Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дакумэнталіст правёў 30 дзён на перадавой з байцамі «Правага сэктару» ВІДЭА

  • Тэлеканал Белсат

Антон Цялежнікаў з вайскоўцамі "Правага сэктару"

Антон Цялежнікаў з вайскоўцамі "Правага сэктару"

Кінарэжысэр Антось Цялежнікаў вярнуўся з Данбасу, дзе на ўласныя вочы пабачыў, як выглядае вайна.

Дакумэнталіст Антось Цялежнікаў вярнуўся з Данбасу, дзе на ўласныя вочы пабачыў, як выглядае вайна. Апошні месяц ён правёў на перадавой у вёсцы Пескі пад Данецкам разам з украінскімі і беларускімі добраахвотнікамі «Правага сэктару». Глядзіце на тэлеканале Белсат.

— Ці ёсьць сэнс называць тое, што цяпер адбываецца на Данбасе, антытэрарыстычнай апэрацыяй? Ці гэта поўнамаштабныя вайсковыя дзеяньні?

— Я не прыгадаю антытэрарыстычных апэрацыяў, падчас якіх ужываліся б практычна ўсе віды ўзбраеньня, у тым ліку цяжкая артылерыя. Бадай што толькі авіяцыі практычна не ўжывалася. Тое, што я адчуў на ўласнай скуры, гэта поўнамаштабная вайна, дзе, важна падкрэсьліць, бяруць удзел расейскія адмыслоўцы. Я чуў перамовы па рацыі і перакананы, што там ёсьць расейцы.​

— А як ты зразумеў, што гэта расейцы?

— Я чуў выразны акцэнт і чуў, як яны карэктуюць агонь. З улікам вільготнасьці паветра, ветру ды іншых атмасфэрных чыньнікаў. А «Правы сэктар» карэктаваў — «туды 20 мэтраў, сюды 50 мэтраў». Гэта проста адчувалася: на тым баку дзейнічаюць прафэсіяналы.

— Вынік дзеяньняў гэтых прафэсіяналаў такі, што раён Данецку выглядае як пустэча...

— Прыватны сэктар у Песках — гэта зруйнаваныя дамы. Бачна, што вельмі шчыльны абстрэл быў. Практычна няма жывога месца. Калі трапляе снарад, або міна, або «Град» — аскепкі ляцяць на шмат мэтраў і разбураюць усё навокал. Гэта робіць уражаньне. Калі побач чуеш выбух снараду ад «Граду», то разьвітваесься з жыцьцём.

— Ты правёў на вайне амаль два месяцы, зь іх месяц — на перадавой з жаўнерамі-добраахвотнікамі «Правага сэктару». Чаму ты паехаў менавіта да іх?

— Гэта ўнікальнае фармаваньне, што стварылі прыхільнікі «Правага сэктару», якія вырашылі са зброяй у руках бараніць Украіну. Але ўкраінскія ўлады ня хочуць іх легалізаваць, бо «Правы сэктар» не хоча ісьці ў падпарадкаваньне ні міністэрству абароны, ні міністэрству ўнутраных справаў, бо не давярае ім.

— ... і адкрыта крытыкуе сёньняшнюю ўладу.

— Так. І зьяўляецца пагрозаю для ўладаў. Таму афіцыйна яны не атрымліваюць ні ўзбраеньня, ні дапамогі, ні статусу ўдзельнікаў АТО.

— Як яны выжываюць? Каб ваяваць, патрэбнае ўзбраеньне. Патрэбныя грошы, ежа.

— Што да зброі, яны прыяжджалі з уласнаю — хто з паляўнічай дубальтоўкаю, хто са сваёй зарэгістраванай зброяй. Цяпер яны здабылі шмат зброі ў баях, ды і войска нефармальна дапамагае. Але асноўную дапамогу аказваюць валянтэры. Гэта проста ўнікальны рух. Яны даюць усё — пачынаючы ад шкарпэтак і заканчваючы часам зброяй, прыладамі, такімі як оптыка і г. д.

— Хто гэтыя людзі, што ваююць у такіх батальёнах. Ці гэта сапраўды такія д’яблы, як малюе расейская прапаганда? Што яны займаюцца марадзёрствам...

— Гэта абсалютна не такія людзі, як пра іх кажа расейская прапаганда. Гэта розныя людзі, часта сяляне, людзі, незаангажаваныя палітычна. Яны пабачылі ў гэтай арганізацыі надзею на эфэктыўныя баявыя дзеяньні, бо «Правы сэктар» не падпарадкоўваецца ўладам, аднак дзейнічае поруч з Узброенымі сіламі Ўкраіны. Яны не кідаюць сваіх людзей, не падстаўляюць, клапоцяцца пра кожнага. Гэта ўнікальнае фармаваньне, якое ўлады разглядаюць як злачынную групоўку. Яны пасьля вайны нават могуць сесьці ў турму. Але вельмі шмат людзей ідзе ў арганізацыю, вельмі часта далёкіх ад нацыяналістычных, а тым больш ад фашыстоўскіх поглядаў.

— У гэтых батальёнах ёсьць таксама замежнікі. І ў доказ маем тваё відэа зь беларускім сьцягам на пазыцыях.

— Там ёсьць і нашыя суайчыньнікі. Увогуле, беларусаў багата і ў іншых фармаваньнях. Два сьцягі на перадавой пад Данецкам — украінскі і беларускі, гэта вельмі сымбалічна і гаворыць пра братэрства двух народаў. Галоўны герой майго фільму ўмацаваў гэты сьцяг, зазначыўшы прысутнасьць беларусаў на перадавой.

— Колькі асобаў у гэтым батальёне? Як ён дзейнічае? Ёсьць нейкі плян? Адкуль яны ведаюць, як дзейнічаць і што рабіць?

— Гэтыя людзі — часта самавукі, нават многія зь іх не былі ў войску. Яны вучацца за пару дзён рэчам, якім вучаць у войску паўтара году і нават болей. Яны ўжо маюць і цяжкае ўзбраеньне і за некалькі дзён вучацца ім карыстацца. Я быў сьведкам і пакажу вам гэта ў фільме.

— Калі мы зможам на «Белсаце» пабачыць тваю працу?

— Неўзабаве будзе рэпартаж пра добраахвотніцкі корпус «Правага сэктару», а пазьней будзе фільм пра беларуса.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG