Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мустафа Джамілеў да Надзеі Саўчанкі: «Надзя, дачка, ужо няма сэнсу працягваць галадоўку»


Лідэр крымскіх татараў Мустафа Джамілеў заклікаў ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанку спыніць галадоўку, якую яна працягвае ў расейскай турме ўжо больш за 70 дзён.

Экс-кіраўнік Мэджлісу крымска-татарскага народу ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Гардон» сказаў, што галадоўка ня змусіць расейскія ўлады вызваліць Надзею Саўчанку.

«Надзя, дачка, няма ніякага сэнсу ў працягу галадоўкі. Расея ня тая краіна, дзе існуюць гуманныя прынцыпы. Мы ва Ўкраіне цябе абавязкова выратуем, але іншымі спосабамі», — сказаў Мустафа Джамілеў.

71-гадовы Мустафа Джамілеў — савецкі дысыдэнт, праваабаронца, які правёў шэсьць тэрмінаў у савецкіх турмах з 1966 па 1986 год. На знак пратэсту супраць незаконных тэрмінаў і абвінавачаньняў Джамілеў неаднаразова абвяшчаў галадоўку. Найдаўжэйшая зь іх працягвалася 303 дні — гэта самая доўгая галадоўка ў гісторыі савецкага праваабарончага руху. Падчас яе Джамілева кармілі прымусова.

Праваабаронца і былы савецкі дысыдэнт, а цяпер дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны, сказаў, што спыніць галадоўку яго ўгаварыў ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Андрэй Сахараў.

Сёньня ў Маскоўскім гарадзкім судзе разглядзілі скаргу на чарговае падаўжэньне арышту Надзеі Саўчанкі. Пасяджэньне распачалося з амаль двухгадзінным спазьненьнем. Сама ўкраінская лётчыца ўдзельнічала ў ім па відэасувязі.

Празь некалькі хвілінаў пасьля пачатку суда Саўчанка паклала галаву на стол, а пасьля легла на лаўку. Яна папрасіла распачаць пасяджэньне хутчэй, паколькі «можа не дажыць да наступнага». Сваёй віны ўкраінская лётчыца не прызнала.

Маскоўскі гарадзкі суд прызнаў законным працяг арышту ўкраінскай лётчыцы. Гэткім чынам, скаргу адвакатаў, якія прасілі зьмяніць для Надзеі Саўчанкі, захаду стрыманьня, адхілілі. Прадстаўнікі пракуратуры сьцьвярджаюць, што стан здароўя Саўчанкі дазваляе ёй знаходзіцца пад вартаю.

Ліст Віктара Файнбэрга да Надзеі Саўчанкі
Ліст Віктара Файнбэрга да Надзеі Саўчанкі

Напярэдадні расейскія праваабаронцы перадалі ў адміністрацыю прэзыдэнта Расеі зварот з просьбай зьмяніць для Саўчанкі захаду стрыманьня ў сувязі зь яе працяглай галадоўкай. Да галадоўкі Саўчанкі далучыўся савецкі дысыдэнт Віктар Файнбэрг, адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту на Чырвонай плошчы ў 1968 годзе супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

Надзею Саўчанку захапілі прарасейскія сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны летась і перавезьлі ў Расею, дзе ёй выставілі абвінавачаньне ў датычнасьці да сьмерці двух журналістаў, забітых у Данбасе.

Саўчанка, якая адмаўляе сваю віну і кажа, што Расея ня мае права перасьледаваць яе, 13 сьнежня летась распачала галадоўку, якую спыніць толькі калі яе вызваляць. Напрыканцы студзеня ўкраінскай лётчыцы выставілі новае абвінавачаньне ў незаконным перасячэньні мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG