Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Завод «Луч» вырабіў гадзіньнікі зь беларускім арнамэнтам


Лімітаваная сэрыя «Спадчына» складаецца з шасьці варыянтаў мужчынскіх гадзіньнікаў, кожная зь якіх выпушчаная па 50 адзінак.

На заводзе спадзяюцца, што выпуск прадукцыі з нацыянальнымі арнамэнтамі на гэтым ня скончыцца. Абяцаюць неўзабаве выпусьціць варыянт для жанчын.

У хуткім часе ў продаж паступяць гадзіньнікі з нацыянальнымі арнамэнтамі — калекцыя «Спадчына», падрыхтаваная ў межах праекта Hay.By і вырабленая на Менскім гадзіньнікавым заводзе «Луч».

«Да нас на завод часта зьвяртаюцца з просьбай вырабіць гадзіньнікі па індывідуальнай замове. Цікава, што кліенты ня толькі вяртаюцца, але і ствараюць уласныя студыі дызайну гадзіньнікаў. Замовай ад Hay.By мы асабліва ганарымся і спадзяемся, што справа не абмяжуецца першай замовай гадзіньнікаў з элемэнтамі нацыянальнага арнамэнту», — распавёў намесьнік дырэктара заводу «Луч» Азат Маргаран.

Hay.By прапануе таксама гадзіньнікі і з армянскімі ўзорамі — калекцыю «Маштоц». Думкі пра выраб памятных рэчаў з армянскімі сымбалямі таксама прыходзілі ў галаву ўдзельнікам Hay.By, таму было прынята рашэньне аб’яднаць высілкі.

«Калісьці я працавала на заводзе — выкладала супрацоўнікам ангельскую мову. Сама зацікавілася тэмай гадзіньнікаў, гісторыяй „Луча“. Зь сябрамі прыйшлі да ідэі замовіць сэрыю гадзіньнікаў зь беларускім арнамэнтам», — тлумачыць адна з удзельніц праекта Hay.By Вэраніка Мазуркевіч.

Вэраніка кажа, што гэта толькі на першы погляд паміж беларусамі і армянамі амаль няма агульнага. Мала хто ведае, што ткаць слуцкія паясы нашых ткачых вучыў армянскі майстра, запрошаны князямі Радзівіламі. А мэханізм гадзіньніка на вежы «Луч» быў выраблены ў Ерэване.

Для калекцый «Спадчына» і «Маштоц» былі абраныя якасныя матэрыялы — японскі мэханізм (як кварцавы, так і з аўтападзаводам), нержавеючая сталь для корпуса і натуральная скура для раменьчыка.

Прэзэнтацыя калекцыі «Спадчына» адбудзецца ў нядзелю, 22 лютага, падчас «Сьвята роднай мовы» ў бізнэс-цэнтры Imaguru. Набыць гадзіньнікі можна будзе праз сайт Hay.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG