Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпэрскі сьцяг Расеі ізноў на вуліцах Менску


Фільм тэлеканалу АНТ пра Першую сусьветную ў Беларусі рэкляюмуюць рэканструктары зь імпэрскімі сьцягамі.

Фільм тэлеканалу АНТ пра Першую сусьветную ў Беларусі рэкляюмуюць рэканструктары з імпэрскімі сьцягамі.

Адна зь першых прэзэнтацый дакумэнтальнага праекту «Першая сусьветная» адбылася ў Доме Масквы. Пасьля фільм паказалі ў кінатэатры «Перамога». Гледачоў віталі рэканструктары ў форме царскага войска з імпэрскім сьцягамі Расеі. Зь імі ахвотна фатаграфаваліся ўсе ахвотныя.

На пытаньне журналістаў, якія выпадкова апынуліся каля кінатэтатру, навошта тут імпэрскі сьцяг, рэканструктары з клюбу «Гонар мундзіра» адказвалі: «Гэта імпэрскі расейскі сьцяг. Людзі нармальна ставяцца. Гэта нашая гісторыя».

На фота ўдзельнікі прэзэнтацыі ў форме 4-га кавалерыйскага ўланскага палку, 160-га абхазскага пешага палку і жаночага батальёну Бачкаровай.

Фільм «Першая сусьветная» зроблены здымачнай групай тэлеканалу АНТ і распавядае пра 10 герояў-беларусаў і выходзіў на тэлеканале ў 10 частках. Паведамляецца, што здымачная група працавала ў 12 краінах і 40 гарадах. ​

Гісторык Ігар Мельнікаў адзначае фільм АНТ як справу, безумоўна, карысную для Беларусі.

Ігар Мельнікаў: «Аўтары спрабавалі зрабіць фільм беларусацэнтрычным, ў цэнтры ўвагі — Беларусь і беларусы. Ці пілёт ці пасажыр лайнэра „Луізітанія“, які трапіў у катастрофуу, калі немцы атакавалі гэты карабель. Ці „атака мерцьвякоў“ у крэпасьці Асавец і беларус з паходжаньня, жаўнер расейскай імпэратарскай арміі, які ўдзельнічаў у гэтай бітве».

Мельнікаў быў запрошаны на прэм’еру фільма, якая была зладжаная ў Доме Масквы. І там, кажа гісторык, там спрабавалі зрабіць акцэнт на «беларускасьць».

«Гучалі песьні на беларускай мове. Той самы лідар J-Mors Уладзімер Пугач сьпяваў па-беларуску. Былі вершы беларускіх паэтаў таго часу. Сярод гасьцей я заўважыў шмат ідэолягаў заходнерусізму беларускага. Яны спрабуюць выкарыстаць падзеі Першай сусьветнай на карысьць сучасных палітычных рэаліяў, паказаць, што тут адзіны „рускі сьвет“ тады і зараз. Але гэтая думка павінная застацца думкай маргіналаў. А беларускім інтэлектуалам, грамадзтву, трэба разумець, што прыйшла гадавіна падзеяў Першай сусьветнай на тэрыторі Беларусі і трэба яе памятаць».

Галоўнае, пра што варта казаць, у кантэксьце Першай сусьветнай вайны, гэта тое, што для беларускай зямлі гэта была вялікая трагедыя, — сьцьвярджае Мельнікаў.

«Менавіта ў 1915 годзе Беларусь была разрэзаная на дзьве часткі расейска-нямецкім фронтам. І гэтая лінія нямецкіх акопаў шмат у чым паўтарае і будзе паўтараць падзел Беларусі падчас Рыскай мірнай дамовы 1921 году».

Ігар Мельнікаў прыводзіць у прыклад сытуацыю з ушанаваньнем памяці ахвяраў Першай сусьветнай у Польшчы. Кажа, што польскія рэканструктары і гісторыкі грошай ад расейскай амбасады не атрымліваюць, а шукаюць ва ўзнаўленьні тых падзеў польскую лінію і паказваюць, што былі сытуацыі, калі палякі ваявалі і па той, і па іншы бок, і з розных акопаў гучалі адны і тыя ж польскія песьні. «Палякі разумеюць, што гэта частка польскай гісторыі, — кажа Мельнікаў. — І нам трэба зразумець, што Першая сусьветная — гэта беларуская гісторыя».

Ігар Мельнікаў папярэджвае, што цяпер, на жаль, некаторыя афіцыйныя колы ў Расеі спрабуюць выкарыстаць кантэкст Першай сусьветнай як «палітычны жупел».

«Але ў Беларусі варта паказваць аб’ектыўна гэтыя падзеі, — настойвае гісторык, — што для нашай зямлі гэта было вялікае выпрабаваньне і трагедыя. Як зьявіліся ўцекачы? А шмат чаго паказвае, што менавіта расейскае кіраўніцтва выкарыстоўвала тактыку выпаленай зямлі. Беларусаў гвалтоўна зганялі з абжытых тэрыторый, а вёскі палілі, каб тыя не засталіся немцам, кайзэрскім войскам. І пра гэта ў нас ня любяць згадваць. А гэта было. І казакі зганялі. І калі людзі ў 1918-21 гадах вярталіся ў Заходнюю Беларусь, якая была ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, іх сустракалі спаленыя дамы і нават цэрквы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG