Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі журналіст, якога пасадзілі за абразу губэрнатара, папрасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне


Дзьмітры Шыпілаў

Дзьмітры Шыпілаў

Журналіст Дзьмітры Шыпілаў у інтэрвію Радыё Свабода кажа, што наўрад ці калі-небудзь вернецца ў Расею, дзе грамадзтва «псыхічна хворае».

Расейскага журналіста Дзьмітрыя Шыпілава, які правёў 3 месяцы ў калёніі па абвінавачаньні ў абразе губэрнатара Кемераўскай вобласьці Амана Тулеева, пусьцілі ва Ўкраіну праз суткі пасьля таго, як ён папрасіў аб палітычным прытулку на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Спачатку Шыпілаў атрымаў адмову ва ўезьдзе ва Ўкраіну. Станоўчае рашэньне прынялі толькі пасьля зарукі ўкраінскіх актывістаў.

Дзьмітры Шыпілаў паходзіць з Кемерава. Ён — супрацоўнік выданьня «Новы Кузбас». У 2012 годзе яго прысудзілі да 11 месяцаў папраўчых прац за публікацыі ў блогу, якія былі прызнаныя зьневажальнымі у дачыненьні да тагачаснага губэрнатара Кемераўскай вобласьці Амана Тулеева і кіраўніка абласнога дэпартамэнту культуры і нацыянальнай палітыкі Ларысы Зауэрвайн. Журналіст сваёй віны не прызнаў і зьехаў у Маскву. У верасьні 2014 году яго зноў затрымалі, а ў лістападзе распачалі супраць яго яшчэ адну крымінальную справу — у сувязі з абразамі, нібыта нанесенымі Аману Тулееву запісамі ў «Жывым журнале».

У сувязі з тым, што Шыпілаў ухіліўся ад папраўчых прац, кемераўскі суд зьмяніў яму пакараньне на тры месяцы пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні. Ён выйшаў на волю 29 сьнежня. Днямі Дзьмітры Шыпілаў выехаў у Беларусь і на беларуска-ўкраінскай мяжы папрасіў палітычнага прытулку. Рашэньне пусьціць яго на тэрыторыю Ўкраіны было прынята толькі праз суткі, якія Шыпілаў правёў на беларускім КПП. Гэта адбылося, калі з Кіева на мяжу — з гатовасьцю падпісаць заруку — прыехалі ўкраінскія актывісты, у тым ліку кіеўскі юрыст Аляксандр Гайдар.

Радыё Свабода зьвязалася зь Дзьмітрыем Шыпілавым неўзабаве пасьля таго, як ён уехаў на тэрыторыю Ўкраіны і разам з Аляксандрам Гайдарам накіраваўся ў Кіеў:

— Якія эмоцыі вы цяпер адчуваеце?

— Насамрэч няма ніякіх пэўных эмоцый пасьля таго, праз што прыйшлося прайсьці. Абсалютна спакойны, нармальны стан. Усё добра. Ну, а тое, што столькі складанасьцяў паўстала... адказ відавочны: грамадзяне РФ успрымаюцца... ну, а як яны павінны ўспрымацца, калі маёй дзяржавай разьвязаная вайна?

— Ці праўда, што ўчора ўкраінскія памежнікі ледзь ня выпіхнулі вас на нэўтральную паласу, калі спачатку вам адмовілі ў прытулку?

— Не, гэта няпраўда, усё было максымальна карэктна з боку пэрсаналу, больш чым ветліва, людзі разумеюць, але ёсьць такое паняцьце, як дзяржаўнае рашэньне, і яны вымушаныя выконваць тое, што прапісана ў загадах і ўказах.

— Дзе ў выніку вы правялі гэтую ноч?

— У памежным пункце на тэрыторыі Беларусі, ніякіх праблем адмысловых не ўзьнікала.

— Чаму вы вырашылі зьехаць з Расеі і папрасіць палітычнага прытулку ва Ўкраіне?

— Таму што мне ўжо непрыемнае паветра на тэрыторыі Расеі, калі ўжо па вялікім рахунку. Проста тая сытуацыя, якая там складаецца, тое, што адбываецца ў розумах маіх суайчыньнікаў, мне ўсё гэта не падабаецца. Вельмі складана застацца здаровым ў псыхічна ў хворым грамадзтве.

— Ці зьвязана вашае жаданьне эміграваць ва Ўкраіну з крымінальнымі справамі, фігурантам якіх вы былі ў Расеі?

— І гэта ў тым ліку, гэта лішні аргумэнт. Але не асноўны.

— У вас ёсьць ужо нейкае ўяўленьне пра тое, чым вы будзеце займацца ва Ўкраіне?

— Не гатовы цяпер на гэтую тэму размаўляць са СМІ.

— Вы дапускаеце для сябе магчымасьць вяртаньня ў Расею? Калі так, то пры якіх умовах?

— Ня думаю, што я вярнуся калі-небудзь у Расею, і нават не магу назваць умоў, пры якіх гэта магло б адбыцца. Для мяне гэта на дадзеным этапе мінулае, — кажа Дзьмітрый Шыпілаў.

Пра праблемы, якія ўзьніклі з уездам Дзьмітрыя Шыпілава ва Ўкраіну, Радыё Свабода распавёў кіеўскі юрыст Аляксандр Гайдар, які раніцай прыехаў з Кіева на памежны пункт «Новыя Ярылавічы»:

— Нас папрасілі прыехаць, таму што без зарукі грамадзяніна Ўкраіны ўезд быў бы немагчымы. Самыя цікавыя рэчы былі пасьля прыезду. Нас папрасілі чакаць, не пускалі на пагранзаставу, але ў выніку прапусьцілі пасьля напісаньня заявы-абавязаньня, што я яго бяру на парукі, забіраю да сябе. Толькі тады было прынята станоўчае рашэньне. З трэцяй спробы мы яго перавялі. Маса была яшчэ анэкдатычных сытуацый ужо пасьля прыняцьця станоўчага рашэньня.

— Якіх, напрыклад?

— Ну, міграцыйную карту яму пераблыталі ў выніку, мы гэта выявілі, калі ўжо выйшлі практычна да машыны. Выявілі, што карту міграцыйную яму далі чужую, што магло потым стварыць яму велізарныя праблемы ўжо ў Кіеве.

— Дзьмітрый Шыпілаў — ня першы расеец, які сутыкаецца з праблемамі ў атрыманьні прытулку ва Ўкраіне ўжо пасьля зьвяржэньня рэжыму Віктара Януковіча. Чаму гэтыя праблемы ўзьнікаюць?

— Я не магу пракамэнтаваць, паколькі я не ўпаўнаважаны прымаць такіх рашэньняў. Так, ёсьць факты судовых рашэньняў аб адмове ў палітычным прытулку. Яны прымаюцца на падставе таго, што Расея лічыцца прававой дзяржавай, у якой грамадзянам нішто не пагражае.

— Ёсьць нейкія падставы спадзявацца, што гэтая сытуацыя зьменіцца, — каб не вырашаць кожны выпадак, што называецца, у «ручным рэжыме», пасьля таго, як ён выклікае рэзананс у грамадзтве?

— Праблема палітычных уцекачоў ва Ўкраіне ў тым, што яны не аб’ядноўваюцца паміж сабой, ня маюць зносінаў, таму гэтая інфармацыя не вядомая нікому. Яны павінны паведамляць пра свае праблемы, аб’яднацца, а гэтага, на жаль, не адбываецца, — кажа кіеўскі юрыст Аляксандр Гайдар.

Складанасьці з атрыманьнем палітычнага прытулку ва Ўкраіне за апошніх паўгода ўзьнікалі ў некалькіх грамадзянаў Расеі, апазыцыйна настроеных у адносінах да дзейных расейскіх уладаў, напрыклад, у аднаго з арганізатараў «Маршу за фэдэралізацыю Кубані» Пятра Любчанкава. Яму давялося зьвяртацца ў суд, які прыняў рашэньне на яго карысьць. Атрымаў прытулак і расейскі актор Сяргей Анісіфораў, які зьехаў ва Ўкраіну паводле палітычных матываў. Аднак цяпер Міграцыйная служба Ўкраіны аспрэчвае гэтае рашэньне.

XS
SM
MD
LG