Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыўня дасягнула гістарычнага мінімуму. Яцанюк крытыкуе Нацбанк Украіны


Ад пачатку году грыўня патаньнела ў 1,8 разу. У Кіеве патрабуюць адстаўкі старшыні Нацбанку.

Сёньня Нацыянальны банк Украіны усталяваў афіцыйны курс на ўзроўні 28,04 грыўні за даляр. Гэткім чынам, грыўня крыху ўзмацнілася. Аднак у панядзелак 23 лютага нацыянальная валюта Ўкраіны дасягнула гістарычнага мінімуму ў 28,34 грыўні за даляр. Для параўнаньня: летась у лютым афіцыйны курс грыўні складаў каля 8,6 грыўні за даляр.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў нараду з удзелам прэм’ер-міністра Арсена Яцанюка, старшыні Нацыянальнага банка Валерыі Гонтаравай, міністра фінансаў Натальлі Ярэські.

Ініцыяваў пасяджэньне кіраўнік ураду Арсен Яцэнюк, каб ацаніць дзеяньні Нацыянальнага банку Ўкраіны. Украінскі прэм’ер назваў сытуацыю на валютным рынку недапушчальнаю. Сёньня Нацыянальны банк Украіны ўвёў часовую забарону ўпаўнаважаным банкам набываць валюту па даручэньні кліентаў. Яцанюк гэтыя дзеяньні раскрытыкаваў.

«Сёньня раніцай я даведаўся пра тое, што Нацыянальны банк Украіны самастойна, як заўсёды, безь якіх-небудзь кансультацый прыняў рашэньне аб закрыцьці міжбанкаўскага валютнага рынку. Гэта сапраўды не дадае стабільнасьці нацыянальнай грашовай адзінцы, за якую адказвае Нацыянальны банк. І гэтая сытуацыя аказвае вельмі складаны і нэгатыўны ўплыў на эканоміку краіны», — сказаў Яцанюк.

На думку прэм’ера, цяпер неабходныя зразумелыя крокі, каб «людзі перасталі здымаць дэпазыты, каб зьбіць спэкуляцыйную хвалю ва Ўкраіне», а таксама каб экспартэры вярнулі валюту, якую яны трымаюць за мяжой.

Паводле Яцанюка, на ўкраінскім рынку дастаткова валюты, бо за апошнія дзевяць месяцаў на фінансавым рынку Украіны прадалі 51,5 мільярда даляраў — гэта 10-разовая сума ад усяго аб’ёму золата-валютных рэзэрваў Украіны. Паводле Яцанюка, «рынак напоўнены далярамі, а валюта ў краіне ёсьць, аднак частку валюты купляюць з мэтай правядзеньня спэкуляцыйных апэрацый».

Разам з тым, на «чорным рынку» курс украінскай нацыянальнай валюты сягае нават 38 грыўняў за даляр.

Раней Нацыянальны банк Украіны забараніў крэдытаваньне ў грыўнях на набыцьцё валюты і ўзмацніў кантроль над імпартнымі апэрацыямі. Разам з тым, Нацбанк папярэдзіў, што нават калі пасьля рашэньня МВФ пра крэдыт на пачатку сакавіка сытуацыя на стабілізуецца, будуць ужытыя дадатковыя адміністрацыйныя захады. Праз спэкуляцыі на рынку дзяржава мае вялікую патрэбу ў дапамозе ад МВФ.

У знак пратэсту супраць палітыкі ўраду некалькі соцень чалавек выйшлі на марш па вуліцах Кіева. Некаторыя зь іх былі ў вайсковай форме.

Гэтаксама сёньня група з 400 чалавек правяла дэманстрацыю перад Нацыянальным банкам і заклікала да адстаўкі яго старшыні Валерыі Гонтаравай і яе намесьніка Аляксандра Пінчука.

Пракуратура расьсьледуе магчымае злоўжываньне службовым становішчам некаторых чыноўнікаў Нацыянальнага банку, аднак імя Гонтаравай у ліку падазраваных не называюць.

Між тым, самі ўкраінцы ў сацыяльных сетках жартуюць з сытуацыі, якая склалася на валютным рынку, напрыклад, прапаноўваючы майстар-клясы «Танцуем за ежу» і заняткі па стварэньні «арыгамі з грыўні, якая цяпер таньнейшая за паперу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG