Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва Moody’s зьнізіла крэдытны рэйтынг Расеі да спэкулятыўнага ўзроўню


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s у ноч на суботу зьнізіла сувэрэнны крэдытны рэйтынг Расеі на адну прыступку — да спэкулятыўнага​ ўзроўню «Ba1». Прагноз рэйтынгу — «нэгатыўны».

Як гаворыцца ў паведамленьні агенцтва, падставамі для рашэньня аб зьніжэньні рэйтынгу дзяржаўных аблігацый Расеі сталі крызіс ва Ўкраіне, рэзкае зьніжэньне коштаў на нафту і паслабленьне рубля, якія пагаршаюць эканамічнае становішча і сярэднетэрміновыя пэрспэктывы росту расейскай эканомікі.

«Фінансавае становішча РФ істотна зьнізіцца ў выніку бюджэтнага ціску і працягваецца скарачэньня расейскіх валютных рэзэрваў на фоне адтоку капіталу і абмежаванага доступу да міжнародных рынкаў капіталу», — адзначаюць экспэрты Moody’s.

Агенцтва зьвяртае ўвагу на ўзмацненьне рызыкі таго, што ўзброены канфлікт на Ўкраіне прымусіць расейскія ўлады «прыняць рашэньне, якое наўпрост ці ўскосна перашкодзіць своечасовым выплатам па абслугоўваньні зьнешняга доўгу». Аднак пакуль дадзеная рызыка застаецца вельмі нізкай.

Міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў ужо заявіў, што лічыць ацэнку Moody’s «ня проста занадта нэгатыўнай, але заснаванай на вельмі пэсымістычным прагнозе, які ня мае аналягаў сёньня». Ён таксама сказаў, што «пры прыняцьці рашэньня аб зьніжэньні рэйтынгу агенцтва кіравалася, перш за ўсё, фактарамі палітычнага характару».

Такім чынам, зь вялікай тройкі міжнародных рэйтынгавых агенцтваў толькі Fitch захоўвае для Расеі рэйтынг інвэстыцыйнага ўзроўню. Агенцтва Standard & Poor’s ў канцы студзеня пагоршыла ацэнку крэдытаздольнасьці Расеі па абавязальніцтвах у замежнай валюце да спэкулятыўнага ўзроўню.

XS
SM
MD
LG