Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халодныя войны Сталіна і Пуціна


Помнік Рузвэлту, Сталіну і Чэрчылю, які расейскія ўлады ўсталявалі ў Ялце, у анэксаваным Крыме, 5 лютага 2015 году
Помнік Рузвэлту, Сталіну і Чэрчылю, які расейскія ўлады ўсталявалі ў Ялце, у анэксаваным Крыме, 5 лютага 2015 году

Супрацьлеглыя погляды гісторыкаў на супрацьстаяньне Ўсходу і Захаду: 70 гадоў таму і цяпер.

70 гадоў таму, у канцы зімы 1945 году, Чырвоная армія заняла Варшаву і Будапэшт. Да пачатку вясны вялікая частка Ўсходняй Эўропы была вызваленая ад нацыстаў, баі перасунуліся ў асноўным на тэрыторыю самой Нямеччыны. У Польшчы, Вугоршчыне, Румыніі і іншых краінах рэгіёну ўсталявалася новая ўлада — яшчэ не камуністычная, але «счырванее» яна хутка — ужо праз два-тры гады, пры адчувальным спрыяньні Масквы. Тады ж, у лютым 1945-га, Ялцінская канфэрэнцыя «вялікай тройкі» абумовіла падзел Эўропы на заходнюю і савецкую сфэры ўплыву. Яшчэ ня скончылася «гарачая» вайна з Гітлерам, а сьвет ужо пачаў рух у бок халоднай вайны паміж нядаўнімі саюзьнікамі. Ці можна было яе прадухіліць? І ці не знаходзіцца Эўропа ў сувязі з украінскім крызісам на парозе новага доўгага ваенна-палітычнага супрацьстаяньня, падобнага на тагачаснае?

Абмеркаваць гэтыя пытаньні Радыё Свабода запрасіла двух заходніх гісторыкаў. Брытанец Джэфры Робэртс — прафэсар Коркскага ўнівэрсытэту (Ірляндыя), аўтар шматлікіх кніг па гісторыі Савецкага Саюзу і Другой сусьветнай вайны. Прафэсар Бостанскага ўнівэрсытэту (ЗША), чэска-амэрыканскі гісторык Ігар Лукеш — аўтар шэрагу працаў па гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.

Саветызацыя усходу Эўропы: плян або «натхненьне»?

РС: Зусім нядаўна адзначалася 70-годзьдзе Ялцінскай канфэрэнцыі «вялікай тройкі». На вашую думку, ці разумелі тады заходнія саюзьнікі, што фактычна аддаюць палову Эўропы ў валоданьне дыктатарскаму рэжыму, толькі крыху лепшаму, чым гітлераўскі? Або ў пачатку 1945 заходні погляд на СССР быў яшчэ зусім іншым, чым усяго толькі праз год, калі Ўінстан Чэрчыль сказаў сваю знакамітую прамову ў Фултане?

Ігар Лукеш
Ігар Лукеш

Лукеш: Што тычыцца перадачы паловы Эўропы Сталіну — сумняюся, што заходнія саюзьнікі бачылі гэта менавіта так. Магчыма, Чэрчыль у нейкай ступені бачыў, але ніяк ня Рузвэльт, які ў Ялце быў ужо вельмі хворым, яму заставалася пара месяцаў жыцьця. Але і тады, калі ён яшчэ быў здаровы, Рузвэльт быў схільны да ілюзіяў, што зб «дзядзькам Джо» можна пасьпяхова дамаўляцца. Пры гэтым нельга адмаўляць, што і Чэрчыль, і Рузвэльт настойвалі: у выніковы пратакол Ялцінскай канфэрэнцыі трэба ўнесьці пункт аб тым, што пытаньне аб далейшай палітычнай арыентацыі ўсходнеэўрапейскага рэгіёну павінна быць вырашана на адкрытых, свабодных і дэмакратычных выбарах у кожнай з адпаведных краін. Праўда, думаю, што гэта было зроблена па прынцыпе «і ваўкі сытыя, і авечкі цэлыя», паколькі калі ня Рузвэльт, то Чэрчыль дакладна здагадваўся пра тое, што разумее Сталін пад «свабоднымі дэмакратычнымі выбарамі».

Робэртс: Заходнія лідэры ў Ялце ня думалі, што здрадзілі краінам Усходняй Эўропы, перадаючы іх пад сталінскі кантроль. Варта памятаць, што ў Ялце была падпісаная, у прыватнасьці Сталіным, Дэклярацыя аб вызваленьні краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, якая гарантавала ім свабоду і дэмакратыю. Вядома, заходнія лідэры ўсьведамлялі, што ў вызваленых Чырвонай арміяй краінах нейкі час у пасьляваенны пэрыяд будзе дамінаваць савецкі ўплыў. Тым ня менш, яны лічылі, што ў выніку гэтыя краіны стануць свабоднымі і дэмакратычнымі. Тым самым патрабаваньні Сталіна наконт праблем бясьпекі СССР былі б задаволеныя. Варта таксама ўлічваць, што Чэрчыль і Рузвэльт спадзяваліся, што супрацоўніцтва з Савецкім Саюзам будзе працягнутае і ў пасьляваенны час. Сталін падзяляў гэтыя надзеі. На канфэрэнцыі ў Ялце панаваў вельмі аптымістычны погляд на пасьляваенны сьвет. Саюзьнікі меркавалі, што наперадзе ў іх мірны, дэмакратычны і свабодны пасьляваенны пэрыяд, калі будзе ўлічаная і гарантаваная бясьпека ня толькі Савецкага Саюзу, але і Злучаных Штатаў, і Вялікабрытаніі.

РС: Ці існаваў у Крамля колькі-небудзь прадуманы плян «саветызацыі» Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы? Альбо ўяўленьні Сталіна аб будучыні гэтага рэгіёну спачатку былі крыху іншымі?

Робертс: У 1945 году Сталін хацеў стварыць у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе савецкую зону ўплыву, каб гарантаваць бясьпеку сваёй краіны. У той час вайна ішла да канца. Савецкі Саюз страціў падчас вайны больш за 20 мільёнаў чалавек, што ўсё яшчэ адчуваецца ў наш час. Ня варта таксама забываць, што некаторыя вызваленыя Чырвонай арміяй краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы выступалі ў час вайны на баку нацысцкай Нямеччыны — у прыватнасьці, Вугоршчына, Румынія, Баўгарыя, Славаччына, Харватыя. Таму ня дзіўна, што Сталін пасьля вайны быў заклапочаны бясьпекай заходніх межаў СССР. У рэшце рэшт, уяўленьне, што бок, які перамог, валодае сфэрай уплыву — традыцыйная і натуральная канцэпцыя.

Акрамя таго, у Сталіна былі і палітычныя амбіцыі ў дачыненьні да Эўропы: ён імкнуўся да яе палітычнага і ідэалягічнага пераўтварэньня. Яму хацелася, каб мясцовыя кампартыі адыгрывалі больш істотную ролю ў пасьляваеннай эўрапейскай палітыцы. Усё гэта Сталін разглядаў як складнік будучай бясьпекі Савецкага Саюзу. Пры гэтым ён спадзяваўся на працяг супрацоўніцтва з ЗША і Вялікабрытаніяй. Для яго было сёе-тое яшчэ больш важнае — праблема Нямеччыны: прадухіленьне яе магчымай новай агрэсіўнай экспансіі. Гэта была галоўная прычына яго імкненьня да працяглага пасьляваеннага супрацоўніцтва з заходнімі саюзьнікамі.

Такім чынам, у Сталіна была шматмэтавая канцэпцыя пасьляваеннага пераўтварэньня Эўропы. Праз два-тры гады пасьля заканчэньня вайны аказалася, што гэтая канцэпцыя вылілася ў жорсткі кантроль над вызваленымі краінамі, якія стварылі камуністычны блёк пад кіраваньнем СССР. Аднак ня думаю, што гэта ўваходзіла ў намеры Сталіна ў 1945 годзе; у той час яго амбіцыі яшчэ былі даволі абмежаваныя. Крах яго супрацоўніцтва з заходнімі дзяржавамі прывёў да халоднай вайны, і менавіта ў гэтым кантэксьце Сталін зьмяніў сваю палітыку ў дачыненьні да краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, што ў канчатковым выніку прывяло да саветызацыі і камунізацыі гэтага рэгіёну.

Лукеш: Наконт сталінскіх плянаў існуе некалькі тэорый і інтэрпрэтацый. Адна зь іх, сапраўды, глядзіць на саветызацыю ўсходу Эўропы і Бальканаў як на вынік загадзя складзенага Саветамі пляну. Абапіраючыся на рознага кшталту дакумэнты, а таксама выступленьні Сталіна розных гадоў, прыхільнікі гэтай тэорыі сьцьвярджаюць наступнае. Пачынаючы ледзь не з 1920-х гадоў, але больш актыўна — па меры пагаршэньня міжнароднай сытуацыі з сярэдзіны 30-х, Сталін усё часьцей разьвівае такую думку: вялікая вайна будзе, але гэта будзе вайна паміж імпэрыялістычнымі дзяржавамі, і ў яе СССР спачатку ня ўступіць. Ён пачакае, пакуль «імпэрыялістычныя драпежнікі» спустошаць адзін аднаго, і тады Чырвоная армія ўвойдзе ва Ўсходнюю Эўропу, ператварыўшы імпэрыялістычную вайну ў клясавую. Такім чынам, дарэчы, Сталін выступаў як пасьлядоўны ленініст, паколькі Ленін, як вядома, разглядаў падобныя сцэнары, калі пачалася Першая сусьветная вайна. Згодна з гэтай вэрсіяй, падзеі 1945-48 гадоў ва Ўсходняй Эўропе — гэта заканчэньне рэалізацыі пляну, які быў у Сталіна і Камінтэрну прынамсі з канца 30-х гадоў. Ну, натуральна, з варыяцыямі, якія ўзьніклі пасьля таго, як вайна пачала разьвівацца па крыху іншаму сцэнару, чым першапачаткова меркавалі ў Крамлі.

З майго ж пункту гледжаньня, гэта было спалучэньне пляну і імправізацыі. Нельга адмаўляць, што Саветы (і цяперашняе расейскае кіраўніцтва гэтую рысу шмат у чым ўспадкавала) заўсёды думалі больш доўгімі прамежкамі часу, чым іх заходнія праціўнікі, асабліва амэрыканцы. Бо прэзыдэнцкі тэрмін у ЗША — усяго 4 гады. Так што ў пасьляваенныя гады ў Масквы, мяркуючы па ўсім, была перакананасьць у тым, што краіны Ўсходняй Эўропы нарэшце будуць саветызаваныя, — але ў Крамлі былі нейкі час гатовыя пачакаць і нават ішлі на вонкава нелягічныя крокі. Напрыклад, савецкія войскі былі выведзеныя з Чэхаславаччыны — адначасова з амэрыканскімі, якія знаходзіліся ў раёне гораду Пльзень — ужо ў канцы 1945 году. Чаму, калі Сталін меў намер падпарадкаваць Чэхаславаччыну? Ня выключана, што тым самым ён хацеў разьвязаць рукі ў барацьбе за ўладу ў краіне мясцовым камуністам, для якіх прысутнасьць савецкіх войскаў парадаксальна была цяжарам — хаця б таму, што салдаты Чырвонай арміі не заўсёды карэктна паводзілі сябе з цывільным насельніцтвам.

Халодная вайна як справа выбару

РС: Прафэсар Робэртс, у сваёй кнізе «Войны Сталіна» вы пішаце: «Тое, што Сталіну не ўдалося з дэмакратычнага пункту гледжаньня выкарыстаць вынікі сваёй перамогі, безумоўна, было вынікам палітычных асаблівасьцяў яго дыктатарскага рэжыму. Аднак віна ляжыць і на заходніх палітыках, накшталт Чэрчыля і Трумэна. Яны не змаглі зразумець, што, акрамя ўяўнай камуністычнай пагрозы, існавала магчымасьць пабудовы пасьляваеннага сьвету, якая дазволіла б пазьбегнуць халоднай вайны зь яе ідэалягічным супрацьстаяньнем, якое хавала парадаксальную праўду: Сталін быў дыктатарам, які перамог Гітлера і тым самым дапамог выратаваць сьвет для дэмакратыі ». Ваша кніга выйшла 9 гадоў таму. За гэты час вашы ацэнкі пасьляваеннай ролі Сталіна і яго заходніх партнэраў не зьмяніліся? Што дазваляе вам казаць пра савецкага дыктатара як пра патэнцыйнага партнэра, а не суперніка дэмакратычных краін?

Джэфры Робэртс
Джэфры Робэртс

Робертс: Не, мае ацэнкі не зьмяніліся. Я веру, што халоднай вайны можна было пазьбегнуць. Яна была справай выбару. Прычым гэты выбар залежаў у большай ступені ад заходніх лідэраў, чым ад Сталіна. Выбар быў зроблены, паколькі заходнія лідэры былі вельмі занепакоеныя палітыкай, якую праводзіў Сталін у краінах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, яна ім здавалася пагрозьлівай. Сталін жа лічыў, што яго дзеяньні вельмі абмежаваныя, памяркоўныя і маюць абарончы характар. Яму здавалася, што гэта Захад хоча пазбавіць Савецкі Саюз зоны бясьпекі, якая ўзьнікла ў яго пасьля Другой сусьветнай вайны. Сталін не хацеў халоднай вайны і імкнуўся яе пазьбегнуць. Пры гэтым ён сутыкнуўся з сур’ёзнай праблемай: у выпадку мірнага суіснаваньня з Захадам, Захад непазьбежна рабіў бы ўплыў на савецкае грамадзтва і савецкую палітычную сыстэму. Ён ня мог сумясьціць сваю ўладу, свой рэжым, ды і ўвесь савецкі камуністычны праект з саюзам з Захадам. Сталін ізаляваў сваю краіну ад заходняга ўплыву, але ў ваенныя гады вёў супрацоўніцтва з Захадам. Халоднай вайны можна было пазьбегнуць, партнэрства Савецкага Саюзу і заходніх дэмакратый было цалкам рэальным.

Калі б так адбылося, лібэралізацыя савецкага рэжыму, якая пачалася пасьля сьмерці Сталіна ў 1953 годзе, магла б адбыцца нашмат раней, што магло б прывесьці да больш фундамэнтальных зьменаў савецкага грамадзтва і палітычнай сыстэмы СССР. Трагедыя халоднай вайны палягала ня толькі ў тым, што яна выклікала вельмі небясьпечнае міжнароднае супрацьстаяньне, але і ў тым, што яна аказала разбуральны ўплыў на пасьляваеннае разьвіцьцё Савецкага Саюзу.

РС: Прафэсар Лукеш, вы згодны з тым, што частка віны за пачатак халоднай вайны ляжыць на заходніх партнэрах Сталіна?

Лукеш: Захад, вядома, таксама не безь віны. Але гэтую віну я бачу перш за ўсё ў зусім нерэалістычнай упэўненасьці заходніх лідэраў, асабліва амэрыканскіх, у тым, што пасьля вайны наступіць трывалы мір. Ваенныя пляны саюзьнікаў, перш за ўсё ЗША, грунтаваліся на перакананасьці: на СССР як саюзную дзяржаву цалкам можна спадзявацца. У гэта верыў слабы Рузвэльт, памерлы незадоўга да перамогі. Яго зьмяніў прэзыдэнт Трумэн, не настолькі даверлівы, але напачатку не спрактыкаваны ў зьнешняй палітыцы. Тую ж ілюзію падзялялі і вышэйшыя генэралы — начальнік штабу амэрыканскай арміі Джордж Маршал, галоўнакамандуючы сіламі саюзьнікаў у Эўропе Дуайт Эйзэнхаўэр і камандуючы 12-й групай армій Амар Брэдлі. Для іх усіх заканчэньне вайны ўяўляла сабой галоўным чынам праблему лягістыкі: саюзныя арміі павінны сустрэцца з часткамі Чырвонай арміі так, каб пазьбегнуць зь імі якіх-небудзь сутыкненьняў. Адсюль — вядомае рашэньне Эйзэнхауэра не разглядаць Бэрлін як галоўную стратэгічную мэту (ён нават сьцьвярджаў, што з ваеннага пункту гледжаньня Любэк важней за Бэрлін). Адсюль жа — стратэгія Эйзэнхауэра і Маршала, у адпаведнасьці зь якой амэрыканскія войскі рухаліся па Нямеччыне на поўдзень, у Баварыю, адтуль у Аўстрыю, фактычна ў абыход Чэхаславаччыны, аднесенай да савецкай сфэры ўплыву. Усё гэта былі крокі палітычна непісьменных людзей. І, вядома, вясной 1945 году ніхто зь іх ня бачыў у Сталіне патэнцыйнага праціўніка. Наадварот — партнэра, зь якім можна дамаўляцца аб стабільнасьці ў Эўропе. У гэтым палягала іх наіўнасьць і іх памылка.

Новае супрацьстаяньне

РС: Ці бачыце вы якія-небудзь паралелі з сытуацыяй сярэдзіны 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў цяперашнім супрацьстаяньні Расеі і Захаду з-за Ўкраіны?

Робэртс: Пачну з таго, што Захад разглядае дзеяньні Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны як агрэсіўныя і экспансіянісцкія. Сапраўды, гэтак жа Захад ставіўся пасьля вайны да эўрапейскай палітыкі Сталіна, якая таксама ўяўлялася яму агрэсіўнай і экспансіянісцкай, што пагражала заходнім інтарэсам. Дзеяньні Сталіна ў пэўнай ступені былі абарончымі. Пуцін таксама мяркуе, што палітыка Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны выкліканая абаронай расейскіх інтарэсаў, у прыватнасьці, інтарэсамі нацыянальнай бясьпекі. У абодвух выпадках Расея і Захад абсалютна па-рознаму ацэньвалі тое, што адбываецца ў Эўропе. Акрамя таго (і гэта другая паралель), СССР дамінаваў ва Ўсходняй Эўропе. Захад лічыў яго ўладу і ўплыў празьмернымі і пагрозьлівымі. Пуцін таксама валодае практычна поўным кантролем над паўднёва-ўсходняй Украінай. Трэцяя паралель палягае ў тым, што пасьля Другой сусьветнай вайны ў Сталіна і Захаду была магчымасьць працягнуць супрацоўніцтва і пазьбегнуць халоднай вайны. Ва ўкраінскім канфлікце стварылася аналягічная сытуацыя.

Пуцін і Захад стаяць перад выбарам: пашырыць канфлікт або прыйсьці да супрацоўніцтва. Расея і Захад стаяць цяпер перад важным палітычным выбарам, як было пасьля Другой сусьветнай вайны. Але галоўная паралель, на мой погляд, палягае ў тым, што пасьля Другой сусьветнай вайны быў зроблены памылковы выбар ў міжнародных адносінах, які прывёў да халоднай вайны. Зараз таксама зроблены памылковы выбар, які патэнцыйна можа прывесьці да новай халоднай вайны паміж Расеяй і Захадам.

Лукеш: Некаторыя памылкі заходніх лідэраў паўтараюцца. Аб адной я ўжо згадаў: гэта схільнасьць у першую чаргу Злучаных Штатаў думаць кароткімі прамежкамі часу. У Расеі, відаць, перавага ў доўгатэрміновым плянаваньні і цярплівасьці. Гэта вынікае з адрозьненьняў паміж дэмакратыяй, дзе ад палітыкаў грамадзтва чакае посьпехаў, у адваротным выпадку — да пабачэньня, і аўтарытарным рэжымам, дзе лідэр можа рабіць амаль усё, што хоча, не несучы адказнасьці перад выбаршчыкамі, як цяпер фактычна спадар Пуцін.

У адносінах жа да Ўкраіны галоўную памылку Захаду я бачу ў тым, што доўгія гады Эўропа і ЗША ёй асаблiва не цікавіліся, у той час як Крэмль будаваў там сетку сваіх кантактаў, уплыву. І толькі потым, калі пачаўся Майдан і крызіс ва Ўкраіне набыў такую вострую форму, што ігнараваць яго стала немагчыма, — тут эўрапейцы і амэрыканцы ад адноснай бязьдзейнасьці перайшлі да ліхаманкавых дзеяньняў. Захад пачаў цікавіцца Ўкраінай і яе праблемамі на 10-15 гадоў пазьней, чым варта было б. У гэтым я бачу вялікі пралік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG