Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злавесная прысутнасьць. Незвычайная выстава захопленай расейскай тэхнікі ў Кіеве ФОТА


Экспанаты выставы, што адкрылася ў Кіеве, пацьвярджаюць удзел Расеі ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны

21 лютага на Міхайлаўскай плошчы ў цэнтры ўкраінскай сталіцы па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнкі адкрылася выстава пад назовам «Прысутнасьць». Экспанаты для яе сабралі Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Служба бясьпекі, Нацыянальная гвардыя, Дзяржаўная памежная служба і Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях.

Выстава яскрава дэманструе маштабную падтрымку Расеяй баевікоў і непасрэдны ўдзел расейскай арміі ў канфлікце ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Арганізатары пастараліся паказаць усю карціну гібрыднай вайны — ад інфармацыйнага складніку да выканаўцаў і непасрэдна ўзбраеньня і наступстваў.

«Сабраныя тут трафэйныя экспанаты пацьвярджаюць, што мы маем справу ня толькі з жорсткім, але і з вельмі падступным і хлусьлівым агрэсарам, які распавядае на ўсіх узроўнях, выкарыстоўваючы магутныя сродкі прапаганды, што яны не ваююць супраць Украіны. Але тут вы бачыце зброю і бронетэхніку, якая была захоплена нашымі вайскоўцамі ў Данбасе», — заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў, які адкрыў выставу.

З расейскіх артылерыйскіх комплексаў былі забітыя пасажыры рэйсавага аўтобуса пад Валнавахай, жыхары Марыюпалю і Краматорску. Пры гэтым расейскія акупанты пры абстрэлах населеных пунктаў Данбасу выкарыстоўваюць забароненыя Жэнэўскай канвэнцыяй касэтныя боепрыпасы. На Міхайлаўскую плошчу прывезьлі некалькі ракет комплексу «Сьмерч» з Краматорску, якія не разарваліся, а заселі ў асфальце.​

Артылерыйскі ўдар па жылых кварталах цэнтральнай часткі Краматорску быў нанесены 10 лютага, напярэдадні менскіх перамоваў па Данбасе. Ахвярамі расейскага «Сьмерчу» тады сталі ня менш за 16 чалавек. Побач з фрагмэнтамі сучаснай расейскай сыстэмы залпавага агню стаяць абгарэлыя ў выніку трапленьня «Градаў» аўтамабілі жыхароў Марыюпалю. Як падкрэсьліваюць украінскія ўлады, усё гэта — доказ злачынстваў расейскіх кіраўнікоў, у прыватнасьці, прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, які будзе адказваць за гэта ў Гаагскім трыбунале.

Па словах камандзіра батальёну «Сьвіцязь» Аляксандра Фацэвіча, ёсьць дакумэнтальныя пацьверджаньні таго, што і танк Т-72, і баявая машына дэсанту БМД-2, і часткі сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», што дэманструюцца на выставе, былі прывезеныя на Данбас з канкрэтных расейскіх вайсковых частак, і кіравалі імі не сэпаратысты, а вайскоўцы рэгулярнай расейскай арміі. У прыватнасьці, БМД-2, якая была захоплена ў жніўні 2014 пад Луганскам, мае страявы нумар 234, згодна са знойдзеным дакумэнтам, належыць в/ч 74268 (76-я дэсантна-штурмавая дывізія ВС РФ, г. Пскоў).

На выставе дэманструюцца і захопленыя ўкраінскімі вайскоўцамі падчас апэрацыі ў Дэбальцаве гранатамёты, датаваныя 2014 годам, якія не вырабляюцца на тэрыторыі Ўкраіны. Яшчэ адным доказам расейскай агрэсіі зьяўляюцца бесьпілётнікі, якія вырабляюцца толькі на тэрыторыі РФ (адзін з прадстаўленых БПЛА «Гранат-Ч» трапіў у рукі ўкраінскіх вайскоўцаў у лістападзе 2014 у раёне горада Шчасьце Луганскай вобласьці).

Выстава будзе працаваць на Міхайлаўскай плошчы Кіева да 28 лютага. Пасьля гэтага частку яе экспанатаў перададуць Музэю Вялікай Айчыннай вайны, а яшчэ адна частка — рэчавыя доказы ў адкрытых крымінальных справах — будзе вернутая сьледзтву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG