Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы блёк атамнай электрастанцыі ў Астраўцы пачне працаваць у 2018 годзе, а не ў 2017, як плянавалася раней. Адтэрміноўка для другога блёку складзе два гады — ён будзе запушчаны ў дзеяньне ў 2020 годзе, а не ў 2018-м.

Такія тэрміны прапісаныя ў пратаколе да Дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй ад 15 сакавіка 2011 году «Аб супрацоўніцтве ў пабудове на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атамнай электрастанцыі». Пратакол сёньня ратыфікавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык у Авальнай залі тлумачыў зьмяненьне тэрмінаў «мэтамі ўрэгуляваньня актуальных пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва». Аднак у кулюарах можна было пачуць меркаваньні, што адтэрміноўка зьвязаная з адсутнасьцю фінансавых сродкаў у расейцаў, якія крэдытуюць гэты праект.

Міністар Патупчык сказаў дэпутатам, што будоўля АЭС ідзе адпаведна графіку:

«Мы ўвесь час нарошчваем колькасьць працуючых на аб’екце. Цяпер там знаходзіцца каля трох тысяч будаўнікоў зь Беларусі і Расеі. Максымальная колькасьць іх будзе ў 2016–2017 гадах».

XS
SM
MD
LG