Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі правёў першую ацэнку Валавога ўнутранага прадукту (ВУП) краіны ў 2015 годзе. Паводле афіцыйнай статыстыкі, аб’ём ВУП у студзені сёлета на 0,4% меншы параўнальна з тым жа пэрыядам летась.

«Гэта яшчэ мала — 0,4%» — лічыць кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук, які камэнтуе для Свабоды стан беларускай эканомікі:

«Да гэтага трэба дадаць яшчэ на 4 трыльёны рублёў прадукцыі, якая не рэалізуецца, а папоўніла складзкія запасы. Таксама ўзрасла запазычанасьць суб’ектаў гаспадараньня.

Гэта сьведчыць пра тое, што прынцыпова ў нас у 2015 годзе нічога не зьмянілася. Усё тая ж інэрцыя, ніякіх прынцыповых зьменаў няма. Як няма і адэкватнай рэакцыі на выклікі з боку Расеі.

Твары і на чале ўраду, і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, і ў Нацыянальным банку — новыя. Але, на жаль, якаснага прарыву ў эканамічнай палітыцы мы ня бачым».

Паводле статыстыкі, найгорш сёлета працуе эканоміка Менску. Тут ВУП параўнальна зь мінулым годам складае 96,9%. Але Аляксандар Лукашэнка ў лістападзе 2014 году, калі прызначаў новага старшыню сталічнага гарвыканкаму Андрэя Шораца, зьвязваў зь ім і прарыў у эканоміцы.

«Марнымі спадзяваньнямі» называе гэтыя надзеі Яраслаў Раманчук:

Гэта ж не яго прадпрыемствы. Ён там не мэнэджэр, не дырэктар. Шорац ня можа зрабіць у Менску іншы параўнальна з усёй краінай інвэстыцыйны клімат.

«Гэта ж не яго прадпрыемствы. Ён там не мэнэджэр, не дырэктар. Шорац ня можа зрабіць у Менску іншы параўнальна з усёй краінай інвэстыцыйны клімат. Калі ўрад нічога ня робіць, каб прыблізіць сьвятло ў канцы тунэлю, то што казаць пра ніжэйшы ровень. Тунэль такі даўгі-даўгі. Мы ўсё ідзем-ідзем. А сьвятло ад нас усё далей і далей. Гэта якраз тое, што мы бачым з парцы ўраду за пешыя два месяцы».

Нацыянальны статыстычны камітэт называе яшчэ адну важную лічбу — Індэкс-дэфлятар за студзень 2015 адносна да цэнаў студзеня 2014 году склаў 118,6%«.

«Дэфлятар — такі агрэгатны паказьнік, які сьведчыць пра дынаміку ўсіх цэнаў — адзначае эканаміст Раманчук. — Ён ахоплівае ня толькі спажывецкі рынак, але і працу вытворцаў, рынак паслуг і г. д. Гэта той індыкатар, які выкарыстоўваюць, напрыклад, для таго, каб пералічыць намінальны ВУП у рэальны. І пабачыць — ВУП павялічыўся ці зьнізіўся.

Дэфлятар адлюстроўвае рост цэнаў ва ўсёй эканоміцы. І чым ён большы, тым горш справы. Гэта як інфляцыя. І новы паказьнік сьведчыць пра вельмі нездаровую сытуацыю ў беларускай эканоміцы».

XS
SM
MD
LG