Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім бюджэце не знайшлося грошай для Грэцыі


Расея ня мае намеру аказваць фінансавую дапамогу Грэцыі — на гэтую мэту ў бюджэце не прадугледжана сродкаў, заявіў намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Сторчак, перадае РИА Новости.

«На сёньняшні дзень выключаю (фінансавую падтрымку Грэцыі — рэд.), таму што ў законе аб фэдэральным бюджэце такіх сродкаў не прадугледжана», — сказаў чыноўнік. Раней расейскі міністар фінансаў Антон Сілуан казаў, што Расея разгледзіць пытаньне аб выдзяленьні грошай Грэцыі.

19 лютага Грэцыя накіравала ў Брусэль афіцыйную просьбу аб працягу крэдытнага пагадненьня з эўразонай на шэсьць месяцаў. Тэрмін дамовы мінае 28 лютага. Пры гэтым урад Грэцыі ня хоча весьці перамовы аб фінансавай падтрымцы Эўразьвязу і МВФ, паколькі гэтая праграма патрабуе ўвядзеньня рэжыму жорсткай эканоміі.

Эўрапейскі цэнтральны банк заяўляў, што ня будзе прымаць удзел у сьпісаньні або рэструктурызацыі доўгу Грэцыі. Выключыла магчымасьць сьпісаньня запазычанасьці і канцлер ФРГ Ангела Мэркель. Паводле дадзеных апытаньня, 48% жыхароў Нямеччыны выказаліся за тое, каб Грэцыя пакінула эўразону.

1 лютага міністар фінансаў Грэцыі Яніс Варуфакіс адзначыў, што краіна больш ня будзе браць крэдытаў. Пагашэньне Грэцыяй бягучых даўгоў павінна быць зьвязана з эканамічным ростам, дадаў ён. Міністар фінансаў таксама заявіў, што Атэны ня маюць намеру супрацоўнічаць зь місіяй «тройкі» эўрапейскіх крэдытораў (ЭЗ, Эўрапейскі цэнтрабанк і МВФ).

Агульная сума запазычанасьці Грэцыі перад крэдыторамі складае 320 мільярдаў эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG