Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Беларусь – на варце эўрапейскай бясьпекі


Аляксандар Лукашэнка лічыць, што Беларусь можа адыграць важную ролю ў выбудоўваньні бясьпечнай Эўропы.

«З-за апошніх падзей у Эўропе вы разумееце, што Беларусь – гэта адна з краін, адно са зьвёнаў, якое можа сыграць важную ролю ў выбудоўваньні бясьпечнай Эўропы. Пагадзіцеся, што перад пытаньнямі вайны і міру ўсе астатнія проста цьмянеюць. У гэтых адносінах краіна, якая знаходзіцца выключна ў геаграфічным цэнтры Эўропы, ня можа ня быць значнай і ня можа не ўплываць на гэтыя пытаньні», – падкрэсьліў ён на сустрэчы з намесьнікам генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльгай Марыяй Шмід, перадае БЕЛТА.

Лукашэнка таксама выказаў надзею на пачатак добрага дыялёгу ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ.

«Спадзяюся, гэта пачатак нашага добрага дыялёгу з Эўразьвязам, хоць мы апошнім часам нямала гаворым пра адносіны ЭЗ і Беларусі. Думаю, што гэта рэч патрэбная, гэта рух у правільным кірунку. Прынамсі, адносіны паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам сёньня не такія туманныя, як раней», – заявіў ён.

Лукашэнка таксама згадаў пра важнасьць праграмы «Ўсходняе партнэрства» для аб'яднаньня эўрапейскіх краін. «Мы ўступілі ў гэтую арганізацыю, спадзеючыся, што яна зьвяжа Ўсход і Захад. Мы не павінны ствараць разьдзяляльныя лініі... Трэба шукаць агульныя падыходы і аб'ядноўваць дзяржавы», – цытуе кіраўніка Беларусі РИА Новости.

На думку Лукашэнкі, «не такой далёкай пэрспэктывай можа аказацца супрацоўніцтва паводле формулы “ад Лісабону да Ўладзівастоку”».

«Гэта добрая пэрспэктыва. Беларусь гатовая зрабіць максымум, каб паскорыць рэалізацыю гэтага праекту», – паведаміў кіраўнік дзяржавы.

«Я думаю, мы можам пачаць сур'ёзны дыялёг па выбудоўваньні адносін», – сказаў ён на заканчэньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG