Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка: «Для дыплямата самая складаная краіна — суседняя»


Лешак Шарэпка
Лешак Шарэпка

Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода распавядае пра візавыя праблемы, пра праграму Каліноўскага і Белсат, дзеліцца ўражаньнямі ад наведваньня музэю Вялікай Айчыннай, разважае пра агульную гісторыю суседніх краінаў.

Кар: Пасьля таго як для польскіх прадуктаў фактычна закрыўся расейскі рынак, меркавалася, што польскія інвэстары пойдуць у беларускую сельскагаспадарчую галіну. Адбыліся сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца і Марэка Савіцкага, абмяркоўваліся пляны, каб ствараць сумесныя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Ці нейкія вынікі ўжо ёсьць?

— У нас няма яшчэ канчатковых дадзеных па таваразвароце за мінулы год. Расея ўвяла санкцыі ў жніўні, і яшчэ рана ацэньваць іх рэальныя наступствы. Вядома, яны нэгатыўна паўплывалі на двухбаковы таваразварот Польшчы і Расеі.

— У нас няма яшчэ канчатковых дадзеных па таваразвароце за мінулы год. Расея ўвяла санкцыі ў жніўні, і яшчэ рана ацэньваць іх рэальныя наступствы. Вядома, яны нэгатыўна паўплывалі на двухбаковы таваразварот Польшчы і Расеі. Зь іншага боку, гэтыя абмежаваньні сталі імпульсам для актывізацыі польскай эканамічнай дыпляматыі на іншых рынках, што, безумоўна, пазытыўна паўплывае на вынікі польскага экспарту ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Узровень таваразвароту зь Беларусьсю заўсёды быў высокі, і папярэднія дадзеныя паказваюць, што таваразварот паміж Польшчай і Беларусьсю за апошні год істотна не памяняўся. Згодна з нашымі дадзенымі (таму што ёсьць розьніца ў дадзеных беларускіх і польскіх), — гэта каля 3 мільярдаў даляраў. Адзначаецца рост продажу на беларускі рынак малочных прадуктаў, садавіны і гародніны. Мы дамінуем на рынку яблык. Большасьць яблык, якія прадаюць у Беларусі, — польскія. Значна горш выглядае сытуацыя зь мясам, на продаж якога Беларусь увяла забарону. Мы мяркуем, што зьніжэньне экспарту мяса ў Беларусь у мінулым годзе магло складаць нават некалькі дзясяткаў працэнтаў. Тут нічога не памянялася, а было б добра зьняць гэтую забарону, бо польскае мяса высокай якасьці, смачнае.

Што тычыцца сумесных інвэстыцыяў у аграрны сэктар, магу пацьвердзіць, што ў Беларусь зь візытам прыяжджалі польскія чыноўнікі высокага ўзроўню. Польскі бізнэс вёў перамовы зь беларускімі партнэрамі, амбасада дапамагала з арганізацыяй дзелавых місіяў. Так, ёсьць добры клімат для супрацоўніцтва. Ёсьць зацікаўленасьць абодвух бакоў. Але справа ў тым, што эканоміка, бізнэс у нас прыватныя, і людзі павінны самі прымаць рашэньні. Я думаю, ніхто асабліва ня будзе інвэставаць у Беларусь, толькі разьлічваючы на тое, што ёсьць санкцыі паміж Расеяй і Эўразьвязам. Павінны быць добрыя ўмовы для інвэстараў на працяглы пэрыяд. Інвэстыцыі ня робяцца на паўгода-год. Гэта працяглы працэс, і трэба разьлічыць усе рызыкі. Я думаю, што цяпер мы на тым этапе, калі польскія бізнэсоўцы гэтыя рызыкі падлічваюць.

Кар: — Пагадненьні аб малым памежным руху з Латвіяй, Літвой і Польшчай Беларусь падпісала яшчэ ў 2010 годзе. Пакуль дзейнічае толькі беларуска-латвійскае пагадненьне. А вось зь Літвой і Польшчай усё гэта замаруджана. Ці ёсьць надзея, што адбудуцца нейкія зрухі?

Дасканалы прыклад — малы памежны рух з Калінінградзкай вобласьцю, які надаў імпульс новаму вымярэньню рэгіянальнага супрацоўніцтва ў дзелавой, турыстычнай і культурнай сфэрах.

— Надзея заўсёды памірае апошняй, яна заўсёды ёсьць, што будуць зрухі і ў гэтым кірунку. Калі ў нас адбываюцца сустрэчы на ўзроўні МЗС, мы заўсёды ўздымаем гэтае пытаньне. Гэта вельмі цікавая ініцыятыва, якая пойдзе на карысьць і грамадзянам Беларусі, і грамадзянам Польшчы, каб аблягчыць кантакты паміж грамадзянамі, якія жывуць у памежнай зоне. Дасканалы прыклад — малы памежны рух з Калінінградзкай вобласьцю, які надаў імпульс новаму вымярэньню рэгіянальнага супрацоўніцтва ў дзелавой, турыстычнай і культурнай сфэрах. Мы заўсёды падкрэсьліваем сваю зацікаўленасьць і гатовыя прыступіць да канкрэтных дзеяньняў зь беларускім бокам, калі ў яго будзе такое жаданьне.

Кар: Амбасада Польшчы цяпер часова разьмяшчаецца ў бізнэс-цэнтры на вуліцы Зьмітрака Бядулі. Вам выдзелілі пляцоўку пад амбасаду ў раёне Камсамольскага возера. Ці гатовы праект, ці пачалася будоўля?

Днямі будзем здаваць яго на дзяржаўную экспэртызу. І цяпер мы дапрацоўваем апошнія штрыхі, каб беларуская дзяржэкспэртыза яго прыняла.

— Мы на такім этапе, што ў нас ня толькі дзялка, якую нам выдзелілі ў 2008 годзе, але ўжо і архітэктурны праект. Днямі будзем здаваць яго на дзяржаўную экспэртызу. І цяпер мы дапрацоўваем апошнія штрыхі, каб беларуская дзяржэкспэртыза яго прыняла. Ёсьць невялікія праблемы ў падыходах у польскім і беларускім заканадаўстве. Потым трэба будзе вызначыцца з генпадрадчыкам, які будзе будаваць. Я думаю, 2–3 гады спатрэбіцца на будоўлю.

Kар: — Польшча прадстаўляе ў Беларусі разнастайныя культурніцкія, адукацыйныя праекты. Польскае выдавецтва ўдзельнічала ў Міжнародным кніжным кірмашы, ёсьць літаратурная прэмія імя Гедройця, ёсьць адукацыйная праграма Каліноўскага, падтрымка тэлеканалу «Белсат». Ці будзе гэта працягвацца?

— Вядома, будзем далей працягваць паказваць самае лепшае ў галіне культуры, што ёсьць у нас. Вы ўзгадалі кніжны кірмаш. Калі б было такое жаданьне і зацікаўленасьць зь беларускага боку, мы б маглі прадэманстраваць значна больш, чым удалося сёлета. Напэўна, ня менш за Кітай, які сёлета быў ганаровым госьцем. Я мяркую, што паміж літаратурай Беларусі і Польшчы значна больш сувязяў, узаемнага ўплыву, супольных аўтараў кніг. Калі б Беларусь нас запрасіла стаць ганаровым госьцем, паказалі б ня менш за Кітай. Вы правільна заўважылі, што мы прысутнічаем практычна на ўсіх фэстывалях — музычных, тэатральных, мастацкіх. Мы нават у царкоўнай галіне спрабуем працаваць разам. Празь некалькі дзён адкрыецца выстава праваслаўных абразоў. Мы супрацоўнічаем у розных сфэрах, і ў нас няма ніякіх тэмаў табу. Мы перакладаем шмат беларускіх кніг. Заснавалі прэмію імя Ежы Гедройця, якая заахвочвае беларускіх літаратараў пісаць па-беларуску. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічаюць больш за 40 аўтараў. Хутка зьявіцца лонг-ліст з 12 кніг, а перад падвядзеньнем вынікаў і ўрачыстай цырымоніяй узнагароджаньня аўтарытэтнае журы абярэ 6 аўтараў у шорт-ліст.

Кар: — А што тычыцца праграмы Каліноўскага і «Белсату» — ці будзе працягвацца падтрымка з боку польскай дзяржавы?

— «Белсат» — гэта тэлеканал, які афіцыйна дзейнічае ў Польшчы, большасьць сродкаў мы выдаткоўваем зь дзяржаўнага бюджэту.

— «Белсат» — гэта тэлеканал, які афіцыйна дзейнічае ў Польшчы, большасьць сродкаў мы выдаткоўваем зь дзяржаўнага бюджэту. Гэта тэлебачаньне, якое стараецца аб’ектыўна асьвятляць сытуацыю ў Беларусі. І, на мой погляд, няма на дадзены момант ніякіх перадумоваў і падставаў, каб ад гэтай падтрымкі адмовіцца. Тым больш што праект існуе шмат гадоў, ёсьць напрацоўкі, ёсьць добрыя дакумэнтальныя фільмы пра гісторыю Беларусі.

Што тычыцца праграмы Каліноўскага — задумвалася яна для людзей, якія ня маюць магчымасьці працягваць навучаньне ў Беларусі. Усё залежыць ад таго, ці будзе неабходнасьць працягваць яе. Мы б яе хацелі не падтрымліваць — у тым сэнсе, каб у ёй не было патрэбы, каб студэнты маглі навучацца на радзіме. А наагул мы адкрытыя для студэнтаў зь Беларусі. Больш за 3 тысячы маладых беларусаў вучацца ў вышэйшых навучальных установах Польшчы. Гэта і бізнэс-адукацыя, і камэрцыйнае навучаньне, і абмен студэнтамі, і палякі па нацыянальнасьці зь Беларусі.

Кар: — Ці ёсьць складанасьці ў працы? Здавалася б, суседняя дзяржава, людзі вельмі падобныя, ёсьць агульная гісторыя...

— Для дыплямата самая складаная краіна — суседняя. Таму што там заўсёды шмат праблемаў, зьвязаных ня з нашай працай, а з тым, што было 100, 200 гадоў таму і што ўплывае на сучаснае жыцьцё.

— Для дыплямата самая складаная краіна — суседняя. Таму што там заўсёды шмат праблемаў, зьвязаных ня з нашай працай, а з тым, што было 100, 200 гадоў таму і што ўплывае на сучаснае жыцьцё. І, вядома, у Польшчы і Беларусі ёсьць пэўныя праблемы, зьвязаныя з польскай меншасьцю, да прыкладу, статус якой так да канца і не ўрэгуляваны. Ёсьць праблемы з тым, як мы глядзім на нашу агульную гісторыю. Але мы спрабуем гэтыя праблемы зьняць. Ёсьць цяпер такая задума, каб стварыць сумесную групу гісторыкаў зь Беларусі і Польшчы, каб адмыслоўцы выпрацавалі агульную канцэпцыю. Безумоўна, у нас розныя інтарэсы, але трэба прыйсьці да нечага агульнага, каб людзі з абодвух бакоў маглі зразумець, што адбывалася. Шмат супярэчнасьцяў, зьвязаных з Другой усясьветнай вайной, з польскім падпольлем. Я быў зьдзіўлены, калі наведаў ваш музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і там ёсьць такая мапа ўваходу фашысцкіх дзяржаў у Эўропу. І ў цэнтры гэтай мапы — Польшча. Я першы раз чую, каб хтосьці казаў публічна, што Польшча была фашысцкай дзяржавай. Аўтарытарнай — так. Таму што наагул тады ў Эўропе не было цалкам дэмакратычных дзяржаваў (хіба што Вялікая Брытанія), а ўсе астатнія мелі пэўныя праблемы з дэмакратыяй, яна толькі нараджалася. А тут у дзяржаўным музэі краіны на пачэсным месцы ёсьць такі тэзіс. Гэта сьведчаньне таго, як шмат нам трэба зрабіць у агульнай гісторыі, каб зразумець адзін аднаго.

Для нас непрымальнае параўнаньне і турмы ў Бярозе-Картускай з Асьвенцімам. Нават вашы афіцыйныя гісторыкі пра гэта кажуць. Мне гэта незразумела. Асьвенцім — гэта была фабрыка сьмерці. А ў Бярозе-Картускай была турма для палітычных зьняволеных, дзе былі асаблівыя ўмовы. І за час існаваньня гэтай турмы там памерла 12 чалавек, і то з-за праблемаў са здароўем. Як можна параўноўваць такія рэчы? А ў вас гэта звычайная зьява, людзі з тытулам прафэсараў такія рэчы сьцьвярджаюць. Так што ёсьць праблемы рознага кшталту. І я як дыплямат працую, каб гэтыя праблемы, непаразуменьні здымаць.

Кар: Колькі гадоў вы ўжо працуеце ў Беларусі?

— Чатыры гады.

Кар: — Што больш за ўсё ўражвае ў Беларусі?

— Я вельмі люблю прастору, і ў вас прасторы значна болей, чым у Польшчы. Таму што Польшча напалову большая за Беларусь па тэрыторыі, а насельніцтва ў нас у чатыры разы больш. У вас насельніцтва 9,5 мільёна, і бальшыня жыве ў Менску і абласных гарадах. А вакол так прасторна, свабодна!

— Польшча з кожным годам выдае беларусам усё больш візаў. У мінулым годзе гэтая лічба дасягнула 402 тысяч. Была інфармацыя, што ў 2015 годзе ў Беларусі могуць быць адкрытыя 8 візавых цэнтраў. На якім этапе адкрыцьцё візавых цэнтраў? Зь якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца?

— У кастрычніку мінулага году беларускі бок акрэсьліў умовы і правілы адкрыцьця візавых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі. Дзякуючы гэтаму ў нас будзе магчымасьць адкрыць 8 візавых цэнтраў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі (акрамя Віцебску) і яшчэ ў трох іншых гарадах — Пінску, Лідзе і Баранавічах. Цяпер праводзіцца ўнутраная працэдура арганізацыі цэнтраў згодна з правіламі Шэнгенскай зоны. Спадзяёмся, што вырашым усе фармальнасьці ў гэтай палове году. Уся неабходная інфармацыя, якая тычыцца адкрыцьця візавых цэнтраў, будзе зьмешчана на сайце амбасады Польшчы ў Беларусі. Сачыце, калі ласка, за абвесткамі.

———————————————————

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка нарадзіўся 20 снежня 1964 году ў горадзе Отвацк. У 1991 годзе скончыў факультэт гісторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Працаваў экспэртам па пытаньнях Беларусі ў Міністэрстве ўнутраных спраў РП; галоўным спэцыялістам па расейскіх пытаньнях у Цэнтры ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве і Сакратаром Палітычнага аддзела амбасады РП у Маскве; у амбасадзе Польшчы ва Ўкраіне

З 20.02.2011 — Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

Жанаты, мае дачку і сына.

Валодае замежнымі мовамі — расейскай, ангельскай, украінскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG