Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны банк праводзіць мерапрыемствы «па максымальным скарачэньні выпадкаў выкарыстаньня замежнай валюты пры правядзеньні разьлікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пра гэта паведамляе прэс-служба галоўнага банку краіны.

У прыватнасьці, з 1 сакавіка Нацбанк спыняе выдачу індывідуальных дазволаў суб’ектам валютных апэрацыяў на выкарыстаньне ў разьліках зь фізычнымі асобамі замежнай валюты пры:

• ажыцьцяўленьні розьнічнага гандлю і (або) аказаньні паслуг на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах з нумарацыяй «М», «М/Е» і ў пунктах пропуску празь Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь;

• ажыцьцяўленьні страхавой дзейнасьці;

• ажыцьцяўленьні турыстычнай дзейнасьці;

• рэалізацыі аўтамабільнага бэнзіну ўсіх марак, дызэльнага паліва і звадкаванага газу.

«Суб’екты валютных апэрацыяў, якія ажыцьцяўлялі да 1 сакавіка 2015 году розьнічны гандаль і аказаньне паслуг фізычным асобам за замежную валюту ў адпаведнасьці з дазволамі Нацыянальнага банку, абавязаныя здаць атрыманую выручку ў замежнай валюце ў банк для залічэньня на свой бягучы (разьліковы) банкаўскі рахунак ва ўзгодненыя з банкам тэрміны», — гаворыцца ў паведамленьні Нацбанку.

У Нацбанку адзначаюць, што ўсе гэтыя захады робяцца «ў мэтах павышэньня даверу насельніцтва і суб’ектаў гаспадараньня да нацыянальнай валюты і абароны ўнутранага спажывецкага рынку».

XS
SM
MD
LG