Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іда» і цені польскага мінулага


Кадр зь фільму «Іда»

Кадр зь фільму «Іда»

Учора польскі фільм «Іда» ў пастаноўцы Паўла Паўлікоўскага атрымаў прэмію Амэрыканскай акадэміі кінэматаграфістаў «Оскар» як найлепшая замежная карціна (best foreign language film).

За прэмію ў гэтай катэгорыі сёлета змагаліся яшчэ «Левіятан» (Расея), «Мандарынкі» (Эстонія), «Цімбукту» (Маўрытанія) і «Дзікія гісторыі» (Аргентына).

Я паглядзеў толькі «Іду» і «Левіятана», таму магу параўнаць якраз гэтыя дзьве стужкі. Безумоўна, «Левіятана» моцна пакрыўдзілі. «Левіятан» Андрэя Зьвягінцава для мяне выразна лепшы за «Іду» па шмат якіх парамэтрах, у тым ліку і па «вострасюжэтнасьці», і па ігры актораў, і па тым, што ў народзе называецца словам «забірае». «Іда» — не «забірае», а пакідае абыякавым. Здымкі (cinematography) у абодвух карцінах па-свойму сапраўды выдатныя, і я б іх паставіў нароўні, хоць фільм Паўлікоўскага чорна-белы, а Зьвягінцава — каляровы.

Я тут выказваю, зразумела, толькі сваю думку. У журы прэміі «Оскар» — свая думка, як і ў кожнага іншага журы кожнага іншага конкурсу. У гісторыі прэміі «Оскар» можна прывесьці дзясяткі выпадкаў, калі вартасныя карціны — якія зь цягам часу ўвайшлі ў гісторыю кінэматографу як эталёны мастацтва — былі проста праігнараваныя сябрамі журы, а прэміяваліся фільмы, якія сёньня і гісторыкам кінэматографу нічога не гавораць. Так што прызнаньне або непрызнаньне «Оскара» нічога не вырашае ў сэнсе агульнай і доўгатэрміновай мастацкай ацэнкі. Але гэтая прэмія шмат вырашае — з увагі на пазыцыю Галівуду ў сьвеце кіно — у шмат якіх іншых, «кароткатэрміновых» справах, як рэкляма фільму і яго праблематыкі або асабісты прэстыж рэжысэра...

У выпадку «Іды» ёсьць яшчэ адна вельмі супярэчлівая справа гістарычнага характару. Фільм закранае польска-габрэйскія адносіны часу Другой сусьветнай вайны, на якія трагічна паўплываў Галакост.

Каб растлумачыць, чаму «Іда» неадназначна ўспрымаецца ў Польшчы, мне трэба выступіць у ролі «спойлера», то бок распавесьці галоўную нітку сюжэту, хоць збольшага.

Гераіняй фільму зьяўляецца маладая паслушніца Ганна, якая перад тым, як даць манаскае абяцаньне, едзе да сваёй цёткі Ванды, судзьдзі і былога пракурора сталінскага часу (дзея фільму праходзіць у Польшчы пачатку 1960-х). Ванда верна служыла камуністычнаму рэжыму і выкрывала «ворагаў народу», для якіх наогул патрабавала сьмяротнага пакараньня пасьля палымянай пракурорскай прамовы. Цётка кажа Ганьне, што дзяўчына — насамрэч габрэйка, і ейнае сапраўднае імя — Іда Лебэнштайн. Бацькі Іды былі забітыя падчас вайны. Анна-Іда перад тым, як зачыніцца на ўсё жыцьцё ў манастыры, хоча пабачыць месца пахаваньня бацькоў. Ванда зь Ідай едуць у вёску, дзе Лебэнштайны жылі да вайны. У іхным доме цяпер жыве чалавек, які дапамагаў Лебэнштайнам — бацьку і маці Іды, зь якімі была малая Іда і малы сынок Ванды — хавацца ад немцаў. Прыціснуты да сьценкі селянін раскрывае Вандзе і Ідзе жахлівую праўду (у замен за тое, што жанчыны ад яго адчэпяцца і ня будуць выстаўляць прэтэнзій на дом, у якім ён жыве): ён уласнаручна забіў старых Лебэнштайнаў і сынка Ванды ды пахаваў іх у лесе. Іду, у якой быў «арыйскі выгляд», аддалі ў манастыр, і дзяўчынка перажыла вайну.

Варта тут дадаць, што постаць судзьдзі Ванды мае свой адпаведнік у рэальным жыцьці — сталінскага пракурора Галену Валінскую, якую вінавацілі ў сьмерці шматлікіх дзеячаў польскага антыкамуністычнага падпольля і ўдзельнікаў Арміі Краёвай, у тым ліку генэрала Эміля Фільдарфа. Валінская зьехала на Захад у 1968 і памерла ў Оксфардзе ў 2008 як грамадзянка Вялікабрытаніі. Пасьля падзеньня камунізму Польшча беспасьпяхова зьвярталася да брытанскага ўраду з просьбай аб яе выдачы, каб судзіць за злачынствы сталінскага часу. Рэжысэр Паўлікоўскі пазнаёміўся з Валінскай у Оскфардзе яшчэ ў камуністычны час. «Файная пані. Адкрытая, іранічная, цёплая. Для мяне было шокам, калі я даведаўся — шмат гадоў пазьней — што Польшча дамагаецца яе выдачы» — сказаў Паўлікоўскі ў адным з інтэрвію.

Прэм’ера фільму «Іда» ў Польшчы адбылася ў верасьні 2013 году на кінафэстывалі ў Гдыні, дзе карціна атрымала галоўную прэмію — «Залатыя Львы». У жніўні 2014 году Міністэрства культуры кваліфікавала фільм як афіцыйнага кандыдата ад Польшчы на прэмію «Оскар».

Публіцысты ў тых польскіх СМІ, якія асацыююцца з правым бокам палітычнай сцэны ў краіне, выставілі шмат прэтэнзій да фільму «Іда», як раней да нашумелага фільму «Каласкі» (Pokłosie), які таксама закранаў праблему польскай адказнасьці за Галакост («Каласкі» датычылі справы забойства габрэяў польскімі суседзямі ў мястэчку Ядвабнэ у 1941 годзе). Я прывяду тут толькі пару цытатаў, каб паказаць публіцыстычны напал, які спадарожнічаў зьяўленьню фільму «Іда» і які, пасьля прысуджэньня карціне «Оскара», хутчэй за ўсё яшчэ ўзмоцніцца.

Тадэвуш Плужаньскі:

«У 1953 годзе Крыстына Сабалеўская пайшла да Валінскай, каб маліць яе аб паратунку для арыштаванага ёю і прысуджанага на сьмерць мужа — акаўца Юліюша Сабалеўскага. „Яна выкінула мяне з кабінэту, кажучы, што сёньня — найгоршы дзень у яе жыцьці, бо памёр Сталін“ — апавядала мне Сабалеўская, называючы Валінскую не жанчынай, але пачварай у мундзіры. Будучы на вяршыні сталінскай злачыннай машыны, яна паслала шмат палякаў у жоўты пясочак. (...) У фільме мяне аднак непакоіць нешта іншае. З варшаўскага гета Валінскую (якая тады яшчэ называлася Файга Міндыя Данеляк) уратавалі яе палякі. Тым часам у фільме гэта палякі аказваюцца забойцамі. Зноў — як у фальшывых „Каласках“ — маем польскіх суседзяў, якія забіваюць габрэяў дзеля нізкай, матэрыяльнай карысьлівасьці. Пра немцаў зноў ні слова».

Сыльвія Краснадэмбска:

«Суворыя здымкі, надзвычайная роля адной з найлепшых польскіх акторак — Агаты Кулешы [у ролі Ванды — ЯМ.] — і прыгожая музыка стварылі ў суме мастацка вельмі цэльную і захапляльную карціну. Шэдэўр, пабудаваны на гнілым сюжэце, у якім палякі, якія ратуюць габрэяў, маюць кроў на руках, а сталінскі пракурор зьяўляецца, бадай, адзінай постацьцю, у якой шчырае сэрца. Хваляць Агату Кулешу якраз за гэта. Яна зайграла забойцу ў спосаб, які выклікае сымпатыю ў гледачоў. (...) Рэч ня ў тым, каб паказваць ідэальны сьвет, але ў тым, каб захаваць прапорцыі, якія набліжаюць яго да рэальнага сьвету».

Сказаць аднак, што сёньня ў ацэнцы фільму «Іда» пераважаюць якраз такія гістарычна-крытычныя акцэнты, было б няпраўдай. Пакуль што палякі наагул радуюцца — як-ніяк, «Іда» зьяўляецца першым польскім фільмам, які атрымаў «Оскара» за найлепшую замежную карціну. «Разборкі» гістарычнага характару, трэба чакаць, прыйдуць пазьней.

Зрэшты, калі б «Оскара» далі «Левіятану», то адчуваньне ў мяне такое, што наўрад ці ўсе ў Расеі радаваліся б гэтаму гонару...

XS
SM
MD
LG