Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбываецца Сьвята роднай мовы ФОТА, ВІДЭА


Наручныя гадзіньнікі з арнамэнтам, вышымайкі, моўныя шоў. Якія яшчэ цікавосткі можна было пабачыць на Сьвяце роднай мовы ў Менску?

«Сьвята роднай мовы» праходзіць 22 лютага ў менскім бізнэс-клюбе Imaguru. Мерапрыемства пачалося ў 14.00, яно прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які быў заснаваны ЮНЭСКА і традыцыйна адзначаецца 21 лютага.

У гэтым годзе ў фармаце культурна-адукацыйнага сьвята было вырашана аб’яднаць беларускамоўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, бізнэс-праекты, а таксама вытворцаў сувэніраў і паштовак, цікавых музыкаў і іншых творчых працаўнікоў.

Глядзець жывую трансьляцыю тут:

На першай пляцоўцы сваю прадукцыю, зьвязаную з нацыянальнай тэматыкай, прадстаўляюць Менскі гадзіньнікавы завод, які выпусьціў лінейку гадзін «Спадчына» («Спадчына»), і вытворца ніжняй бялізны з арнамэнтам Bializna.by. Тут жа праходзіць прэзэнтацыя новай настольнай гульні «Казачнік» («Казачнік») і кампутарнай гульні «Легенды Эйзэнвальда», майстар-клясы па кулінарыі, выступ КВЗ, а таксама літаратурна-музычная праграма, падчас якой выступяць пісьменьнікі і літаратары Уладзімір Арлоў, Віктар Марціновіч, Алесь Плотка, Зьміцер Вішнёў, беларускія барды. Для маленькіх наведнікаў сьвята прадугледжана дзіцячая зона.

На музычна-забаўляльнай пляцоўцы працуе выстава плякатаў Уладзіміра Крукоўскага. Адбудуцца лекцыя і практычныя заняткі па народных танцах Беларусі. Тут жа пройдуць прэзэнтацыі выданьняў ТБМ і Цэнтру славянскіх моў і культур, заплянавана праграма моўных курсаў «Моваведа». Бліжэй да вечара на гэтай пляцоўцы выступяць гурты Vuraj, Yamaya, «Крама», «Рэспубліка Паліна».

У адукацыйнай зоне госьці могуць наведаць майстар-клясы па працы з энцыкляпэдычнай сыстэмай Wikipedia, дзе спэцыялісты раскажуць пра тое, як можна ўдасканальваць беларускамоўны сэгмэнт гэтай свабоднай энцыкляпэдыі. Прадстаўнікі каманды infarmatyka.org прачытаюць лекцыю пра тое, як паводзіць навуковую дзейнасьць у галіне матэматыкі на беларускай мове. Тут жа ахвотныя змогуць далучыцца да напісаньня VIII Усебеларускай дыктоўкі, сустрэцца з мовазнаўцам, былым дыпляматам Пятром Садоўскім, наведаць майстар-клясы Натальлі Гамаюнава і Валянціны Сьлюнчэнкі па вырабе паштовак-выцінанак.

Пазнаёміцца з праграмай можна ніжэй у гэтай публікацыі.

Сачыце за Сьвятам у Твітары ды Інстаграме па хэштэгу #нашамова

Праграма «Сьвята Роднай Мовы»

1. Прэзэнтацыйна-гандлёвая зона (1 паверх, хол)

Увесь дзень:

— кнігі, падарункі, сувэніры, пачастункі ды паштоўкі ад беларускіх рамесьнікаў, арганізацый і вытворцаў:

Symbal.by, Prastora.by, Etno Manufaktura, V-ART-@, Liatris, Veterica Craft, Беларускія капкейкі, Tutpletut.com, Ганчарная майстэрня, Revival Crafts Studio, Таварыства беларускай мовы, выдавецтвы «Логвінаў», «Паперус», «Галіяфы» ды іншых;

— забавы ад анімацыйнай каманды «Вясёлы Шляхцюк» (вядучы Васіль Грыбоўскі і дудар);
— літаратурна-музычныя выступы з прэзэнтацыямі ўласных кнігаў ад пісьменнікаў.

Па часе:

14.00 – 14.10 — урачыстае адкрыцьцё «Сьвята Роднай Мовы»;
14.10 - 14.50 — прадстаўленьне ўдзельнікаў Сьвята, тавараў і вырабаў, прэзэнтаваных у гандлёвай зоне;
14.40 – 14.50 — прэзэнтацыя новай беларускамоўнай настольнай гульні «Казачнік»;
14.50 – 15.00 — кампанія «Прастора Бай» прадставіць новы брэнд адзеньня Bializna.by са сьлёганам «Апранахі са значэньнем!».

15.00 – 17.00 — Дзіцячая праграма:

— выступ тэатру-студыі «Зялёны Яблык» з пастаноўкай «Мой сябра Анёлак» паводле Арцёма Кавалеўскага і Зьмітра Вайцюшкевіча і пастаноўкай «Явар і каліна» паводле Ўладзіміра Караткевіча;
— Леанід Дранько-Майсюк зь «Вершамі пра Хомку» і вершамі з кнігі «Цацачная крама»;
— батлейка «Мама Му» ад Сьвятланы Бень;
— літаратурна-музычная праграма ад Аксаны Спрынчан, Яраша Малішэўскага і іхняй дачкі Альжбэты;
— Алена Масла запросіць у сьвет беларускай казкі;
— Серж Мінскевіч зь дзіцячымі песьнямі і казкамі.

17.00 – 17.10 — пекар Кастусь Ларкоў з Верхнядзвінску пачастуе смачнымі пірагамі, якія адмыслова прыгатуе і прывязе на Свята, ды правядзе майстар-клас па ўпрыгожванні пірагоў;

17.10 – 17.30 — выступ беларускамоўнай каманды КВЗ з БДЭУ «Сыны Маркса».

17.30 – 21.00 — літаратурная-музычная праграма:

— прэзэнтацыя выданьняў Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь» і «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» з магчымасьцю атрымаць аўтограф;
— выступ Віктара Марціновіча, аўтограф-сэсія і міні-аўкцыён з апошніх асобнікаў раману «Мова», магчымасьць зрабіць сэлфі з аўтарам;
— прэзэнтацыя кнігі Алеся Плоткі «Байсан» і сымбалю «Vieršnica»;
— выступ Зьмітра Вішнёва;
— выступы бардаў Зьмітра Бартосіка, Тацьцяны Матафонавай, Эдуарда Акуліна, Сержа Мінскевіча, Уладзіміра Дрындрожыка, Зьмітра Захарэвіча ды іншых.

2. Музычна-забаўляльная зона (2 паверх, хол)

Увесь дзень:

— выстава плякатаў Уладзіміра Крукоўскага на моўную тэматыку;
— беларуская музыка, забавы і конкурсы.

Па часе:

14.10 – 14.30 — прэзэнтацыя выставы плякатаў Уладзіміра Крукоўскага;
14.30 – 15.00 — лекцыя Насты Кухарэнкі «Гістарычны агляд народных танцаў беларусаў»;
15.00 – 16.00 — занятак для пачаткоўцаў па беларускіх народных танцах ад Насты Кухарэнкі і Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Парад моўных курсаў і ініцыятыў:

16.00 – 16.30 — праграма ад літаратурна-мастацкага праекту «Litara-A»,
16.30 – 16.50 — беларускамоўны стэндап ад Юрася Кірдуна;
16.50 – 17.10 — прэзэнтацыя праектаў і выданьняў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны;
17.10 – 18.00 — праграма ад моўных курсаў «Моваведа»;
18.00 – 18.10 — прэзэнтацыя ад Цэнтру славянскіх моў і культур курсаў беларускай мовы для дзяцей і кнігі «Урокі-крокі для беларусікаў»;
18.10 – 18.30 — Агучка-шоў ад Алеся Сьнега.

Музычная праграма:

18.30 - 19.00 — Сьпеўны сход з Сяргеем Доўгушам;
19.00 – 19.30 — гурт «Vuraj» прадставіць новы праект «Harmonic Style» — лепшыя народныя гіты з двух рэгіёнаў Беларусі – Палесься і Поўначы;
19.30 - 20.00 — гурт «YAMAYA»;
20.00 – 20.30 — гурт «Крама»;
20.30 – 21.00 — супольны праект лідара гурта «Порт Моне» Аляксея Варсобы і Ірэны Катвіцкай «Варсоба&Катвіцкая»;
21.00 – 22.00 — Паліна Рэспубліка.

3. Адукацыйная зона (2 паверх, канфэрэнц-заля «Nordic»)

Па часе:

14.10 – 15.00 — майстар-кляса ад Натальлі Гамаюнавай і Валянціны Сьлюнчанкі па вырабе паштовак-выцінанак.

15.00 – 16.00 — праграма ад Falanster.by: прэзэнтацыя «Як Вікіпэдыя можа палепшыць беларускую мову», майстар-кляса па дадаваньню артыкулу ў Вікіпэдыю з падрабязнымі тлумачэньнямі.

16.00 – 17.00 — праграма ад Infarmatyka.org. Тэматыка выступаў: Навуковая дзейнасьць і вышэйшая асьвета на беларускай мове ў матэматыцы. Разьвіцьцё беларускамоўнай кібэрнэтычнай навукі на сусьветным узроўні. Асьветніцкая праграма ўнівэрсытэцкай адукацыі ГА Інстытуту матэматыкі і кібэрнэтыкі і Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага ўнівэрсытэту (Украіна). Гісторыя ГА Інстытуту матэматыкі і кібэрнэтыкі, яго навуковая дзейнасьць.

17.10 – 18.00 — VІІІ Усебеларуская дыктоўка з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ад Таварыства беларускай мовы.

18.00 – 21.00 — Моўныя сустрэчы зь Вінцуком Вячоркам і Пётрам Садоўскім.

4. Гульнявая зона (2 паверх, калідор)

Увесь дзень:

— прэзэнтацыя новай беларускамоўнай настольнай гульні «Казачнік»;
— асобную гульнявую зону зь беларускамоўнымі настолкамі цягам усяго Сьвята арганізуе моладзевая супольнасьць «Знайдзі Сваіх!»

5. Фота-відэа зона ў студыі «Форвард» (2 паверх, фота-відэа студыя)

Увесь дзень:

— фатаграфаваньне ў спэцыяльна створаным інтэр’еры ў межах акцыі «Віншуем па-беларуску» і публікуем свае фоткі пад хэштэгам #нашамова;
— чытаем свае ўлюбёныя беларускія вершы на камэру для літаратурна-мастацкага праекту «Litara-A».

Афіцыйны хэштэг сьвята — #нашамова.

Яго прапануецца пазначаць у сацыяльных сетках разам з фотаздымкамі і паведамленьнямі датычнымі беларускай мовы і «Сьвята Роднай Мовы».

Праграма Cьвята не канчатковая — будзе ўдакладняцца і дапаўняцца ў гэтай публікацыі. Сачыць за апошнімі навінамі можна таксама ў падзеях у «Укантакце» і ў Фэйсбуку.

Арганізатары прапануюць далучацца таксама да тыднёвай акцыі #нашамова, якую «Арт Сядзіба» прымеркавала да «Cьвята Роднай мовы» і Міжнароднага дня роднай мовы.

З 14 па 22 лютага кожны ахвотны можа прыйсьці ў «Арт Сядзібу» (Менск, пр-т Незалежнасьці, д. 58, 4 паверх, оф. 430) з 10.00 да 20.00 і ўзяць сабе паштоўку.

Атрымаўшы паштоўку, трэба зрабіць фотаздымак зь ёю і з хэштэгам акцыі #нашамова ды разьмясьціць яго ў сваіх сацыяльных сетках.

Таксама прапануецца далучацца да літаратурнага флэшмобу #нашамова. Ідэя заключаецца ў тым, каб запоўніць сацыяльныя сеткі творамі беларускіх літаратараў. Прапануецца разьмяшчаць на сваіх старонках любімыя беларускамоўныя вершы ці цытаты з фотаздымкамі аўтара і хэштэгам #нашамова, як гэта ўжо робяць іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG