Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зноў заявіла прэтэнзіі да якасьці беларускай прадукцыі

  • БелаПАН

«Вэтэрынарная служба Рэспублікі Беларусь не ў належнай меры выконвае дадзеныя раней гарантыі выкананьня норм і патрабаваньняў Мытнага саюзу пры вытворчасьці жывёлагадоўчай прадукцыі», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце Рассельгаснагляда.

У якасьці прыкладу прыводзіцца берасьцейскае ЗП «Інка-Фуд», у прадукцыі якога, паводле зьвестак расейскага ведамства, «выяўленыя антыбіётыкі тэтрацыклінавай групы». «Існы падыход не дазваляе забясьпечыць дакладнага выкананьня вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў пры вытворчасьці прадукцыі, прызначанай для паставак на тэрыторыю Расеі», — адзначае Рассельгаснагляд.

Нагляднае ведамства паведамляе, што ў 2014 годзе пры правядзеньні маніторынгавых дасьледаваньняў мясапрадукцыі вытворчасьці «Інка-Фуд» было выяўлена пяць выпадкаў парушэньняў, у тым ліку па антыбіётыках тэтрацыклінавай групы. Акрамя таго, праведзеная ў сьнежні расейскімі спэцыялістамі інспэкцыя гэтага прадпрыемства выявіла шэраг парушэньняў вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў і нормаў Мытнага саюзу.

«Таксама адзначаны недастатковы кантроль з боку дзяржвэтслужбы Рэспублікі Беларусь і адпаведнай службы прадпрыемства за станам вытворчых памяшканьняў і арганізацыяй вытворчых працэсаў», — паведамляе Рассельгаснагляд.

«Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь праінфармавала Рассельгаснагляд аб правядзеньні карэктуючых мер у дачыненьні да згаданага прадпрыемства, аднак чарговае выяўленьне антыбіётыкаў у прадукцыі ІП „Інка-Фуд“ у 2015 годзе сьведчыць пра недастатковасьць распачатых захадаў і нізкую эфэктыўнасьць вытворчага і дзяржаўнага вэтэрынарнага кантролю», — гаворыцца ў паведамленьні.

У сувязі з гэтым Рассельгаснагляд «вымушаны зьвярнуцца ў Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь [з патрабаваньнем] пра неабходнасьць прыняцьця строгіх мер у дачыненьні да гэтага прадпрыемства, якое знаходзіцца ў рэжыме ўзмоцненага лябараторнага кантролю, уведзенага раней Дзяржвэтслужбай Рэспублікі Беларусь».

Рассельгаснагляд таксама лічыць, што дзяржаўныя вэтэрынарныя службы краін ЭАЭС «павінны распачаць больш сур’ёзныя захады да прадпрыемстваў, якія неаднаразова парушаюць устаноўленыя патрабаваньні і нормы». Адным іх эфэктыўных спосабаў такога кантролю можа стаць прыпыненьне паставак прадукцыі прадпрыемства на тэрыторыю іншай краіны супольнасьці тэрмінам ад трох месяцаў, лічыць расейскае ведамства.

У гэтым ключы расейскі бок лічыць неабходным пры чарговай сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных вэтэрынарных службаў краін ЭАЭС «абмеркаваць пытаньне актуалізацыі сьпісаў прадпрыемстваў» Мытнага саюзу, якія пастаўляюць прадукцыю ў іншыя краіны — сябры МС.

Забарона на пастаўкі ў Расею прадукцыі дзевяці беларускіх мясакамбінатаў была ўведзеная Рассельгаснаглядам восеньню 2014 года. 5 лютага абмежаваньні для сямі прадпрыемстваў былі зьнятыя. Кожная партыя прадукцыі гэтых прадпрыемстваў павінна суправаджацца поўным пакетам дакумэнтаў пра лябараторныя выпрабаваньні на прадмет бясьпекі.

Пасьля зьняцьця абмежаваньняў Рассельгаснагляд заявіў, што абавязковай умовай для аднаўленьня беларускімі прадпрыемствамі экспарту ў Расею зьяўляецца «ліквідацыя парушэньняў, выяўленых падчас інспэкцыі, і лябараторны кантроль кожнай партыі прадукцыі (на працягу трох месяцаў з даты адмены часовых абмежаваньняў) на адпаведнасьць вэтэрынарна-санітарным патрабаваньням бясьпекі Эўразійскага эканамічнага саюзу: па мікрабіялягічных паказьніках бясьпекі і ўтрыманьні рэшткаў забароненых і шкодных рэчываў».

XS
SM
MD
LG