Нямцоў. Я не зьдзіўлся, калі гэты сьпіс будзе працягнуты. Дарэчы, Барыс Нямцоў пісаў неяк зусім нядаўна: ён чакае, што Пуцін яго заб’е. Вось і дачакаўся».

Карэспандэнт: «Відавочна, расправіцца па адным ня так і складана: усе апанэнты Крамля добра вядомыя і іх ня так і шмат...».

«Ведаеце, гэта толькі вядомыя лічаныя людзі, заўважныя. Астатнія проста ня маюць ніякай магчымасьці быць раскручанымі ў сілу фактычнай манапалізацыі мас-мэдыя. Амаль такой жа, як і ў Беларусі. Таму, так, заўважных асобаў няшмат. І Нямцоў — якраз з такіх палітычных зорак, з тых, хто дасьведчана змагаўся, хто мае вялікі вопыт. Тое, што ён зрабіў, калі быў губэрнатарам у Ніжнім Ноўгарадзе, мала каму ўдалося зрабіць у Расеі.

Я добра яго ведаў: ён фізык па адукацыі, кандыдат навук, пасьпяхова займаўся палітыкай. Такія людзі небясьпечныя для сёньняшняга Крамля, і Крэмль іх зьнішчае. Ніхто іншы гэтым не займаецца. Крэмль, альбо тыя, хто сымпатызуе бандыцкім захадам крамлёўскай палітыкі. Я ж кажу: яны займаюцца Луганшчынай, займаюцца Данеччынай, ім няма калі бараніць сваіх грамадзянаў. Таму што яны займаюцца расейскім бандытызмам у замежжы, займаюцца Крымам, чым заўгодна, а пра сваіх людзей даўно ўжо забыліся. Зрэшты, калі б Нямцоў ня быў такім вядомым, то і мы ня ведалі б, што ён загінуў. Але я думаю, што там гіне не адзін такі, як ён. На жаль, Расея імкліва скатваецца да расейскага фашызму, гэта абсалютна і адназначна зразумела».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG