Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля вячэры з Пуціным у Арнэлы Муці пачалося зорнае жыцьцё ў Расеі


Вячэра з Пуціным

Вячэра з Пуціным

«Арнэле Муці прысудзілі 8 месяцаў турмы пасьля вячэры з Уладзімiрам Пуціным». З такімі загалоўкамі выйшлі ледзь ня ўсе італьянскія таблоіды.

Акторку абвінавацілі ў махлярстве: у 2010 годзе яна не зьявілася на спэктакль, дзе павінна была выконваць галоўную ролю. Каб пазьбегнуць выплаты няўстойкі, Муці падала кіраўніцтву тэатра ілжывую мэдычную даведку аб вострым прыступе ларынготрахеіта.

Аднак пазьней высьветлілася, што акторка не хварэла. Яна знаходзілася ў Расеі на дабрачынным вячэры разам з Уладзімерам Пуціным, які тады займаў пасаду прэм’ер-міністра краіны.

Пазьней стала вядома, што фонд «Фэдэрацыя», які арганізаваў вячэру ў падтрымку барацьбы зь дзіцячымі анкалягічнымі і афтальмалягічнымі захворваньнямі, ня лічыцца ні ў водным сьпісе дабрачынных фондаў.

Адзначаецца, што замест адбыцьця турэмнага тэрміну і штрафу Муці дазволілі выплаціць тэатру няўстойку ў памеры € 30 тыс.

Акрамя Муці ў той вячэры бралі ўдзел Шэран Стоўн, Кэвін Костнэр, Моніка Бэлючы, Курт Расэл, Ален Дэлён, Мікі Рурк і многія іншыя. Праўда, гэтым акторам падрабляць даведкі не прыйшлося. За гэтай гісторый пільна сачыла журналістка выданьня «Oggi» Рафаэла Каньяца, паведамляе расейскі тэлеканал «Дождж».

Аказваецца, што пасьля той вячэры з Уладзімiрам Пуціным у акторкі пачалося зорнае жыцьцё ў Расеі. У 2011 годзе яна стала ганаровым госьцем Казанскага міжнароднага фэстывалю мусульманскага кіно, ня кажучы ўжо пра закрытыя сьвецкія падзеі, куды прэсу не пускаюць.

У 2008 годзе Арнэла Муці запусьціла ўласную ювэлірную лінію, адкрыўшы буцікі ў Рыме, Міляне, Парыжы, Рызе, Алматы і Маскве. Кажуць, упрыгожаньні прадаюцца добра. У аснове калекцыі срэбра, цырконій і рубіны. «Пэрлінай» калекцыі зьяўляецца бранзалет у выглядзе кайданкоў, быццам адмыслова для Расеі, з рамантычным надпісам «Адпусьці мяне, калі любіш».

XS
SM
MD
LG