Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зюганаў: Няхай жыве ЛНР і ДНР! Мы вызвалім Кіеў ад каросты! ВІДЭА


Тысячы людзей пад чырвонымі сьцягамі прайшлі ад Пушкінскай плошчы да плошчы Рэвалюцыі ў Маскве, дзе адбыўся мітынг. Перад яго ўдзельнікамі выступіў Старшыня ЦК КПРФ Генадзь Зюганаў.

Зюганаў павіншаваў з «днём нараджэньня арміі, якая выратавала сьвет ад фашыстоўскай чумы і забясьпечыла ваенна-стратэгічны парытэт са Злучанымі Штатамі, зьберагла сьвет ад ядзернай бойні».​

«У апошні час зьявілася ўсьведамленьне таго, што магутныя і моцныя мы нікому не патрэбныя. Ні ў выглядзе Расейскай імпэрыі, ні ў выглядзе вялікай Савецкай дзяржавы, ні ў выглядзе цяперашняй карумпаванай так званай дэмакратычнай Расеі. Патрэбныя нашы рэсурсы, патрэбныя нашы таленты, патрэбна наша зямля, і таму нас абклалі санкцыямі і працягваюць душыць з усіх бакоў. Таму разьвязалі братазабойчую вайну на роднай Украіне пад камандаваньнем амэрыканскіх ЦРУшнікаў, неахайных дыпляматаў, адкрытых нацыстаў, бандэраўцаў і злодзеяў-алігархаў».​

«Мы наўпрост заяўляем сёньня, у гэты сьвяты для ўсіх нас дзень, што будзем дапамагаць Наваросіі, нашым сябрам у Данецкай і Луганскай рэспубліках, якія абараняюць нас ад новых нацыстаў і фашыстаў. Няхай жывуць Данецкая і Луганская народныя рэспублікі. Ура!» — зьвярнуўся да прысутных лідэр КПРФ.​

У сваім выступе Зюганаў згадаў і Лукашэнку:

«Мы разам зь лідэрам украінскіх камуністаў Пятром Сіманенкам сустракаліся з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Папрасілі, каб ён праявіў ініцыятыву. У выніку, ён у Менску сабраў усе зацікаўленыя бакі канфлікту, і ўпершыню хваленая Эўропа была вымушаная прыехаць да яго на гэтыя перамовы», — нагадаў Зюганаў.

«Але любыя перамовы, — працягнуў Р. А. Зюганаў, — павінны заканчвацца для нас перамогамі, а не адступленьнямі і паразамі. Таму мы наўпрост заяўляем, што будзем усё рабіць для падтрымкі нашых сяброў ва Ўкраіне. Сама працоўная Ўкраіна стала палоньніцай бандэраўшчыны і амэрыканскіх ЦРУшнікаў. Мы з вамі, украінскія браты! Мы ўсё зробім, каб маці гарадоў рускіх — Кіеў вызваліўся ад гэтай каросты, ад нашэсьця, якое не дае ўмацоўваць нашы брацкія сувязі!»​

Свой выступ Зюганаў скончыў споклічам:​

«Няхай жыве Чырвоная армія! Няхай жывуць абаронцы дзяржавы! Няхай жыве абноўлены сацыялізм, які будзе пабудаваны ў нашай краіне!» — так завяршыў свой выступ лідэр КПРФ.

23 лютага ў Расеі адзначаюць Дзень абаронцы Айчыны, які ў савецкія часы называўся Дзень Савецкай арміі і ваенна-марскога флёту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG