Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Нямцоў: У Беларусі няма імпэрскага комплексу, вы — эўрапейцы


Увечары ў пятніцу Барыса Нямцова застрэлілі ў Маскве.

У 2013 годзе Барыс Нямцоў наведваў Беларусь, дзе падпісаў пагадненьне аб супрацы з Аб'яднанай грамадзянскай партыяй.

На прэс-канфэрэнцыі Барыс Нямцоў заявіў:

«Мы б хацелі, каб і Беларусь, і Расея сталі дэмакратыямі. Мы б хацелі, каб у нашых краінах мянялася ўлада. Мы б хацелі, каб у нашых краінах не было цэнзуры. Мы б хацелі, каб у нашых краінах быў незалежны суд. Мы б хацелі, каб у нашых краінах народ значыў многае, а ня быў статыстам. Мы — супраць дыктатуры, мы — за вызваленьне палітвязьняў»

«Я лічу, што ў Беларусі ёсьць болей шанцаў стаць свабоднай, дэмакратычнай, эўрапейскай дзяржавай, чым у Расеі», — адказаў расейскі палітык. Ён так абгрунтаваў сваю думку:

«Па-першае, у Беларусі няма імпэрскага комплексу. Па-другое, вы — абсалютная сарцавіна Эўропы. Па-трэцяе, у вас няма Каўказу. Акрамя таго, вы — адукаваны народ і ад вас зусім блізка Эўропа. Карацей кажучы, калі ў вас атрымаецца, значыць, і ў нас атрымаецца».

На думку Барыса Нямцова, Лукашэнку і Пуціна аб’ядноўвае непрызнаньне заходніх каштоўнасьцяў:

Лукашэнкаўская Беларусь і пуцінская Расея ўваходзяць у такі цягнік дыктатур, калі дыктатуры лічаць сваім ворагам Захад


«Лукашэнкаўская Беларусь і пуцінская Расея ўваходзяць у такі цягнік дыктатур, калі дыктатуры лічаць сваім ворагам Захад. Гэта — абсурд, але гэта — факт. Большай нянавісьці да Захаду, чым у Пуціна, я, шчыра кажучы, ні ў кога ня бачыў. І, я думаю, Лукашэнка падзяляе ягоныя погляды».

Адказваючы на пытаньні пра пашырэньне вайсковай расейскай прысутнасьці ў Беларусі, Барыс Нямцоў выказаў думку, што Лукашэнка пайшоў на такі крок толькі з адной прычыны: дзеля таго каб атрымліваць як мага болей грошай, таннай нафты і газу з Расеі:

«Далей ён будзе казаць: будзеце сябе дрэнна паводзіць, ня будзеце даваць мне грошы, я вашу базу закрыю альбо яшчэ нешта зраблю. А Пуціну гэта патрэбна дзеля задавальненьня ўласных імпэрскіх амбіцый».

У 2002 годзе Барыса Нямцова сілай дэпартавалі зь Беларусі. Яму забаранілі ўезд на беларускую тэрыторыю на пяць гадоў. Аднак за гэты час аднойчы ён усё ж пабываў у Беларусі — у 2004 годзе. Нямцоў кажа, што тады ён здолеў заблытаць беларускія спэцслужбы, якія чакалі яго на шашы Масква — Менск. А тым часам палітык прызямліўся ў Гомелі. Так што, будучы пэрсонай нон-грата, ён усё ж наведаў лукашэнкаўскую Беларусь.

Перад гэтым Барыс Нямцоў прыяжджаў у Менск у 2008 годзе, калі ўжо ня быў пэрсонай нон-грата.

XS
SM
MD
LG