Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтуюць кнігу Аляксандра Лукашука «Дзясяты паверх» УЖЫВУЮ

«Дзясяты паверх» складаецца зь дзевяці кніг — уключае мастацкія ўспаміны, недакумэнтальныя эсэ, літаратурныя сны і вершы на замежнай мове.

На прэзэнтацыю ў кнігарні «Ў» сабраліся дзясяткі людзей. На вечарыне прысутнічаюць літаратары Ўладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Павал Касьцюкевіч, выдавец Ігар Логвінаў, Натальля Адамовіч, мастак Генадзь Мацур, этнакультуроляг Антаніна Хатэнка.

20:35 25.2.2015

Прэзэнтацыя завяршылася

20:29 25.2.2015

Распавядае гісторыю пра 1980-я гады, як студэнты не хацелі вучыць беларускую мову. А Лукашук, працуючы ў «Звяздзе», напісаў артыкул. У інтэрвію Народнай Волі Лукашук сказаў, што творчасьць толькі пачынаецца, нагадаў Федарэнка.

20:26 25.2.2015

Андрэй Федарэнка кажа, што рэдагаваць Лукашука — сьмешна. Уся рэдактарская праца была — замяніць пару словаў. Як Лукашук піша і чытае — вы бачыце. Чытае, не заглядаючы ў кнігу, амаль даслоўна. Чалавек выпрабоўвае на зуб кожнае слова.

20:17 25.2.2015

Лукашук дае слова мастаку Генадзю Мацуру: "Гэта чалавек, які ведае, якая літара ў альтабэце самая эратычная, прадстаўляе мастака — графіка аўтар кнігі".

Мацур распавядае пра прыгоды ў Вэнэцыі, як у самы дарагі рэстаран прыйшлі ў гумавых ботах. Як Уладзімір Арлоў разуўся і папрасіў пасушыць мокрыя шкарпэткі. Гульня слоў «сушы». Цемнаскураму італійцу Арлоў тлумачыць, што кампанія з «Бьянко Руссо» (на сумесі ангельскай і італійскай).

20:01 25.2.2015

Андрэй Хадановіч, «начальнік ПЭН-цэнтру», як яго назваў Лукашук. Хадановіч пажартаваў, што адзіны літаратар, які сам узгадвае пра сяброўскія складкі ў ПЭН-цэнтар — гэта Лукашук. Сказаў, што ня будзе пытацца, чаму кніга такая тоўстая. Пытаецца, калі будзе трэці том. Жартуе, што выступае, як сьпявак на разагрэве ў Лукашука.

19:57 25.2.2015

Аляксандра Макавік кажа, што раней выйшла дакумэнтальная проза, у якой было шмат літаратуры. І ўзгадвае кнігу «АРА». А ў не дакумэнтальнай прозе літаратуры яшчэ больш. Лукашук разглядае штодзённасьць як штуршок да мастацтва.

19:52 25.2.2015

Аляксандар Лукашук кажа, што кніга — твор калектыўны. А запрашае чалавека, які бачыць тое, што ня бачаць іншыя — Аляксандру Макавік.

19:47 25.2.2015

Пра Лукашука кажуць: чым далей, тым ён лепш піша. Дубавец кажа пра «літаратуру факту», якая — падрыхтоўчы матэрыял, каб напісаць прыгожую кнігу: "Лукашук дрэйфуе ад канстатацыі фактаў да самавыражэньня. У яго зьяўляюцца вобразы".

19:46 25.2.2015

Сяргей Дубавец кажа, што будзе выступаць як крытык. Як крытычны крытык. Галоўная задача крытыка — паставіць кнігу ў кантэст. Паміж кім і кім. Доўга мучыўся. Нічога лепшага не знайшоў, як паставіць кнігу ў кантэкст «Тутэйшых», пакаленьня 1980-х. Назваў прозьвішчы Асташонка, Глёбуса, Сапач, Бабкова. Кажа, што «Тутэйшыя» павярнулі нашу літаратуру на Захад, хто далез да Польшчы, хто ў Японію. Далей за ўсіх залез аўтар менавіта «Дзясятага паверху».

19:32 25.2.2015

Слова бярэ Анатоль Вярцінскі. Кажа, што ў яго ёсьць доказ таго, што гэта першая кніга, якая выйшла па-беларуску ў 2015 годзе. Распавядае пра кнігу «Наш Быкаў», якую ўклаў Генадзь Бураўкін. Пра сувэнірную паштоўку, якую яму падараваў Быкаў — таксама з выявай тарэадора, як і на вокладцы кнігі Аляксандра Лукашука. Кажа, што Лукашук — чалавек жанру, чалавек сяброўства, чалавек густу жыцьця, чалавек карыды ( ня толькі ў літаральным сэньсе бою быкоў — карыда яшчэ — народная баляда на палітычныя тэмы). І канечне ж, Лукашук — гэта чалавек-аркестар. Прычым, не сімфанічны, ні які іншы, а менавіта духавы аркестар. Кажа пра супадзеньні: 60 год — радыё Свабода, 60 гадоў Аляксандру Лукашуку. І жартуе пра 60 год, якія нядаўна споўніліся яшчэ аднаму чалавеку таксама зь ініцыяламі А.Л., які называе сябе гарантам усяго.

19:23 25.2.2015

Самы сумны разьдзел кнігі называецца «Людзі бязь ценю» — заўважае Арлоў.

19:12 25.2.2015

Выступае Ўладзімер Арлоў. Кажа, што прайшло 20 дзён, як адбылася першая прэзэнтацыя кнігі — 6 лютага на 60-годзьдзі аўтара ў Вэнэцыі. Яна супала з вэнэцыянскім фэстывалем і паводкай у Вэнэцыі — так Арлоў тлумачыць, чаму прыйшоў у гумавых ботах і карнавальным строі. Паказвае рарытэты кніг, якія былі падмочаныя падводкай.

19:11 25.2.2015

На прэзэнтацыю ў кнігарні «Ў» сабраліся дзясяткі людзей. На вечарыне прысутнічаюць літаратары Ўладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Павал Касьцюкевіч, выдавец Ігар Логвінаў, Натальля Адамовіч, мастак Генадзь Мацур, этнакультуроляг Антаніна Хатэнка.

Аляксандар Лукашук чытае фрагмэнты з кнігі — пра чытаньне. Кажа, што закрываць незалежныя выдавецтвы, выкідаць з памяшканьняў кнігарні — гэта барбарства. Людзі, якія прыйшлі падтрымаць кнігарню «Ў» і выдавецтва «Галіяфы» зьдзяйсьняюць акт салідарнасьці, кажа спадар Лукашук.

XS
SM
MD
LG