Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадуліну 80: няма помніка, няма вуліцы — ёсьць памяць і кнігі


Разьвітаньне з Рыгорам Барадуліным у сакавіку 2014 году

Разьвітаньне з Рыгорам Барадуліным у сакавіку 2014 году

«Ня думаю, што нехта спадзяваўся, што за гэты год у кожным беларускім горадзе зьявіцца вуліца Барадуліна і помнік Барадуліну. Але гэта пытаньне часу».

24 лютага споўнілася б 80 гадоў Рыгору Барадуліну (1935–2014). Дагэтуль у Беларусі няма ані вуліцы Барадуліна, ані ганаровай дошкі, ані помніка. Але кнігі, укладзеныя руплівымі сябрамі і прыхільнікамі, працягваюць выходзіць, моладзь ведае ягоныя вершы напамяць і сьпявае сабраныя ім песьні з роднай Вушаччыны.

Калісьці ў 1992-м ужо незалежная Беларусь уганаравала Рыгора Барадуліна (1935–2014) званьнем «Народны паэт Беларусі». Больш за два дзясяткі гадоў таму краіна паставіла паэта ў адзін шэраг зь Янкам Купалам і Якубам Коласам, Максімам Танкам і Петрусём Броўкам.

Прайшоў ужо амаль год па сьмерці Рыгора Барадуліна, але дзяржава пакуль не сьпяшаецца ўшаноўваць ягоную памяць на афіцыйным узроўні.

Сяргей Шапран

Сяргей Шапран

Журналіст Сяргей Шапран, які яшчэ пры жыцьці Рыгора Барадуліна выдаў кнігу гутарак «Тры мяхі дзядзькі Рыгора», зь «дзяржаўных» намаганьняў згадвае толькі тое, што «Белпошта» надрукавала канвэрт з выявай паэта.

Сяргей Шапран: «Уладзімер Някляеў некалі слушна заўважыў, што страты яднаюць нацыю. І адной з такіх страт, безумоўна, стаўся раптоўны сыход Рыгора Барадуліна. Але мне, на жаль, нічога не вядома, каб памяць Рыгора Барадуліна неяк ушаноўвалася на дзяржаўным узроўні».

Рыгор Барадулін і Сяргей Шапран. Фота з архіву Сяргея Шапрана

Рыгор Барадулін і Сяргей Шапран. Фота з архіву Сяргея Шапрана

Помнік і вуліца Барадуліна

Ані помніка, ані дошкі ў гонар Барадуліна, сапраўды, няма. Акцыю «Вуліца Барадуліна» абвясьціла таксама грамадзкая кампанія «Арт Сядзіба» разам з Таварыствам беларускай мовы. Усім ахвотным прапануюць зьвяртацца ў Савет міністраў з просьбай, каб у Менску і ў родных барадулінскіх Вушачах вуліца імя паэта ўсё ж зьявілася. На сайце афіцыйных зваротаў zvarot. by пазначана, што з такой просьбай ужо зьвярнуліся 3 844 чалавекі.

Аднак пра блізкія перамены не чуваць. На запыты Саюзу пісьменьнікаў Міністэрства культуры адпісвалася тым, што ў гонар пісьменьнікаў заплянаваныя тэматычныя выставы.

За гэты час фантазія чыноўнікаў не пабагацела. Яшчэ пры канцы мінулага году да віцебскіх уладаў зьвярнуўся адзін з актыўных ініцыятараў ушанаваньня спадчыны Барадуліна — Глеб Лабадзенка. Ён пытаўся, як менавіта на Віцебшчыне адзначаць 80-годзьдзе паэта.

Рыгор Барадулін і Глеб Лабадзенка. Фота з архіву Сяргея Шапрана

Рыгор Барадулін і Глеб Лабадзенка. Фота з архіву Сяргея Шапрана

У сьпісе мерапрыемстваў, якім забясьпечыла Лабадзенку Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама — каля двух дзясяткаў тэматычных выставаў і лекцыяў у бібліятэках Віцебску.

Барадулін у школьных праграмах і перакладах

Сяргей Шапран падказвае, што ячшэ трэба зрабіць, каб памяць пра Барадуліна была ўшанаваная годна:

«Хацелася б дачакацца ня толькі поўнага, акадэмічнага Збору твораў Барадуліна, але каб у Менску і ў родных барадулінскіх Вушачах зьявіліся вуліцы ягонага імя, каб зноў жа ў Менску і ў Вушачах былі помнікі паэту і мэмарыяльныя шыльды на тых дамах, дзе жыў дзядзька Рыгор, каб адкрыўся ягоны музэй — у Менску ці зноў жа ў Вушачах. Каб творчасьць Барадуліна больш шырока вывучалася ў школах, і каб нарэшце была перагледжана школьная праграма, бо самога Барадуліна засмучала тое, якія менавіта ягоныя вершы вывучаюцца ў школе.

І апроч таго, яшчэ адно істотнае пытаньне — каб паэзія Барадуліна існавала ня толькі ў арыгінале, па-беларуску, але і каб яна выдавалася ў перакладах на іншыя мовы. Бо калі мы хочам, каб беларускае слова, беларуская паэзія была вядомая ва ўсім сьвеце, яны павінна мець адпаведныя пераклады. Між іншым, менавіта адсутнасьць такіх перакладаў і сталася, мусіць, найгалоўнай прычынай таго, што Рыгор Барадулін так і не атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Безумоўна, памылку гэтую ўжо ня выправіць, але ўсе мы разам здольныя зрабіць многае, каб імя Барадуліна было вядомае ня толькі нам, сучасьнікам паэта, але і тым, хто прыйдзе пасьля нас».

Сны сасны» Рыгор Барадулін

Сны сасны» Рыгор Барадулін

Усё гэта ня толькі ў паўнамоцтвах, але ў прамых абавязках чыноўнікаў ад культуры. Пакуль што гэтую працую цалкам бяруць на сябе грамадзяне.

Памятныя імпрэзы

Глеб Лабадзенка, які ў 2013 годзе ініцыяваў унікальны праект «Лепей», у які ўвайшлі кніга вершаў, фотаальбом і дыск з запісамі Барадуліна, увогуле кажа, што менавіта памяць людзей пра «дзядзьку Рыгора» і ёсьць самае галоўнае.

«На гэтым тыдні тры мерапрыемствы. На курсах „Мова Нанова“ у панядзелак занятак, прысьвечаны Рыгору Барадуліну, дзе мы ўключым ягоны голас, сьпевы ягонай мамы, пакажам рэдкія фатаздымкі. Натуральна, будзем чытаць ягоныя вершы.

24 лютага ў дзяржаўнай філярмоніі Сяржук Доўгушаў, лідэр гурту Vuraj, ладзіць таксама праграму „Песьні матчыны з Вушаччыны“. Сяржук быў знаёмы зь дзядзькам Рыгорам. Ён у захапленьні ад гэтых вушацкіх песень, якія сабраў Барадулін. А 27-га лютага ў Палацы мастацтваў будзе прэзэнтацыя дзёньнікаў Барадуліна, якія рыхтуе дасьледчыца Натальля Давыдзенка. Яна каляжанка дзядзькі Рыгора, і яшчэ пры жыцьці стала клапаціцца пра ягоны архіў. Пазнаходзіла дакумэнты, пра якія ён забыўся, дзе яны. А ва Ўшачах знайшла ягоныя дзёньнікі школьнай пары, калі ён яшчэ па-расейску пісаў».

«Вуліцы, помнікі і ўсё астатняе можна зрабіць заўсёды, і гэта так ці інакш будзе зроблена, — кажа Лабадзенка. — А памяць народная і любоў, якая не перарываецца, — гэта самае галоўнае».

«Бездань Барадуліна словамі не запоўніць»

Сябар Рыгора Барадуліна Ўладзімер Някляеў паэтычна выказваецца, што «бездань Барадуліна словамі не запоўніць»:

Арнольд Макмілін і Ўладзімер Някляеў у гасьцях у Барадуліна, 2012 год

Арнольд Макмілін і Ўладзімер Някляеў у гасьцях у Барадуліна, 2012 год

«Сказаць, што памяць Рыгора Барадуліна ўшанаваная дастаткова і годна, я не магу. Гэта паэт, які нараджаецца раз на стагодзьдзе, а можа нават, і на ўсю гісторыю краіны. Колькі ні ўшаноўвай, усё адно бездань Барадуліна запоўніць словамі немагчыма. А вось справай можна было б. Да гэтай пары не названая ягоным імем вуліца ў Вушачах, і гэтай далей. У кожным моманце ўзьнікаюць праблемы, якіх магло б ня быць, калі б людзі задаваліся пытаньнем: «А раптам нам за гэта нешта кепскае будзе?

Калі яны перастануць задавацца такімі пытаньнямі, а пачнуць паважаць Барадуліна, не азіраючыся на тое, што наўкол, тады і будзе тая павага, тое разуменьне паэта, якое нам патрэбнае», — заключае паэт і палітык.

Лабадзенка лічыць, што жаданьне Барадуліна быць пахаваным ва Ўшачах — гэта ягоны апошні падарунак роднай зямлі. А для саміх Ушачаў ушанаваньне памяці землякі — ці не адзіны шанец застацца ў кантэксьце беларускай культуры не шэраговым райцэнтрам.

Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

«Колькі разоў я за гэты год быў на магіле, там заўсёды сьвежыя кветкі, прыбрана. Стаяць зьнічкі. Відаць, што народная сьцяжынка да яго не зарастае. Хоць былі трывогі, што хто ў гэтыя Вушачы будзе езьдзіць, можа, лепш яго ў Менску пахаваць. Але гэта была ягоная воля. Гэтае месца ён сам сабе пакінуў побач з мамай. І вельмі добра, што гэтая воля была выкананая», — распавяде Глеб.

Дарэчы, грошы на помнік, які праз год пасьля сьмерці плянуюць усталяваць на магіле паэта ў родных Вушачах, таксама зьбіраюць талакой. Абвешчаны збор сродкаў на дабрачынны рахунак, які адкрыты на імя ўнучкі паэта Дамінікі Клімінай.

Лабадзенка перакананы, што ў Беларусі іншага выйсьця, апроч як ушанаваць памяць Барадуліна, проста няма. І раней ці пазьней гэта абавязкова адбудзецца.

«Усё ідзе натуральным чынам, — кажа Лабадзенка. — Ня думаю, што нехта спадзяваўся, што за гэты год у кожным беларускім горадзе зьявіцца вуліца Барадуліна і помнік Барадуліну. Але гэта пытаньне часу. Барадулін — гэта чалавек маштабу Купалы, Багдановіча. Ні ў кога няма сумневаў сёньня, што паўсюль ёсьць вуліцы Багадновіча, Купалы, а Барадулін заняў гэтае месца яшчэ пры жыцьці.

Я б не пераймаўся, што за гэты год рэзкага ўшанаваньня ягонай памяці не адбылося. У нас ня так шмат паэтаў і асобаў маштабу Барадуліна. Іншага шляху, апроч як ушаноўваць яго памяць, проста няма».

Сьпіс «барадулінскіх імпрэзаў» Радыё Свабода сабрала тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG