Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністар замежных спраў Латвіі: Удзел Лукашэнкі ў саміце ў Рызе — адкрытае пытаньне


Эдгарс Рынкевічс

Эдгарс Рынкевічс

Беларусь хоча «больш збалянсаваных» дачыненьняў з Эўразьвязам, але гэта яшчэ ня зьмены ў палітыцы афіцыйнага Менску — заявіў міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Латвіі заявіў, што пытаньне ўдзелу кіраўніка Беларусі ў саміце Ўсходняга партнэрства ў Рызе — адкрытае пытаньне.

Пра гэта паведамляе польскае выданьне «Rzeczpospolita» са спасылкай на Польскае прэсавае агенцтва.

«Запрашэньняў яшчэ нікому не дасылалі. Гэта адбудзецца толькі напрыканцы сакавіка — пачатку красавіка. Запрашэньне трапіць у Беларусь. Паглядзім, як будзе разьвівацца сытуацыя», — сказаў міністар замежных спраў Латвіі падчас дыскусіі, арганізаванай брусэльскім офісам нямецкага Фонду Конрада Адэнаўэра.

Эдгарс Рынкевічс сказаў, што «хацеў бы, каб у рыскім саміце прынялі ўдзел кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Але гэта залежыць ад рашэньня ўсіх чальцоў Эўразьвязу, а таксама ўладаў у краінах Усходняга партнэрства. Таму гэта яшчэ пытаньне адкрытае».

Міністар замежных спраў Латвіі перасьцярог ад занадта завышаных чаканьняў, калі гаворка ідзе пра пацяпленьне дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю:

«Ня думайце, што цяпер Беларусь хоча далучыцца да Эўразьвязу, таму што мы можам мець няправільнае ўражаньне. Беларусь вельмі інтэграваная з Расеяй: эканамічна, палітычна і мілітарна. Але разам з тым Беларусь хоча мець больш збалянсаваныя дачыненьні з Эўразьвязам».

Ён дадаў, што з боку ЭЗ ёсьць гатовасьць да дыялёгу і падтрыманьня Беларусі ў яе падрыхтоўцы да далучэньня да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, а таксама дыялёгу ў пытаньнях бясьпекі ў рэгіёне.

19 і 20 лютага ў Менску з працоўным візытам знаходзіўся міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Латвія цягам першай паловы сёлетняга году старшынюе ў Радзе Эўразьвязу. І менавіта ў латвійскай сталіцы 21–22 траўня адбудзецца чарговы саміт «Усходняга партнэрства». 21 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску генэральны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс заявіў, што латвійскі бок хацеў бы бачыць прадстаўніцтва Беларусі на гэтым форуме «на, магчыма, самым высокім узроўні». На пытаньне журналістаў, ці зьвязаны магчымы ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў рыскім саміце з пытаньнем палітвязьняў, генэральны сакратар МЗС Латвіі заявіў, што ў сучаснай Эўропе ня можа быць такога паняцьця, як палітычны вязень.

XS
SM
MD
LG