Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікабрытанія не выключае паставак летальнай зброі ўкраінскай арміі


Міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Філіп Гаманд не выключае магчымасьці працягу наступу сэпаратыстаў на Данбасе.

«Цяпер Расея не выконвае свае абавязальніцтвы, узятыя ў Менску. Гэта праўда, што на працягу апошніх некалькіх дзён колькасьць абстрэлаў зьменшылася і мы вітаем гэта. Але мы бачым, што сэпаратысты перагрупоўваюць свае сілы, узбраеньні і папаўняюць запасы. Мы ня бачым знакаў, што сэпаратысты плянуюць надоўга спыніць баі. Мы павінны быць падрыхтаваныя да магчымага далейшага наступу», — адзначыў Гаманд у пятніцу, 27 лютага, падчас прэс-канфэрэнцыі ў Будапэшце.

Філіп Гаманд
Філіп Гаманд

У выпадку пагаршэньня сытуацыі на Данбасе Вялікабрытанія можа перагледзець рашэньне аб прадастаўленьні Ўкраіне летальнай зброі, падкрэсьліў Філіп Гаманд.

«Мы дакладна заявілі, што мы ня можам дапусьціць, каб украінская армія развалілася пад ціскам. На дадзены момант мы вырашылі не прадастаўляць украінскай арміі летальнай зброі, але мы захоўваем права перагледзець гэтае рашэньне, калі сытуацыя зьменіцца», — сказаў кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі.

27 лютага ў прэс-цэнтры АТА паведамілі, што за мінулыя суткі на Данбасе загінулі 3 украінскіх вайскоўцаў, сем атрымалі раненьні. 12 лютага лідэры Ўкраіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі дамовіліся аб спыненьні агню на Данбасе ад 15 лютага. Апошнія два дні ў штабе зафіксаванае памяншэньне абстрэлаў на Данбасе. Учора ўкраінскія вайскоўцы пачалі адвод цяжкага ўзбраеньня ад лініі разьмежаваньня, што таксама прадугледжана менскімі дамоўленасьцямі.

7 лютым прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, выступаючы на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па пытаньнях бясьпекі, заявіў, што з пачатку канфлікту на Данбасе загінулі ўжо 1432 украінскіх вайскоўцаў. Па дадзеных ААН, з пачатку канфлікту на Данбасе загінулі 5800 чалавек.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG