Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест малюнкаў і конкурсаў — зброя і боепрыпасы. Як у дзіцячым садку Пецярбургу адзначылі 23 лютага


Бурнае абмеркаваньне ў інтэрнэце выклікалі здымкі ўзброеных дзяцей у дзіцячым садку ў Пецярбургу.

У дзіцячым садку № 69 Прыморскага раёну Пецярбургу адзначылі 23 лютага: бацька аднаго зь дзяцей прынёс макеты сучаснай зброі і боепрыпасаў, патлумачыў, як імі карыстацца, а потым у сетцы зьявіліся фатаграфіі ўзброеных дзяцей.

Расейскае інтэрнэт-выданьне «Фантанка» і шэраг мясцовых сродкаў масавай інфармацыі назвалі сьвята «Днём апалчэнца». У інтэрнэце узброеных да зубоў гадаванцаў дзіцячага садка пачалі параўноўваць да дзяцей, якіх выкарыстоўваюць экстрэмісцкія групоўкі. Такое параўнаньне абурыла бацькоў, бо яны самі, па ўласным жаданьні, дазволілі бацьку — 31-гадоваму маёру Віталю Стацэнку зладзіць для дзяцей «сьвята зброі». І самі выклалі ў сетку фатаграфіі сваіх дзяцей са зброяй, якую не адрозьніць ад сапраўднай — прынамсі на першы погляд. Пазьней у твітэры зьявіўся допіс з камэнтаром, дзе мужчына ў камуфляжы, які праводзіў занятак зь дзецьмі, быў названы апалчэнцам.

Маёр Стацэнка на сувязь не выходзіць. Пасьля таго, як ён даведаўся пра тое, які распачаўся скандал, ён адразу выдаліў здымкі дзяцей са сваёй старонкі ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» і закрыў яе для паведамленьняў. Стацэнка зьяўляецца актывістам вайскова-патрыятычнай арганізацыі «Чырвоная зорка». Намесьнік кіраўніка гэтай арганізацыі Юрый Даражэнскі пагадзіўся патлумачыць расейскай службе Радыё Свабода, што адбылося ў дзіцячым садку. Падаем фрагмэнты гэтага інтэрвію.

— У нас ёсьць такі інтэрактыўны праект-віктарына, які называецца «Зброя перамогі», мы яго праводзілі ў мінулым годзе да 70-годзьдзя поўнага вызваленьня Ленінграду ад блякады. Сёлета ён прымеркаваны да 70-годзьдзя вялікай Перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне. То бок мы ня вучым дзяцей, як карыстацца зброяй, як зь яе страляць, як цэліць — гэтаму іх у войску навучаць. Але паказваць патрыятызм на пальцах — гэта неяк недарэчна. А тут мы наглядна паказваем ім, напрыклад, вінтоўку Мосіна, я ім распавядаю пра знакамітую «атаку мерцьвякоў» у 1915 годзе — ні ў водным падручніку гэтага няма. Калі я бяру снайпэрскую вінтоўку Токарава, я ім распавядаю пра Людмілу Міхайлаўну Паўлючэнку, вядомую жанчыну-снайпэрку. Мы распавядаем пра подзьвігі, якія зрабілі жаўнеры і афіцэры Чырвонай, савецкай, расейскай арміі. Дзяцей трэба вучыць на подзьвігах — як мяне калісьці вучылі на подзьвігах піянэраў-герояў.

— У дзіцячы садок са зброяй — ці не зарана?

— Па-першае, гэта была старэйшая група. Мы ім распавядаем зусім па-іншаму, там гаворкі не было пра подзьвігі, мы ім расказваем пра войска, пра жаўнераў, пра сьвята 23 лютага. Дзеці рэагавалі вельмі добра, у вачах была цікавасьць. Бо сёньня ў школах спытай — што за дзень 15 лютага — дзень вываду войскаў з Афганістану, дзень воінаў-інтэрнацыяналістаў: адсоткаў 50, напэўна, адкажуць, затое пра Дзень закаханых ведаюць усе!

— Рэакцыя на сьвята ў дзіцячым садку была бурлівая — вы лічыце яе няправільнай?

— Абсалютна няправільнай. У мяне дзед прайшоў усю вайну, і хоць я яго мала бачыў у сваім жыцьці, але мой лёс быць вайскоўцам ужо быў наканаваны. Мы ж усе ў дзяцінстве гулялі ў «вайнушку» — няўжо гэта дрэнна? Усе дзеці ў яе гуляюць. Трэба рыхтаваць нармальных патрыётаў сваёй краіны, інакш мы будзем мець тое, што мы маем у краінах блізкага замежжа. Вы ведаеце, Гёбельс, ён хоць быў і падонкам, але ў яго ёсьць словы пра тое, што калі народ пазбавіць сваёй гісторыі, то праз пакаленьне ён ператвараецца ў натоўп, а яшчэ праз пакаленьне гэта будзе статак, зь якім можна рабіць усё, што заўгодна. Вельмі ня хочацца, каб гэта здарылася.

На пытаньне, ці правільна зьвязваць патрыятызм выключна з ваеннай тэмай, Юрый Даражэнскі адказаў, што гэта няправільна, але тут жа зноў перайшоў да ваенных подзьвігаў.

Загадчыцу дзіцячых садоў Маргарыту Іванову выклікалі для тлумачэньня ў адміністрацыю Прыморскага раёну. Кіраўніца аддзелу адукацыі раённай адміністрацыі Валянціна Леўская кажа, што абураныя бацькі рыхтуюць ліст з патрабаваньнем ад «Фантанкі» абвяржэньня — не самога факту правядзеньня патрыятычнага сьвята, а яго інтэрпрэтацыі:

— Сёньня ўвесь дзень дзіцячы садок усе тэрарызуюць. Я згодная, што дзяцей у старэйшай групе, можа, трэба было знаёміць з гэтай выставай у нейкай іншай форме, і калі б загадчыца да нас зьвярнулася, мы б ёй мэтадычна падказалі, што можна зрабіць. Але шум адбыўся не ад самога сьвята, а ад фотаздымкаў, якія заўсёды можна вырваць з кантэксту. Ва ўсіх астатніх групах Дзень абаронцы Айчыны адзначаўся як заўсёды — конкурсамі малюнкаў і гэтак далей. Але тут быў гэты вайсковы тата, і бацькі гэтак захацелі!

У загадчыцы дзіцячага садка № 69 камэнтар узяць не ўдалося.

Інтэрнэт-газэта «Фонтанка», на якую гэтак раззлаваліся патрыятычна настроеныя бацькі, пасьпела даведацца меркаваньне Мінабароны Расеі пра мерапрыемства ў дзіцячым садку — у ведамстве яго не ўхвалілі. У будучыні падобныя ініцыятывы Міністэрства ня будзе падтрымліваць, а з маёрам Стацэнка зьбіраюцца правесьці выхаваўчую працу .

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG