Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Сьвяце беларускай мовы танчылі, сьпявалі, дыскутавалі і пісалі артыкулы ў Вікіпэдыю ФОТА


Пасьля пасьпяховых Дзён вышыванкі «Арт сядзіба» узялася раскручваць Сьвята мовы. На сьвяце можна было навучыцца танчыць беларускія танцы і напісаць дыктоўку па-беларуску.​

«Сьвята роднай мовы» прайшло 22 лютага ў менскім бізнэс-клюбе Imaguru. Мерапрыемства пачалося ў 14.00. Яно прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які быў заснаваны ЮНЭСКА і традыцыйна адзначаецца 21 лютага.

У гэтым годзе ў фармаце культурна-адукацыйнага сьвята было вырашана аб’яднаць беларускамоўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, бізнэс-праекты, а таксама вытворцаў сувэніраў і паштовак, цікавых музыкаў і іншых творчых працаўнікоў.

Глядзець жывы рэпартаж можна тут.

На адной пляцоўцы сваю прадукцыю, зьвязаную з нацыянальнай тэматыкай, прадставілі Менскі гадзіньнікавы завод, які выпусьціў лінейку гадзін «Спадчына» («Спадчына»), і вытворца ніжняй бялізны з арнамэнтам Bializna.by. Тут жа прайшла прэзэнтацыя новай настольнай гульні «Казачнік» («Казачнік») і кампутарнай гульні «Легенды Эйзэнвальда», майстар-клясы па кулінарыі, выступ КВЗ, а таксама літаратурна-музычная праграма, падчас якой выступілі пісьменьнікі і літаратары ды беларускія барды. Для маленькіх наведнікаў сьвята была створана дзіцячая зона.

На музычна-забаўляльнай пляцоўцы працавала выстава плякатаў Уладзіміра Крукоўскага. Адбыліся лекцыі і практычныя заняткі па народных танцах Беларусі, прайшлі прэзэнтацыі выданьняў ТБМ і Цэнтру славянскіх моў і культур, моўных курсаў «Моваведа». Вечарам на гэтай пляцоўцы маюць выступіць гурты Vuraj, Yamaya, «Крама», «Рэспубліка Паліна».

У адукацыйнай зоне госьці маглі наведаць майстар-клясы ад ініцыятывы Falanster па працы з энцыкляпэдычнай сыстэмай Wikipedia, дзе спэцыялісты расказалі пра тое, як можна ўдасканальваць беларускамоўны сэгмэнт гэтай свабоднай энцыкляпэдыі. Прадстаўнікі каманды infarmatyka.org прачыталі лекцыю пра тое, як праводзіць навуковую дзейнасьць у галіне матэматыкі на беларускай мове. Тут жа ахвотныя змаглі далучыцца да напісаньня VIII Усебеларускай дыктоўкі, сустрэцца з мовазнаўцам, былым дыпляматам Пятром Садоўскім, наведаць майстар-клясы Натальлі Гамаюнавай і Валянціны Сьлюнчанкі па вырабе паштовак-выцінанак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG