Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьмерць Бакіевым!». У Бішкеку каля беларускай амбасады прайшоў мітынг


Жаныш Бакіеў у Менску. Фота Міхась Пашкевіч

Жаныш Бакіеў у Менску. Фота Міхась Пашкевіч

У сталіцы Кіргізстану Бішкеку 27 лютага каля будынку амбасады Беларусі прайшоў мітынг з патрабаваньнем экстрадыцыі сям’і Бакіевых.

Як паведамляе vb.kg, каля 50 мітынгоўцаў выкрыквалі: «Сьмерць Бакіевым!», «Жаныш Бакіеў — забойца», «Беларусь, не прыкрывайце бандытаў!».

Акрамя таго, яны патрабавалі экстрадаваць набліжаных Бакіевых — Айбек Абдыразакава, які ўзначальваў ГУБАЗ Кіргізстану ў часы Курманбека Бакіева і лічыцца ў вышуку па падазрэньні ў дапамозе ў забойства экс-кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Кіргізстану Мэдэт Садыркулава, а таксама Рустама Сайдулаева.

Як паведамляецца, мітынгоўцы на плякатах напісалі пытаньне: «Лукашэнка, ці ты зразумеў, каму даў прытулак?».

Адзін з актывістаў Андаруш Тактанасыраў выкрыкваў: «Дзенісенка, выходзь!» (надзвычайны і паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кіргізстане Віктар Дзенісенка). Затым ён растаптаў партрэт Курманбека Бакіева.

У Менску 19 лютага лідэра арганізаванай злачыннай групоўкі Алманбета Анапіяева знайшлі забітым у багажніку аўтамабіля прадстаўнічай клясы на вуліцы Карла Лібкнехта. На целе былі сьляды гвалту, сьмерць наступіла ад нажавых раненьняў.

Як паведамляюць кіргіскія мэдыі, 24 лютага ў Бішкеку быў затрыманы 25-гадовы Гулжыгіт Абілазізаў, які быў целаахоўнікам забітага ў Менску крымінальнага аўтарытэта Алманбета Анапіяева. Ён праходзіць падазраваным у справе забойства Анапіяева.

Абілазізаў у паказаньнях паведаміў, што да забойства датычны сваяк зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які цяпер жыве ў Беларусі, — Жаныш Бакіеў.

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, улады Кіргізстану дамагаюцца яго выдачы. У Менску бачылі і брата экс-прэзыдэнта Жаныша Бакіева.

XS
SM
MD
LG