Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да якіх тэлеканалаў ёсьць доступ у беларускіх тэлегледачоў, хто і як вызначае пералік каналаў для кабэльных тэлевізійных сетак? Чаму зь сетак практычна цалкам зьніклі ўкраінскія, польскія каналы, якія яшчэ 5 гадоў таму маглі глядзець у берасьцейскім і гарадзенскім рэгіёнах? Чаму з тысяч замежных тэлеканалаў беларусам у лепшым выпадку даступныя толькі Euronews, Eurosport ды пара навукова-пазнавальных каналаў кшталту Discoverу, а ўсе астатнія — расейскія?

Берасьцейцы раней глядзелі і польскія, і ўкраінскія каналы. У Менску абанэнты кабэльных сетак таксама мелі магчымасьць глядзець украінскія каналы. У Горадні да 2010 году ў кабэльных сетках трансьлявалі польскі дзяржаўны канал TVP1, потым яго замянілі на PolSat. Але ў верасьні 2013 году трансьляцыю спынілі. Гарадзенец Дзяніс Івашын распавёў:

«Калі цікавіць польскі канал, то цяпер ёсьць магчымасьць толькі праз спадарожнік глядзець. У кабэльных сетках і наўпрост цяпер нічога не паглядзіш. Праблема ў тым, што ў мінулым годзе і літоўцы, і палякі цалкам перайшлі на лічбу. Напрыклад, раней у бацькоўскай вёсцы, каля мяжы зь Літвой, лёгка лавілі літоўскія каналы. Пасьля таго як яны разам перайшлі на лічбу — усё, для простага грамадзяніна без адмысловай прыстаўкі, без сучаснага тэлевізара гэтыя каналы сталі недаступнымі».

Такім чынам, тыя, у каго няма спадарожнікавых антэн, ня маюць магчымасьці глядзець замежныя каналы. Дарадца Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі Натальля Аляшкевіч тлумачыць, што яе ведамства дае кабэльным сеткам ліцэнзію на аказаньне паслуг, а далей сеткі пачынаюць сваю камэрцыйную дзейнасьць пад кантролем Міністэрства інфармацыі:

«Фармаваньне пакетаў — гэта прэрагатыва кабэльных сетак. Яны павінны каналы, якія трансьлююць, узгадняць зь Міністэрствам інфармацыі. То бок палітыка кантэнту — гэта ня справа Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, мы толькі пастаўшчыкі паслугі, як я кажу, тэхнары. Менавіта па зьмесьце — гэта Мінінфарм».

Такім чынам, для трансьляцыі на тэрыторыі Беларусі канал павінен мець ліцэнзію і ад Мінсувязі, і ад Мінінфарму, тлумачыць прадстаўніца берасьцейскай кампаніі кабэльных сетак «ТВ САТ»:

«Кожны замежны канал (а замежныя — гэта ўсе, акрамя беларускіх) павінен быць узгоднены зь Міністэрствам інфармацыі, то бок атрымаць ліцэнзію. Нам, напэўна, зручней, каб сам канал атрымаў ліцэнзію і нам прапанаваў яго трансьляваць. Шчыра кажучы, самі мы ня езьдзілі ва Ўкраіну, а іхніх прадстаўнікоў надта тут не відаць. Мы, да прыкладу, трансьлюем „Спорт-1“, гэта ўкраінскі канал. А кіношных, грамадзка-палітычных каналаў пакуль няма».

Мінінфарм дае дазволы, ліцэнзіі на трансьляцыю згодна з Законам аб СМІ і пастановамі Савету міністраў № 1849 і 88, кажа намесьнік міністра інфармацыі Сяргей Хільман:

«Тэлеканалы, якія вяшчаюць у краіне, павінны прыйсьці легальна, не па-пірацку. На любы канал ёсьць аўтарскія правы, і для таго, каб узяць яго ў кабэльную сетку, да прыкладу, у Пружанах альбо Ваўкавыску, з гэтым каналам павінна быць заключана дамова. А ўзяць яго са спадарожніка і мець камэрцыйны прыбытак — незаконна. Трэба атрымаць правы ў праваўладальніка. Я думаю, шмат якія каналы і самі паадключаліся, калі ўбачылі, што дзяржава сочыць за выкананьнем заканадаўства».

Усе каналы, якія на сёньняшні дзень зьвярталіся ў Міністэрства інфармацыі па ліцэнзію, такія дазволы атрымалі, запэўніў намесьнік міністра Сяргей Хільман.

Цяпер у беларускім тэлеэфіры, у кабэльных сетках засільле расейскіх каналаў — іх нават не дзясяткі, а ўжо сотні. Чаму такі перакос? Супрацоўніца кампаніі кабэльных сетак распавяла:

«Што тычыцца расейскіх каналаў, то тут, у Беларусі, ёсьць шмат іх прадстаўнікоў, дыстрыбутараў, якія дапамагаюць ім атрымаць ліцэнзіі і прадаваць іх тут. Адсюль і засільле расейскіх каналаў».

Чаго толькі не прапануюць расейскія каналы — фантастыку, містыку, індыйскае кіно, гумар, спорт, кулінарныя рэцэпты, парады для дачнікаў і агароднікаў... І, натуральна, дзяржаўныя «РТР», на якім бясконцыя «Воскресные вечера» з Салаўёвым, Кісялёвым, Russia Today і далей па сьпісе...

Тэлеканал Russia Today і яе вядучы Дзьмітрый Кісялёў, які заявіў у сваёй тэлепраграме: "Расія зьяўляецца адзінай краінай у свеце, якая можа ператварыць ЗША ў радыёактыўны попел".

Тэлеканал Russia Today і яе вядучы Дзьмітрый Кісялёў, які заявіў у сваёй тэлепраграме: "Расія зьяўляецца адзінай краінай у свеце, якая можа ператварыць ЗША ў радыёактыўны попел".

У Берасьці грамадзкая актывістка Ірына Лаўроўская дамагаецца ўключэньня ўкраінскіх і польскіх каналаў у кабэльныя сеткі не адзін год. Яе аргумэнтацыя — створаны эўрарэгіён «Буг», куды ўваходзяць Украіна, Польшча і Беларусь, у памежным рэгіёне вельмі шчыльныя сувязі з Польшчай і з Украінай, а не з Расеяй:

Ірына Лаўроўская

Ірына Лаўроўская

«Мяне, да прыкладу, непакоіць агрэсіўнасьць расейскіх каналаў. І ў кантэксьце таго, што адбываецца ў Берасьці, прынамсі, з гэтым „Русским миром“, вельмі кепская палітыка. Я не разумею, чаму дзяржава на гэта не рэагуе, бо гэта небясьпека вялікая. Бо закрываць, напрыклад, украінскія і польскія каналы, якія дапамагаюць разумець усе праблемы канфлікту, ня варта. Цяпер атрымліваецца наадварот: нам навязваюць адзін пункт „взору“ (я ўжо па-ўкраінску загаварыла), і ў людзей фармуецца такое аднабокае стаўленьне, бо атрымаць іншую інфармацыю немагчыма».

Два месяцы таму Аляксандар Лукашэнка сустракаўся ў Кіеве зь Пятром Парашэнкам, і прэзыдэнты дамовіліся стварыць сумесны ўкраінска-беларускі канал. На пытаньне, ці ёсьць зрухі ў стварэньні каналу, начальнік упраўленьня электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Ўладзімер Ядранцаў даслоўна адказаў так:

«Радыё Свабода? Усе пытаньні да Парашэнкі. У нас адказаў няма. Да пабачэньня».

І кінуў слухаўку.

Так што прынамсі ўкраінскія каналы, мяркуючы па адказе чыноўніка Мінінфарму, у Беларусі ў бліжэйшай будучыні наўрад ці зьявяцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG