Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не разумею тых, хто «прынцыпова не сьвяткуе» 23 лютага або 8 сакавіка, якія ў народзе даўно страцілі свой першапачатковы ідэалягічны сэнс і адзначаюцца проста як Дзень мужчын і Дзень жанчын.

Ахвочым «выкараніць» гэтыя радасныя дні, калі хлопчыкі і дзяўчаткі абменьваюцца падарункамі, з народнага жыцьця, варта было б заняцца не адмаўленьнем, а пошукам і раскруткай альтэрнатывы. Прычым, праблема мне бачыцца не ў «савецкасьці» згаданых дзён, а ў тым, што Дзень мужчын мае для людзей выразную мілітарную афарбоўку. Гэта прынамсі не сучасна, а ў захаднейшай ад нас Эўропе і не актуальна. Там ужо і дзіцячыя цацкі мілітарнай тэматыкі забароненыя. Чаго ня скажаш пра беларускія цацачныя крамы, поўныя танкаў, аўтаматаў і салдацікаў чамусьці выключна з расейскай сымболікай. ​

Перастаць асацыяваць вобраз мужчыны з вобразам салдата – значыць далучыцца да трэнду найбольш разьвітых краінаў сьвету. У войску, як ні круці, служыць мноства жанчын. Зь іншага боку салдат, як ні круці, – забойца. І калі цывілізаваны сьвет рухаецца ў бок цярпімасьці і зьмякчэньня нораваў, гераізаваць і рамантызаваць вайну сапраўды недарэчна. ​

Вядома, мы ўсе калісьці гулялі ў вайнушку, міжволі рыхтуючы сябе на ролю «гарматнага мяса», бо тагачасная дзяржава перамагала ў войнах колькасьцю палеглых, а не здабыцьцём вышэйшага ўзроўню жыцьця. І сёньня калі трохгадовы хлопчык, размахваючы цацачным пісталетам, крычыць такому самаму хлопчыку «Я цябе забіў!», гэта выглядае не як радасьць перамогі, а як рэпэтыцыя навінавых карцінак з Данбасу.​

Між іншым, старая беларуская традыцыя ніколі асабліва і не рамантызавала мужчыну ў амуніцыі. У нас жанілі Цярэшку, услаўлялі дзяржаўных мужоў і асьветнікаў. А галоўны герой беларускай гісторыі – Францішак Скарына – праславіўся зусім іншай, антываеннай «зброяй». Выбраць і раскруціць свой беларускі Дзень немілітарнага мужчыны – цалкам выканальная задача. І калі такі дзень прымецца і палюбіцца ў народзе, тады «23 феўраля» забудзецца само сабою.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG