Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 % расейцаў адчуваюць эканамічны крызыс


Колькасьць расейцаў, якія адчуваюць эканамічны крызыс у краіне вырасла на восем адсоткаў зь мінулага месяца.

Пра гэта паведамляе фонд «Грамадзкае меркаваньне». http://fom.ru/

Адказваючы на пытаньне, у чым праяўляецца гэты крызыс, рэспандэнты зьвяртаюць увагу перадусім на рост коштаў і інфляцыю (45 %), зьніжэньне ўзроўню жыцьця (11 %), беспрацоўе і скарачэньне на працы (12 %).

Паводле зьвестак Міністэрства працы Расеі, колькасьць беспрацоўных расейцаў за тыдзень павялічылася больш як на 2 адсотка. Выпадкі скарачэньня або затрымкі заробкаў за апошнія два-тры месяцы былі ў 15 адсоткаў працоўных рэспандэнтаў.

Апытаньне было праведзенае 14-15 лютага. У ім прынялі ўдзел 1500 жыхароў ста населеных пунктаў 43 суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі.

Сьпікер Дзярждумы Расеі Сяргей Нарышкін прапанаваў абмеркаваць магчымае скарачэньне заробку для дэпутатаў. Паводле яго, падставай для гэтага стала масавае скарачэньне бюджэтаў розных арганізацый.

Раней расейскае выданьне «Камэрсант» паведамляла, што ўрад прапанаваў усім праваахоўным органам зьнізіць заробак або звольніць да 10 адсоткаў супрацоўнікаў для скарачэньня выдаткаў бюджэту.

У адпаведнасьці з антыкрызысным плянам, які ўрад Расеі прыняў у канцы студзеня, выдаткі фэдэральнага бюджэту мусяць быць скарочаныя на 10 % па большасьці артыкулаў. Выключэньне зроблена толькі для расходаў на абарону, сельскую гаспадарку і сацыяльнае забесьпячэньне.

XS
SM
MD
LG