Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ: Дамагчыся перамір'я на Данбасе пакуль не ўдалося


На пасяджэньні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ кіраўнік маніторынгавай місіі ва Ўкраіне Эртугрул Апакан заявіў, што назіральнікі АБСЭ пакуль ня могуць канстатаваць спыненьня агню на ўсходзе Ўкраіны.

Нават спробы ўсталяваць перамір'е ў некаторых раёнах на лініі судакрананьня – у раёне данецкага аэрапорту і Дэбальцава, не ўвянчаліся посьпехам, таму члены маніторынгавай місіі да гэтага часу не атрымалі дазволу прыехаць у Дэбальцава, каб пачаць вывучаць сытуацыю ў рамках іхняй місіі. Больш за тое, АБСЭ зафіксавала ў пятніцу, 20 лютага, абстрэлы ў раёне Данецку, Луганску, Дэбальцава, Горлаўкі, Шырокіна, Першамайскага.

Сябра трохбаковай кантактнай групы, Хайдзі Тальявіні пры гэтым заявіла, што ў яе застаюцца надзеі на тое, што сытуацыя ў Дэбальцаве ня стане заканчэньнем працэсу ўвасабленьня ў жыцьцё дамоўленасьцей, дасягнутых у Менску ў пачатку лютага. Пры гэтым яна адзначыла:

«Няма ніводнага дня, які даваў бы нам упэўненасьць у тым, што прынясе дзень заўтрашні. Больш за тое, у нас часам зьяўляецца страх, што сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны можа наагул выйсьці з-пад кантролю».

Паводле словаў Тальявіні, падчас учорашняй сустрэчы кантактнай групы абмяркоўваліся пытаньні ня толькі спыненьня агню, але і вызваленьня палонных, забесьпячэньня паставак ежы, мэдыкамэнтаў і ўсяго неабходнага для часовага прытулку тых, хто страціў дах над галавой, але пры гэтым застаўся ў зоне баявых дзеяньняў. Якіх-небудзь канкрэтных дамоўленасьцей таксама пакуль дасягнуць не ўдалося. У інтэрвію Радыё Свабода Тальявіні распавяла, што, насуперак гэтаму, спадзяецца на працяг дыялёгу.

Наладзіць дыялёг у кулюарах зімовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі спрабавалі і парлямэнтары краін-удзельніц АБСЭ. На палях сэсіі была арганізавана сустрэча прадстаўнікоў дэлегацый Расеі і Ўкраіны, Аляксея Пушкова і Артура Герасімава, на якой бакі паспрабавалі знайсьці агульныя пункты сутыкненьня. Украінская дэлегацыя характарызавала размову словамі «было вельмі цяжка».

Кіраўнік маніторынгавай місіі ва Ўкраіне Эртугрул Апакан на пасяджэньні Парлямэнцкай Асамблеі заклікаў бакі канфлікту не займацца інтэрпрэтацыяй менскіх пагадненьняў, а ўспрымаць дасягнутыя дамоўленасьці як дадзенасьць. Кіраўнік місіі АБСЭ ва Ўкраіне таксама пацьвердзіў зьвесткі, апублікаваныя раней Украінай, адносна загінулых і параненых. Каля 6 тысяч чалавек былі забітыя і больш за 15 тысяч – параненыя з пачатку канфлікту ў Данбасе. Колькасьць перамешчаных асоб дасягае аднаго мільёну чалавек, зь іх пераважная большасьць – жанчыны і дзеці. Яшчэ 600 тысяч чалавек, пакінуўшы падкантрольныя сэпаратыстам тэрыторыі, знайшлі прытулак у Беларусі, Вугоршчыне, Малдове, Польшчы і Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG