Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 60 чалавек пісалі беларускую дыктоўку ў Магілёве ФОТА


Больш за шэсьцьдзесят чалавек пісалі пад дыктоўку верш Васіля Матэвушава «Пліска-вандроўніца» ў Магілёве. Ёю мясцовыя рупліўцы беларускай мовы адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Праходзіла імпрэза ў Палацы культуры вобласьці.

«Сёлета дыктоўку мы будзем пісаць паводле твору нашага земляка, таленавітага паэта, які, да жалю, забыты на Магілёўшчыне Васіля Матэвушава. Яму сёлета спаўняецца сто гадоў», казаў на пачатку імпрэзы старшыня суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў.

«На дзяржаўным узроўні беларускую мову не падтрымліваюць, а на дыктоўку зьбіраюцца людзі, якія клапоцяцца пра яе, — выказаўся адзін з маладых удзельнікаў імпрэзы. — Гэта сымбалічнае мерапрыемства, якое заклікае беларусаў задумацца пра лёс роднай мовы».

Дыктоўку ў Магілёве праводзяць у сёмы раз. Традыцыйна для яе выбіраюць творы мясцовых літаратараў альбо творы, у якіх згадваецца Магілёўшчына. У мінулыя гады такімі творамі былі Багдановічаў «Летапісец», «Магіла Льва» Янкі Купалы. Летась пісалі пад дыктоўку адну з «Нататак салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы», Максіма Гарэцкага.

«Я ўдзельнічала ўва ўсіх дыктоўках, бо беларуская мова гэта маё жыцьцё, — патлумачыла свой удзел у дыктоўцы спадарыня сталага веку Раіса Мікалаеўна. — Я стараюся хоць гэтым удзельнічаць у адраджэньні мовы. Хачу падаць прыклад тым, хто, відаць, баіцца прыйсьці на дыктоўку. Я прыводзіла на яе і расейцаў, і яны яе пісалі. Заставаліся задаволеныя сваім удзелам».

XS
SM
MD
LG