Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск не прыгадае такой колькасьці статусных замежных візытэраў, Аляксандар Лукашэнка ўжо бачыць прасьвет у стасунках паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, а палітвязьня Мікалая Дзядка яшчэ на год пакідаюць у турме за тое, што «хадзіў бяз майкі».

11 лютага 2015 году Аляксандар Лукашэнка падарыў канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель букет зь белых кветак і паціснуў руку прэзыдэнту Францыі Франсуа Алянду. Праз расчыненыя для Мэркель і Алянда дзьверы адзін за адным у Беларусь пацягнуліся статусныя госьці.

Яшчэ год таму, у лютым 2014-га, Аляксандар Лукашэнка жыў нецікавым і прадказальным жыцьцём кіраўніка «апошняй дыктатуры Эўропы».

3 лютага — «прыняў з дакладам», 4 лютага — «даклад заслухаў», 5 лютага — «падпісаў указ» і ў той жа дзень «падпісаў распараджэньні», 12 лютага — «павіншаваў», 14-га — «выказаў спачуваньні». І так увесь месяц. Хіба што 24 лютага патэлефанаваў расейскі калега, а 26-га — сьвята, дзень народзінаў у Праханава. Ва ўсім гэтым раскладзе вока чапляецца толькі за 20 лютага: «Заснавана форменнае адзеньне работнікаў Транспартнай інспэкцыі».

Ці тое цяпер? 8 лютага сустрэўся з Пуціным, 11-га — з Парашэнкам, 17 лютага прыляцеў міністар замежных спраў Ірана, а 18-га — прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Апошні кіраўнік банку, дарэчы, быў тут яшчэ пры Вячаславу Кебічу. 20 лютага — сустрэча зь міністрам замежных спраў Латвіі, якая гатовая запрасіць шматгадовага парыю на саміт у Рыгу ўжо ў траўні.

Праходзіць усяго два тыдні зь візыту Мэркель-Алянда, і Аляксандар Лукашэнка ўпэўнены: «стасункі паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам сёньня не такія туманныя, як раней».

«Гэта пачатак нашага добрага дыялёгу з Эўрапейскім Зьвязам», — кажа Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з намесьніцай генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльгай Марыяй Шмід.

Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

На наступны ж дзень у Магілёўскай турме № 4 пачынаецца суд над палітвязьнем Мікалаем Дзядком. 26-гадовага хлапца, які ўжо адседзеў чатыры з паловай гады і меўся праз тыдзень выйсьці на волю, яшчэ на год пакінуць «на строгім рэжыме» за тое, што хадзіў «бяз майкі».

Рыгоні яшчэ толькі прыехаў «узнавіць дыялёг», а нашы дэпутаты ўжо маюць плян узнаўленьня на 2015 год

Дыпляматычнымі посьпехамі міністар замежных спраў Уладзімер Макей сьціпла хваліўся ў кулюарах «нармандзкай сустрэчы» і раіў чакаць «наплыву наведнікаў» ужо ў бліжэйшыя тыдзень-два.

У мяне цэлы год расьпісаны ў розныя краіны. Плянуюцца візыты і ў эўрапейскія краіны, і шэраг візытаў да нас. І ўжо бліжэйшым часам. Плянуецца прыезд шэрагу чыноўнікаў з Брусэля.

«У мяне цэлы год расьпісаны ў розныя краіны. Плянуюцца візыты і ў эўрапейскія краіны, і шэраг візытаў да нас. І ўжо бліжэйшым часам. Плянуецца прыезд шэрагу чыноўнікаў з Брусэля. Плянуецца прыезд шэрагу маіх эўрапейскіх калегаў з краінаў ЭЗ», — казаў Уладзімер Макей 11 лютага ў Палацы Незалежнасьці.

Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

І, відаць, меў падставы. Агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што плян па збліжэньні Беларусі з Эўразьвязам краіны-сябры ўзгаднілі яшчэ ў студзені.

Адразу ж зьявілася інфармацыя пра тое, што Латвія гатовая запрасіць Аляксандра Лукашэнку на саміт у Рыгу.

«У эўрапейцаў больш, чым раней, ілюзіяў наконт Лукашэнкі, — адзначае палітычны аналітык Раман Якаўлеўскі. — Але ўсё гэта дыктуе ўкраінская сытуацыя».

Выглядае, што і сама ўлада, улучна з Аляксандрам Лукашэнкам, разумее, што міратворчага зараду надоўга можа не хапіць, і спрабуе выціснуць з сытуацыі як найбольш.

«Мы прыехалі ўзнавіць дыялёг», — кажа спэцдакладчык па Беларусі камісіі ПАРЭ па палітычных пытаньнях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні, які пасьля амаль пяцігадовага перапынку прыехаў да нас са шматдзённым візытам.

А ў плянах Нацыянальнага сходу Палаты прадстаўнікоў пунктам нумар 1 на 2015 год стаіць «Правядзеньне працы па ўзнаўленьні ўзаемадзеяньня з ПАРЭ».

Улада хацела б атрымаць статус адмыслова запрошанага, які не накладае на іх аніякіх абавязаньняў, але дае магчымасьць працаваць у Страсбуры за кошт гэтай арганізацыі

«Улада хацела б атрымаць статус адмыслова запрошанага, які не накладае на іх аніякіх абавязаньняў, але дае магчымасьць працаваць у Страсбуры за кошт гэтай арганізацыі, — кажа лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які сёньня сустракаўся з Рыгоні разам зь іншымі прадстаўнікамі апазыцыі. — Наша задача — каб Беларусь узяла на сябе абавязаньні і яны былі рэалізаваныя, улучна з усім, што датычыць палітычных вязьняў, свабодных выбараў, хартыі мясцовага самакіраваньня і іншых дакумэнтаў».

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Шмід не сустракалася зь беларускай апазыцыяй, але стасункі Беларусі з ЭЗ ад гэтага не палепшыліся

Адмена анансаванай раней сустрэчы Хэльгі Марыі Шмід зь беларускай апазыцыяй дала некаторым падставы думаць, што супраца з палітычнымі апанэнтамі Лукашэнкі — ужо не прыярытэт для Эўразьвязу. Раней часу на сустрэчу з апазыцыяй не знайшоў і дырэктар дэпартамэнту Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд.

«Гэта дыпляматыя сазлучаных сасудаў: ЭЗ трымае ў адной руцэ руку ўлады, а ў другой — апазыцыі. І калі ён паціскае адну руку, поціск другой аслабляецца, — кажа намесьнік старшыні руху „Гавары праўду“ Андрэй Дзьмітрыеў. — ЭЗ спрабуе стварыць Лукашэнку прастору для манэўра паміж Масквой і ЭЗ. Сёньня ёсьць толькі адно патрабаваньне — гэта вызваліць палітзьняволеных».

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«Усе абвінавачаньні ў рэпрэсіўнасьці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ня ўлічваюцца, — кажа Якаўлеўскі. — На першым пляне — гандлёва-эканамічныя адносіны. Гэта той самы славуты прагматызм, які часта прадстае перад намі як цынізм».

Але не пасьпела Шмід зьехаць, як Мора кажа, што ЭЗ ніколі не пагодзіцца з тым, што ў Беларусі ёсьць палітзьняволеныя.

«Спадарыня Мора паўтарае тое, што казала раней, — тлумачыць палітычны аналітык Дзяніс Мельянцоў. — Яна паўтарае бюракратычную пазыцыю Эўразьвязу. Палітыкі дзейнічаюць інакш: палітычны працэс такі, што зь Беларусьсю ўсё роўна трэба кантактаваць».

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

«Менск сьмярдзіць»

Цана «менскіх дамоўленасьцяў» і адпаведна, давер да Менску як перамоўнай міратворчай пляцоўкі — усё гэта будзе вызначана вельмі хутка.

430 разоў сэпаратысты парушалі «менскія пагадненьні» толькі за першыя 10 дзён пасьля іх заключэньня. «Менск сьмярдзіць» — напісалі на грудзях праскія актывісты, якія прыкулі сябе да плота амбасады Расеі.

«Пуцін паводзіць сябе так, нібыта не было аніякіх менскіх дамоўленасьцяў», — заяўляе экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.

Леанід Кучма

Леанід Кучма

Што застанецца Аляксандру Лукашэнку, калі інтэр’еры Палаца незалежнасьці ў Менску перастануць прывабліваць замежных гасьцей?

«Беларусь нясе пагрозу для бясьпекі Эўропы, — кажа Якаўлеўскі. — Гэтая пагроза — у цесных вайскова-палітычных стасунках з Расеяй, якая сёньня натуральна ваюе з Эўропай. Беларусь — частка „саюзнай дзяржавы“, і ня можа быць, каб адна частка такой „дзяржавы“ ваявала з Эўропай, а другая шукала пацяпленьня стасункаў».

У Беларусі ёсьць пагадненьне пра супольную зьнешнюю палітыку з Расеяй, — нагадвае Якаўлеўскі. — Ня будзе такога, каб Менск пайшоў да Эўропы сваім шляхам, а Масква б за гэтым абыякава назірала.

«Мы закладнікі Расеі», — упэўнены Якаўлеўскі.

Як Уладзімер Пуцін адрэагуе на «гарачы люты» беларускага калегі, стане вядома ўжо 3 сакавіка. У гэты дзень Аляксандар Лукашэнка разам з Уладзімерам Пуціным сустрэнуцца ў Маскве на паседжаньні вышэйшай дзяржрады Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.

«Безумоўна, будзе закрануты ўвесь комплекс двухбаковых расейска-беларускіх стасункаў», — нібыта папярэджвае прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG