Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У галадоўніцы Саўчанкі ўжо парушаная праца некаторых органаў — праваабаронца


Нядзея Саўчанка ў маскоўскім судзе 10 лютага

Нядзея Саўчанка ў маскоўскім судзе 10 лютага

Ва ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА і аб’явіла галадоўку, ужо выяўлена парушэньне працы некаторых органаў. Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода паведаміў удзельнік грамадзкай назіральнай камісіі Валеры Баршчоў.

«Вядома ж выклікае ў нас трывогу такое працяглае галадаванне, таму што гэта ня можа прайсьці бясьсьледна. Яе турбуюць ныркі, жоўцевы пухір. Я спытаў, ці кантралююць мэдыкі яе стан. Яна адказала, што кантралююць, робяць ультрагукавыя дасьледаваньні, назіраюць. Але, вядома, ёсьць рызыка ускладненьняў. Таму што гэта занадта доўгае галадаваньне. А так яна трымаецца моцна, гаварыла з намі даволі бадзёра», — паведаміў ён пасьля візыту да Саўчанкі.

Баршчоў таксама адзначыў, што на прапанову спыніць галадоўку Саўчанка зноў адказала адмовай.

Нават прыведзены праваабаронцамі трагічны прыклад савецкага дысыдэнта Анатоля Марчанкі, які загінуў у 1968 годзе пасьля працяглага галадаваньня, не зьмяніў рашэньне Саўчанкі.

20 лютага ўкраінскую лётчыцу агледзелі расейскія лекары. Яны вызначылі яе стан здароўя як здавальняючы, але заклікалі Саўчанку спыніць галадоўку.

Напярэдадні адвакат украінскай лётчыцы Мікола Полазаў паведаміў, што яго падабаронная адмовілася ад ін’екцый глюкозы. Па словах Веры Саўчанкі, сястры зьняволенай, Надзея прымае толькі ваду, маса яе цела паменшылася на 26%.

13 сьнежня 2014 году Саўчанка абвясьціла галадоўку і працягвае яе да гэтага часу. 29 студзеня яе перавялі ў мэдсанчастку.

У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў на Данбасе. У канцы чэрвеня сэпаратысты захапілі яе ў палон, перавезьлі празь мяжу і перадалі расейскім сілавікам. Пасьля гэтага Саўчанку ўзялі пад варту ў Расеі. Па дадзеных абароны, яна не магла быць датычная да гібелі журналістаў, паколькі трапіла ў палон яшчэ да іх сьмерці.

У канцы студзеня сьледчыя паведамілі Саўчанцы аб пачатай супраць яе новай крымінальнай справе — аб незаконным перасячэньні мяжы.

XS
SM
MD
LG