Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга пра ненароджаных дэльфінаў


Празаік Анатоль Казлоў — адзін з тых людзей, хто вызначае, якім будзе рэчышча сучаснай беларускай літаратуры. У розныя гады ён узначальваў газэту «Літаратура і мастацтва», займаў і займае важкія пасады ў беларускіх часопісах. Напрыканцы 2014 году выйшла новая кніга Казлова — «Той, хто абганяе сны», у якую ўвайшлі чатыры аповесьці. Зборнік гэты ёсьць у сьпісе кніг, намінаваных сёлета на прэмію імя Ежы Гедройца.

Твары без абліччаў

Чатыры аповесьці, зь якіх складаецца «Той, хто абганяе сны», маюць вонкавае падабенства. Падзеі разгортваюцца ў Менску, галоўныя героі — мужчыны і жанчыны сярэдняга ўзросту, якія пераехалі ў сталіцу зь беларускіх вёсачак, атрымалі не абы якія прафэсіі. І вось тут пачынаецца першы разлом гэтай кнігі, які не дазваляе нам, чытачам, наблізіцца да цэнтру аповеду — мы вымушаны заставацца на ягонай пэрыфэрыі.

Хоць Казлоў называе імёны пэрсанажаў, месцы іх працы, а таксама пералічвае адрасы, дзе яны жывуць альбо бавяць вольны час, пісьменьнік не дае нам аніякай магчымасьці выразна ўявіць гэтых людзей, пабачыць іх увачавідкі. Узгадайце, як Леў Талстой апісваў сваю гераіню Кацюшу Маславу: «вочы чорныя, як мокрыя парэчкі». Нумар тэлефона каханкі забудзесься, а гэты вобраз літаратурны памятаць будзеш! Дык вось у Казлова — дзіўная рэч — няма ніводнай падобнай дэталі. Фактычна чытачы ягонай кнігі толькі чуюць галасы пэрсанажаў, быццам тыя знаходзяцца ў суседнім пакоі, дзе ходзяць, грукаюць, гучна спрачаюцца.

Гэтак жа старанна Казлоў пазьбягае якіх-кольвечы тапанімічных падрабязнасьцяў, наагул любых назваў, прыкметаў, малюнкаў з менскага жыцьця, якія б запалілі ліхтары ў памяці і ўяўленьні чытачоў, дазволілі б разгледзіць пляцоўку, дзе адбываюцца падзеі «Таго, хто абганяе сны».

Канвэер пытаньняў

Будзем лічыць, што пісьменьнік сьвядома вымушае нас трымацца на адлегласьці ад сваіх герояў. Магчыма, гэта спатрэбілася яму, каб мы не засяроджваліся на вонкавых дэталях, а ўважліва сачылі за ўнутраным жыцьцём пэрсанажаў, спасьцігалі сутнасьць зьяў. Заля цёмная, але ўсе гукі, галасы са сцэны добра чуваць — ня будзем пакуль раздражняцца, а пагодзімся на літаратурна-мастацкія ўмовы Казлова, паслухаем ягоных герояў.

Сапраўды, усе чатыры творы зборніка «Той, хто абганяе сны» багатыя на дыялёгі і маналёгі. Як і ў любым іншым мастацкім творы, гавораць тут пераважна пра вечнае: сэнс жыцьця, прызначэньне чалавека і яго стасункі з іншымі.

«Жывёлінай робісься, жывёлінай, — кажа сабе пэрсанаж Казлова, які крочыць па вуліцы да дзяўчыны, з якой пазнаёміўся праз інтэрнэт. — Табе падавай цела, а як жа наконт душы?»

Вось з такіх, пераважна рытарычных, пытаньняў складаецца кніга. Так, яны досыць выразна перадаюць ступень роспачы пэрсанажаў, іх душэўнай знэрваванасьці, разгубленасьці. Аднак гэтыя пытаньні толькі драпаюць паветра кнігі знакамі прыпынку, але не ўзрушаюць нікога па-за яе межамі. Пачынаючы ўжо з другой аповесьці, надакучвае сузіраць шумны і вялікі канвэер самаедзтва, ваганьняў, няўпэўненасьці, які запусьціў пісьменьнік. Гэтыя аповесьці,зьмешчаныя пад адной вокладкай, толькі падкрэсьліваюць голую, мэханічную сутнасьць адна адной, унутранае падабенства іх каркасаў.

«Дык чаму ж столькі гадоў ты маўчала, маё відушчае сэрца?»

Чытачу цяжка адказаць нешта на падобныя пытаньні герояў Казлова — хочацца, каб яны самі нешта рабілі, неяк дапамагалі самім сабе, уладкоўваючы ўласнае жыцьцё і ўзбагачаючы яго сэнсамі. Хочацца не проста апісаньняў пачуцьцяў, а дзеяньняў, магчыма, нават учынкаў. Каб нарэшце адбылося суаднясеньне, судакрананьне мастацкага і жыцьцёвага досьведу, каб паміж пісьменьнікам і чытачамі прабегла іскра. Але што мы бачым (дакладней, чуем, бо малюнку, як я казаў, тут няма)? Блукае-блукае маладзён паўз усю аповесьць, шукае-шукае патаемны сэнс жыцьця і адвечнае, нязгаснае як Вечны агонь каханьне, а напрыканцы кнігі ціскае сваю жонку (так, ён жанаты!) і ўздыхае: «Вось так і жывём». Фініта ля трагедыя. І да Чэхава тут — як ад Менску да Ялты: панарамы мяшчанскага жыцьця, гэтай пасткі для чалавечых душаў, у Казлова не атрымліваецца, і развагі яго не набываюць маральна-філязофскай глыбіні —сьлізгаюць па паверхні быццам вадамеркі.

Ці вось яшчэ адзін малады мужык-герой. А насамрэч кардонны трафарэт. Наразае кругі па ўмоўнаму Менску, у галаве адны апілкі, прабачце, адвечныя пытаньні, а потым, бац, натыкаецца на раяль у кустах: на ягоны званок у «кватэру стандартнай хрушчоўкі» дзьверы плаўна адчыняе Адзіная — яго любая і родная жанчына (як яна сама прызнаецца). Абодва адразу пазнаюць адзін аднаго, і мужык, чуваць нам са сцэны, пачынае плакаць. Закрываецца заслона, ставіцца апошняя кропка ў тэксьце.

Зьяўленьне аўтара

Іншым разам у тэксьце мільгаціць сам аўтар, моцна «націскаючы» на шматкроп’е — знак, які быццам бы надае аповеду шматзначнасьць, глыбокі роздум: «Помсьцячы, ці набываем мы душэўны спакой, раўнавагу і ўпэўненасьць?.. І каму помсьцім?! Помсьцім сабе... А паразумецца з ветрам можна. Ведаю».

І вось тут хочацца сказаць толькі адно: «Калі ведаеш — раскажы! Ці ня ў гэтым твая задача як пісьменьніка?» Але Казлоў прыхоўвае гэтыя веды, змаўкае. Але ці ведае ён нешта дакладна? Бо зборнік «Той, хто абганяе сны» адразу, зь першага абзацу, пераконвае нас у адваротным: «Вам даводзілася бачыць, як паміраюць дэльфіны? Не? А як яны кахаюцца? Ага, таксама ня бачылі... Вось і мне не пашэнціла ўгледзець ні першае, ні другое». Шчыра кажучы, я яшчэ не сустракаў падобнага моцнага разрыву камунікацыяў між пісьменьнікам і чытачамі, нагэтулькі бездапаможнага пачатку твора.

Дзіўная кніга атрымалася ў Казлова, што і казаць. Расколіна ідзе за расколінаю, тэлеграфныя слупы стаяць без правадоў, замест твараў — сьцёртыя абліччы, усё зарасло пустазельлем. І быццам пенаплястам па шкле — скрозь гук банальнасьцяў: «Самае неспасьцігальнае і заблытанае ў жыцьці —узаемаадносіны паміж людзьмі». Асобныя фрагмэнты зборніка прозы да таго друзлыя, няўцямныя, неахайныя, што хочацца запытацца, ці быў у «Таго, хто абганяе сны» рэдактар. (Відаць, усё-ткі быў: нехта ж перарабіў фразу «А як яны займаюцца сэксам?» на «А як яны кахаюцца?» — часопісны і кніжны варыянт аповесьці «Абганяючы сны» маюць адрозьненьні.)

Усё гэта дзіўна ўдвая, бо Казлоў вядомы як выдатны прадстаўнік жанру магічнага рэалізму з чулай і пранікнёнай душой, роўным, прыгожым почыркам. Калі ў 1993 годзе ў сэрыі «Першая кніга празаіка» выйшла яго кніга «І тады я памёр», мне прыйшлося займаць чаргу, каб прачытаць гэта выданьне — яго на ўсіх не хапіла, бралі ў сяброў, знаёмых. У гэтай кнізе, акром пяці «асноўных» пачуцьцяў, было выяўлена і шостае, экстрасэнсорнае, якое дапамагло пісьменьніку спасьцігнуць душу беларускую — праводзячы мастацкія паралелі, узгадаю фотаальбомы Дзяніса Раманюка: вось такога ўзроўню эфэкт быў ад кнігі «І тады я памёр».

Мне ня хочацца думаць, што Казлоў дашчэнту сьпісаўся альбо сьвядома абраў у літаратуры ціхую гавань паўсядзённасьці, дзе — згодна зь яго апісаньнямі —жанатыя мужыкі, заліўшыся півам, палююць за жанчынамі, а маладыя кабеты кажуць пра сябе: «Зараз падмалюю зенкі, сьвісток падвяду». Проста ў жыцьці кожнага пісьменьніка бываюць пераходныя пэрыяды, прахадныя кнігі —галоўнае, не абганяць свае сны, сьвядома не пазбаўляць сябе і свае кнігі пачуцьцяў, дэталяў, красак. І памятаць, што калі літаратурная моладзь — зона тваёй асабістай адказнасьці, ты мусіш спрабаваць адказваць на ўсе пытаньні, у тым ліку пра тое, як нараджаюцца дэльфіны.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG